Куды звяртацца інвалідам па дапамогу

Источник материала:  

Фота Таццяны Сафонавай.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі бывае цяжка проста перасоўвацца па горадзе. Для вазочнікаў перашкодай становіцца кожны бардзюр, а для невідушчых немагчыма перайсці дарогу без гукавога святлафора ці даведацца, які нумар аўтобуса спыніўся.

Аднак пэўную дапамогу інваліды могуць атрымаць, калі даведаюцца, куды па яе звяртацца.

Падтрымка таварыства

Паходы ў тэатр, спартыўныя спаборніцтвы і падтрымка – вось што прапаноўвае старшыня маладзечанскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Васіль Таркан.

– Цяпер разглядаем магчымасць, каб некалькі нашых сяброў маглі працаваць на прадпрыемстве “ЭНВА”, арганізаваным Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку, – распавядае Васіль Таркан. – Прадпрыемства плануе запусціць новую лінію.

У таварыства была задума паставіць швейныя машынкі проста ў пакоі, дзе месціцца іх офіс, але пакуль яна не рэалізавалася.

Цяпер удзельнікаў маладзечанскага таварыства інвалідаў больш за 300 чалавек.

Старшыня таварыства клапоціцца аб тым, каб падапечныя мелі магчымасць бясплатна наведваць тэатр, Палац культуры, а нядаўна ахвотныя схадзілі на экскурсію ў абноўлены кінатэатр.

Паміж інвалідамі ладзяцца спартыўныя спаборніцтвы па шашках, шахматах, лёгкай атлетыцы. Пераможцы атрымліваюць грашовую падтрымку, якую забяспечвае спорткамітэт маладзечанскага райвыканкама.

Інвалід можа адкрыць бізнес

Пра некаторыя правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі распавяла юрысконсульт Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Фалевіч.

1. Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа ўладкоўвацца на працу толькі ў адпаведнасці з медыцынскім заключэннем. Можа і займацца бізнесам. Напрыклад, у маладзечанскім цэнтры дзённага знаходжання маладыя інваліды робяць розныя вырабы, але не могуць іх прадаваць. Калі яны ўсё ж хочуць атрымліваць заробак ад іх продажу, трэба зарэгістравацца ў райвыканкаме ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

2. Магчымасць працаваць на наймальніка залежыць ад медыцынскіх паказчыкаў. Інваліды трэцяй групы звычайна могуць працаваць поўны рабочы дзень, другой групы – часта могуць, прычым іх працоўны дзень можа быць скарочаным, першай групы – не могуць. Кожны выпадак трэба разглядаць асобна і арыентавацца на заключэнне доктара.

3. Інваліды першай і другой груп маюць права на першачарговае санаторна-курортнае лячэнне раз на два гады, прычым інваліды першай групы – з суправаджэннем.

4. Ільгота на лекі і праезд.

5. Інваліды маюць ільготу на аплату камунальных паслуг у залежнасці ад таго, хто з імі прапісаны.

6. Ільгота на зямельны падатак, а таксама 50% скідкі на натарыяльныя паслугі.

7. Інваліды могуць карыстацца тэрміновым сацыяльным абслугоўваннем па сацыяльных цэнах. Сацыяльныя работнікі могуць, напрыклад, памыць бялізну ці вокны.

Юрысты маладзечанскага цэнтра сацабслугоўвання могуць аказаць кансультацыю па сацыяльных пытаннях па нумары 

8(0176) 77-15-78

У панядзелак, 3 снежня, у малой зале Палаца культуры а 16 гадзіне пачнецца канцэрт, прысвечаны Дню інвалідаў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

←Кантроль за дарогай каля школы ўзмацняецца

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика