Прэтэнзіі рэальныя і... завоблачныя

Источник материала:  

Прамую тэлефонную лінію правёў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Дазваніцца змаглі 30 чалавек. Пытанні былі розныя, але большасць з іх датычыла добраўпарадкавання населеных пунктаў і дачных таварыстваў, будаўніцтва інфраструктуры у раёнах жылой забудовы, газіфікацыі вёсак.

Інфраструктура раёнаў жылой індывідуальнай забудовы — пытанне не новае, хоць даволі вострае, але вырашыць яго хутка пры ўсім жаданні, відавочна, не атрымаецца. Кожнаму заяўніку давалася падрабязнае тлумачэнне на гэты конт. Некаторыя праблемы, наадварот, вырашаліся на месцы, правільней сказаць, службовыя асобы атрымалі даручэнне паспрыяць людзям. Так, напрыклад, жыхар Маларыты дзесяцігоддзе таму быў выселены з аварыйнага жылля ў часовы барак. Новую кватэру ён увесь час рамантаваў, падтрымліваў у парадку, а цяпер атрымаў паведамленне, што і адтуль павінен выселіцца. Гэта пытанне будзе тэрмінова вывучана спецыялістамі і чалавеку прапануюць нейкія варыянты вырашэння жыллёвага пытання.

Няма падстаў сумнявацца, што маці 6-гадовай дзяўчынкі, хворай на ДЦП, атрымае пуцёўку ў санаторый, якой яна дабіваецца амаль тры гады.

Цікава, што з'яўляюцца пастаянныя абаненты прамых ліній. Так, заяўніца з вуліцы 1-й Беларускай пачала гутарку са шчырай падзякі губернатару за тое, што нарэшце на іх вуліцы праклалі вадасцёкавыя камунікацыі. Аб гэтым яна, аказваецца, прасіла падчас прамой лініі ў кастрычніку мінулага года. Ну а цяпер ад імя сваіх суседзяў просіць вуліцу прагрэйдаваць. Мэр Брэста, Аляксандр Палышанкоў, які прысутнічаў у зале, старанна занатаваў у блакноціку змест званка. Так што ёсць пэўная надзея, што дарога па названай вуліцы стане лепшай.

Быў даволі цікавы званок ад жывёлавода з Бярозаўскага раёна. Пастух-даглядчык спачатку расказаў, як летам у іх гаспадарцы рыхтаваліся да прыезду губернатара, пра які чамусьці стала вядома за два дні. Старую, непрыдатную даільную ўстаноўку схавалі тады за кустамі. А яшчэ аграрый паскардзіўся на нізкую зарплату і неабсталяваныя будкі для пастухоў. Старшыня аблвыканкама паабяцаў наведаць як-небудзь гаспадарку без усялякага папярэджання. А спецыялісты адпаведных службаў атрымалі ўказанне праверыць налічэнне зарплаты.

Званок з Драгічынскага раёна не мог не засмуціць усіх, хто чуў змест размовы, бо агаліў як сацыяльныя, так і маральныя праблемы грамадства. Даволі маладая кабета скардзілася, што райвыканкам адмовіў ёй у рамонце дома. Заўважу, дом уласны, які належыць маці заяўніцы. У доме яшчэ пражывае дачка (аўтар звароту, удава інваліда Савецкай Арміі) і яе двое дзяцей-школьнікаў. З таго адказу, які жанчына зачытала губернатару, вынікае, што дом не падлягае рамонту. У пасёлку, дзе яна жыве, не будуюць сацыяльнага ці іншага жылля. І ёй прапанавалі, мабыць, адзіны і не горшы варыянт вырашэння праблемы: уладкавацца на работу ў мясцовы СВК і атрымаць з часам домік. Зараз заяўніца працуе прыбіральшчыцай у краме. З гэтым згадзіўся і губернатар, дадаўшы, што ў гаспадарцы яна атрымае большую зарплату, чым зараз. Але па ўсім відаць, жанчына не гарыць жаданнем стаць работніцай сельгасвытворчасці. Яна доўга чаплялася за розныя адгаворкі, а потым выказала апошні аргумент, які павінен быў, з яе пункту гледжання, абяззброіць суразмоўцу:

— Дапусцім, мне дадуць дом, я вырашу сваё пытанне, а бабулю (гэта пра сваю маці. — Аўт.) — куды?

— Бабулю забераце з сабой.

На другім канцы проваду раздаліся кароткія гудкі, пакінуўшы не лепшы асадак ва ўсіх удзельнікаў "прамой лініі".

І яшчэ адзін званок, на якім лічу патрэбным засяродзіць увагу, прагучаў з Пінска. Дырэктар адной са школ і двое яе калег здавалі кандыдацкі мінімум камісіі, якая была створана ў Палескім дзяржаўным універсітэце. Працэдура такой здачы прадугледжвае папярэднюю аплату, падачу пакета дакументаў. Усё было зроблена, іспыты прайшлі паспяхова. Пазней усе атрымалі патрэбны сертыфікат, акрамя трох названых людзей. Бо іх дакументы нейкі нядбайны работнік універсітэта аддаў нясвоечасова ў работу. Цяпер жа ўдзельнікам здачы заявілі, што дакументы ім не выдадуць, бо тэрміны прайшлі. На такую валакіту рэакцыя была прадказальнай: чыноўнікі атрымалі ўказанне праверыць факты, вырашыць пытанне і падрыхтаваць прапанову аб пакаранні вінаватых.

Святлана ЯСКЕВІЧ

←Два берега для мирных переправ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика