«У Брэсце пад кожнай плітой, дзе невядомы салдат ляжыць, я бачыў дзядзьку»

Источник материала:  
ГЭТЫ артыст сыграў шмат выбітных роляў у тэатры і кіно. І сёння ён радуе сваёй творчасцю ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. «І кінастудыя мяне не забывае. У мінулым годзе выйшаў «Талаш». І зараз маскоўская група здымае добрую такую класічную меладраму. Няма там ні сэксуальных сцэн, ні міліцэйскіх пагоняў з бандытамі. Называецца «Зімовы вальс», здымаецца ў Беларусі. Я там — палкоўнік у адстаўцы. Такая даволі драматычная роля. Далей распавядаць не буду, каб захаваць інтрыгу», — кажа знакаміты госць чарговых «Суботніх сустрэч» народны артыст Беларусі Генадзь ГАРБУК.

— Генадзь Міхайлавіч, многа размоў ідзе пра здымкі стужкі «Белыя росы-2». Драматург Аляксей Дудараў, з якім я не так даўно сустракалася, казаў, што бачыць вас у галоўнай ролі.

— Гэта задумка Аляксея такая, каб усе, хто застаўся жывы з акцёраў з таго знакамітага фільма «Белыя росы», ігралі і далей свае ролі. Таму што ён іх там працягвае развіваць.

— А цэнтральная фігура кінастужкі — Андрэй Ходас.

— Так. Таму што Андрэй нібыта замясціў бацьку, старэйшыну. Вось ён і вядзе ўсю сям’ю, і кіруе ёй. У новай кінааповесці і працяг лёсу Андрэя, і яго былой жонкі. Наогул, вельмі і вельмі падабаецца сцэнарый. І я проста чакаю як манны нябеснай пачатку здымкаў. Чаго цягнуць? Чаму? Што такое? Ды вы любому рэжысеру прапануйце гэты сцэнарый!.. Ужо трэці год цягнуць. А ўсё жаляцца, што няма сцэнарыяў. Во вам — проста залатое дно. Усе, хто ведае пра сцэнарый «Белыя росы», чакаюць з нецярпеннем.

— А што наконт таго, што Аляксей Дудараў лічыць, што вы з Усеваладам Санаевым нават нечым падобныя…

— Па характары — можа быць.

— Як складваліся ў вас адносіны з Санаевым, калі здымаліся «Белыя росы»?

— Надта цесных адносін не было. Але гэты чалавек з такой добрай, адкрытай душой!.. Першая сустрэча ў нас была з рэжысёрам, тады мы і пазнаёміліся з Санаевым. І праз паўгадзіны-гадзіну склалася такое адчуванне, што мы знаёмы ўжо дзясяткі гадоў.

— А што скажаце наконт Барыса Новікава?

— Той больш складаны. У таго характар быў о-ё-ёй. Я прачытаў, колькі ён тэатраў змяніў па Маскве, і нідзе ніяк ужыцца не мог. Таму што ён такі: заўсёды рэзаў праўду-матку ў вочы. А гэта мала каму падабаецца.

— Генадзь Міхайлавіч, у фільме «Белыя росы» герой Мікалая Карачанцава пытаецца ў бацькі: «Як пражыць, каб не прытаміцца?» Што б вы адказалі?

— Трэба, каб заўсёды была праца. Любімая. Нядаўна ў нейкай тэлевізійнай перадачы я пачуў фразу Канфуцыя: знайдзіце для сябе любімую працу, і вы заўсёды будзеце без працы. Таму што не заўважыце нагрузкі, цяжкасцей. Гэта свята кожны дзень.

— У вас праца таксама любімая. Калі вы ўвогуле адпачываеце?

— Лёс артыста залежны больш за ўсё не ад сябе, а як цябе рэжысёры, як кажуць зараз, убачаць… Калі праца ёсць — гэта цудоўна. Вядома, у такім узросце, як мой, беспрацоўе вельмі-вельмі балюча пераносіцца.

— Як складваліся ў вас адносіны на здымках з героямі «Белых росаў»? Аляксей Дудараў казаў, што там была сапраўдная сям’я.

— І гэта — вялікая заслуга рэжысёра Ігара Міхайлавіча Дабралюбава. Так падабраць акцёраў, што наогул не было ніякіх канфліктаў! На здымкі збіраліся і сядзелі проста абняўшыся. І вялікая роля ў гэтым была і Мікалая Карачанцава. Ён у той час іграў у «Юноне і Авось», ужо і Парыж пастаноўкай пакарылі. А нібыта ў яго за спінай нічога гэтага не было. Такі просты, сціплы чалавек. Канешне, энергічны. Рабацяга несусветны! І фільм такі добры атрымаўся дзякуючы таксама і Мікалаю Карачанцаву.

— Генадзь Міхайлавіч, ёсць стужкі, якія выстрэльваюць, набіраюць папулярнасць, але яна хутка праходзіць. На вашу думку, чаму «Белыя росы» любяць гледачы і сёння? Чаму папулярнасць захавалася?

— Во-во-во. Іншы раз глядзіш фільмы, якія гадоў двацаць—дваццаць пяць таму пастаўленыя, і здаецца, што на вякі. Эге. Глядзіш, ужо нейкім такім павуціннем часу зацягваюцца. А «Белыя росы» не старэюць. Магу сказаць толькі адно: тут па-сапраўднаму рэалістычна паказана жыццё нармальных, здаровых людзей. І гэта, напэўна, і ёсць той ключык, які адкрывае сэрцы гледачоў.

...Я быў у санаторыі «Радон», і там якраз у планах культмасавай працы стаяў прагляд стужкі «Белыя росы». І мяне папрасілі выступіць перад фільмам, адказаць на пытанні. Я згадзіўся. Пытанняў было многа, я ўсё адбіваўся-адбіваўся, а потым кажу: «Дазвольце і мне, гледачы, запытацца ў вас. Калі ласка, падыміце руку, хто не бачыў фільма «Белыя росы»? Ні адна рука не паднялася. «І што, зноў будзеце глядзець?» — «Будзем». І ніхто не пайшоў з залы. І я тады з задавальненнем, яшчэ быў жывы Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў, прыехаў і расказаў пра тое яму. І яго гэта вельмі расчуліла.

— У мінулым годзе адзначалі 75-годдзе рэжысёра Віктара Турава. Я сустракалася з Таццянай Мархель, яна ўспамінала з цеплынёй здымкі кінастужкі «Людзі на балоце». Яе ўразілі вы, бо апраналі свой касцюм задоўга да здымкаў і ўвесь час у ім хадзілі…

— Спаў нават, адну ноч, другую, каб абжыць яго. Каб сядзела ўсё добра, як сваё. Тады здаецца, што адзенне — як уласная скура. Заўсёды так рабіў на здымках. Я не люблю, калі касцюм, як чужы, і бачыш, што толькі-толькі з куфра яго выцягнулі і палажылі: «Апранайся».

— А як там складваліся адносіны з акцёрамі?

— Таксама цудоўна. І з Юрыем Васільевічам Гарабцом, які іграў старога Глушака, і з Барысам Няўзоравым, які іграў Яўхіма, і з Леначкай Барзовай — маёй дачкой Ганнай па фільме. І з Васілём, нябожчыкам Юрам Казючыцам, былі цудоўныя адносіны.

Здымалася лёгка. Даводзілася вельмі многа пераязджаць. Мы ж здымалі і каля Пінска, і каля Смаленска, і ў Бярэзінскім запаведніку…

— І ў Крым ездзілі.

— Так. Таму што там трэба было раздзел зямлі здымаць, а гэта вясна. А тут паўсюль снег ляжаў. Праўда, там горы. Але іх нібыта туманам-дымам закрывалі.

Цудоўна было. Успамінаецца ўвесь час проста як свята. Тым больш што з Туравым працаваць было вельмі лёгка. Яго заўвагі заўсёды — проста як у дзясятку. І з аператарам Дзімам Зайцавым яны разумелі адзін аднаго.

Быў такі выпадак. У мяне раніцай рэпетыцыя ў тэатры, вечарам — спектакль. І назначана здымка. Якраз сцэна вяселля Ганны і Яўхіма. На Валоўяй гары Лепельскага раёна здымалі. Я пакуль ехаў, пераапранаўся ў машыне. На месцы тут жа мне бараду прыклеілі. Зрабілі грым. Усё стаяла на сваіх месцах — розныя асвятляльныя прыборы. Ужо мізансцэну з другімі прайшлі. Мне толькі Тураў паказаў: «Вось адсюль трэба…» Знялі тры ці чатыры дублі і прывезлі мяне к спектаклю. Усё заняло гадзіны тры. Я яшчэ цэлую гадзіну адпачываў.

— Гэта яны клапаціліся, каб вы ўсюды паспелі?

— Канешне.

— Як вы глядзелі на тое, як граў Васіля Юрый Казючыц? Вы ж таксама раней гэтую ролю выконвалі?

— У свой час гэта была першая тэлевізійная пастаноўка.

— Вы сябе з ім не параўноўвалі, не давалі нейкіх парад?

— Было, Юра пытаўся, як што зрабіць, як сцэну правесці. Справа ў тым, што мы зусім розныя акцёры. Ды і абсалютна розныя і сцэнарыі, і рэжысёры.

У першым тэлевізійным спектаклі заняты былі толькі нашы акцёры — з Тэатра юнага гледача, з Рускага і Купалаўскага тэатраў. Нават з самадзейнасці людзі. Таму там такі нацыянальны беларускі каларыт. А ў сваю стужку Тураў набраў у асноўным ленінградцаў і масквічоў на галоўныя ролі. А нашым даў толькі эпізодзікі. Ну, у мяне там была роля Чарнушкі.

Юра зрабіў тое, што мог. І зрабіў талкова. Але ж я кажу, што гэта зусім розныя мастацкія творы.

— А ці сустракаліся вы з Іванам Мележам, Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым? Вы ж здымаліся ў фільмах, якія створаны паводле іх твораў.

— З Быкавым мала было сустрэч. Знаёмыя былі. А каб пасядзелі-паразмаўлялі, падзяліліся чымсьці — такога не было. А вось з Уладзімірам Караткевічам я проста сябраваў. І ў яго дома быў не адзін раз. Калі здымаўся «Чорны замак Альшанскі», атрымалася такая гісторыя. У Караткевіча ў рамане Лапатуха гаворыць, а рэжысёр Міша Пташук прыдумаў, што ў фільме ён будзе нямы. Сказаў мне: «Усё. Забывай тэкст, яго не будзе. Трымай у галаве і ў душы». А я: «Ты што? З Караткевічам усё гэта неяк сталкуй, пагавары з ім, раскажы яму». — «Канешне. Проста я баюся ехаць да яго» (смяецца). А Караткевіч тады быў у санаторыі ў Аксакаўшчыне. Праўда, з’ездзіў Міша, прыязджае: «Усё. Дагаварыліся. Будзеш маўчаць». Потым, калі Караткевічу паказалі гатовы фільм, ён сядзеў у скверыку каля вядомага фантанчыка «Хлопчык з лебедзем», я падышоў, хоць таксама паджылкі трэсліся. Сеў на лавачку: «Ну, Сямёнавіч, што скажаш?» — «Не хвалюйся, стары, пераканаў!»

І з Іванам Мележам сустракаліся. Першы раз — калі здымалі ў тэлеспектаклі бойку за перадзел зямлі. Гляджу, сярод нашых людзей — высокі прыгожы мужчына. У светлым такім макінтошы, у бярэце. Пытаю: «А хто гэта такі?» — «Дык гэта ж Мележ!» Тады пазнаёміліся, і не адна сустрэча была. Ён і на рэпетыцыях прысутнічаў на старой тэлестудыі. Ён жа нас і вучыў палескай гаворцы, напрыклад, казаць «ето»…

Я заўважыў, што ў Мележа адна рука была карацей за другую сантыметраў на дзесяць. Гэта яго так раніла на фронце. Ён быў лагодны, гаваркі, і гумар у яго быў такі добры. Рагатун! Чалавек вельмі любіў жыццё, гэта было адразу відаць.

— І Андрэя Макаёнка вы добра ведалі?

— Вядома. Я ж усё-такі ў трох-чатырох, а то і болей, яго п’есах іграў. Чакалі Андрэя Ягоравіча на рэпетыцыях, як свята. Таму што рогат стаяў. Ён жа такі гумарны быў. І ў той жа час вельмі-вельмі сур’ёзны. Канешне, напісаць такую камедыю, як «Пагарэльцы»! Ого, з якім скрыпам яна праходзіла. І паставілі толькі таму, што Макаёнак сябраваў з Машэравым, якога Андрэй Ягоравіч запрасіў на прагляд. Чыноўнікі не прапускалі, Міністрэства культуры — ні ў якім разе! Вы што! Пра работнікаў ЦК! Ого! А Машэраў паглядзеў: «А што тут такога? Усё правільна».

— Ці былі знаёмы з Машэравым?

— На адным банкеце нават чокаліся. Адзіная такая сустрэча была. Якраз падчас юбілею нашага Купалаўскага тэатра. Ладзілі прыём у Вайсковым завулку. І Лілія Міхайлаўна Давідовіч, светлая памяць, падышла: «Генка, ідзём, чокнемся і вып’ем з Машэравым!» А ён ад стала ўжо трошкі адышоў. Мы да яго: «Пётр Міронавіч, можна?» — «З задавальненнем». Пагаварылі трошкі і разышліся. Машэраў быў, як кажуць, чалавек без мух у носе. Дэмакратычны. Без гонару. І гэта было не найграна. Гэта была яго чалавечая сутнасць.

— Ці бываеце ў Глыбачцы Ушацкага раёна, дзе нарадзіліся?

— Калі я нарадзіўся, мая вёска адносілася да Ульскага раёна, а потым перайшла да Ушач. Бываю. Чаму не? Там жа стрыечны брат жыве. Дом мой не захаваўся. Праўда, стрыечны брат на месцы старой хаты, дзе я нарадзіўся, паставіў свой дом. Там і жыве.

— Якія ўспаміны засталіся з дзяцінства пра вёску?

— Самы яркі ўспамін — калі першы раз убачыў немцаў. У лесе каля Глыбачкі стаяла наша воінская часць. Чырвонаармейцы адступалі і пакінулі штабель бутэлек з супрацьтанкавай сумессю. І мы, пацанва, вельмі хутка гэта разнюхалі. Бутэльку аб сасну ахнеш, яна як свечка ўспыхвала.

Аднойчы хлопцы ізноў пайшлі паліць гэтыя бутэлькі. Я спачатку таксама пайшоў, а потым перадумаў: «Ай, пайду дамоў!» Іду і раптам бачу: з вёскі мне насустрач па дарозе на веласіпедах едуць людзі ў чорным адзенні. І я здагадаўся: «Гэта немцы». А тут бульба расла. І я — пад жэрдку і па бульбе паўзком. І чую: аўтаматная чарга — «ттрррррр». І кулі над галавой так — «фффіііііць». Я тады ў лес запоўз, там прасядзеў доўга. І потым дамоў вярнуўся. Так першы раз убачыў немцаў... Калі пачаць расказваць, можна многа ўспомніць з ваеннага часу. А сустрэчы з партызанамі! Колькі іх у нас перабывала.

— А пасляваенная вёска помніцца?

— Мы там нядоўга затрымаліся. Пераехалі ва Ушачы, таму што бацька быў трошкі адукаваны, і яго паставілі суддзёй. З першага па дзясяты клас я ва Ушачах і вучыўся.

— Вы здымаліся ў стужцы «Брэсцкая крэпасць». Мабыць, гэта таксама было няпроста?

— Справа ў тым, што мой дзядзька вучыўся ў Ленінградскім інстытуце. Але прызвалі ў армію, і ён трапіў у Брэст, проста ў крэпасць. І там прапаў без вестак. У фільме «Брэсцкая крэпасць» у мяне роля добрая — ходзіць стары чалавек і ўспамінае. Я здымаўся з вялікім хваляваннем. Таму што ў Брэсцкай крэпасці пад кожнай плітой, дзе невядомы салдат ляжыць, бачыў дзядзьку.

— Вы часта гаворыце, што вам падабалася ездзіць з выязнымі спектаклямі ў вёскі…

— Таму што глядач там ну такі цудоўны! Мы ездзілі па калгасах. А ўлетку не маглі пачаць спектакль раней, чым дзесяць, нават адзінаццаць гадзін вечара. Таму што пакуль вяскоўцы не справяць гаспадарку, ніхто не прыйдзе. І заўсёды паўнюткі зал. І я ж разумеў, што людзі падымаюцца з усходам сонца, працуюць цэлы дзень і яшчэ сядзяць і глядзяць пастаноўку. І як глядзяць! Якімі вачыма! І падыдуць, і абдымуць, і падзякуюць.

— І я таксама кажу дзякуй за вашу творчасць і за цікавую размову! Здароўя вам і даўгалецця! Будзем з нецярпеннем чакаць здымак стужкі «Белыя росы-2»!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота БЕЛТА

←Зеро с намеком на диагноз

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика