Міка і Х'юга спяшаюцца на дапамогу!
У мінскім дэльфінарыі "Нэма", які размяшчаецца на тэрыторыі сталічнага заапарка, амаль год дзейнічае дэльфінатэрапія — напрамак, прызначаны для рэабілітацыі хворых дзяцей з цэрэбральным паралічам, сіндромам Даўна, аўтызмам. За гэты час прайсці курс незвычайнай рэабілітацыі змаглі хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Самым малым наведнікам толькі-толькі споўнілася два гады.
Падчас сеанса (а гэта каля 30 хвілін) дзеці амаль увесь час кантактуюць з дэльфінамі. Як адзначае дэльфінатэрапеўт Васіль Аўсяннікаў, дзякуючы заняткам дзеткі вучацца наладжваць стасункі, плаваць, здымаць страх перад вадой. Ды і цудоўны настрой пасля кантактаў з самымі пазітыўнымі марскімі жывёламі забяспечаны!
— Усе заняткі пабудаваны на гульні, але вельмі карыснай, — адзначае Васіль. — Дзеці, калі бачаць рэакцыі дэльфінаў, пачынаюць больш рухацца, больш размаўляць. І, безумоўна, камунікаваць больш у шырокім сэнсе. Заўважаем, што пасля заняткаў відаць істотны прагрэс, прыходзяць зусім іншыя дзеці!
Кірыл Сініца разам з бацькамі і старэйшым братам прыехаў да дэльфінаў з Гродна. Тата Віталь адзначае — дзякуючы гэтым сеансам сын стаў і адчуваць сябе лепш, і хвароба пакрыху адступае.
З лістапада па сакавік у мінскім дэльфінарыі праходзіць сезоннае зніжэнне кошту праходжання курсу дэльфінатэрапіі на 25-35%. Напрыклад, кошт у лістападзе-снежні за адзін занятак складае 720 тысяч рублёў, у студзені-лютым — 640 тысяч.
Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара.