Параненыя бярозы
У трапяткім шуме і прывабных постацях гэтых дрэў ёсць нешта вельмі блізкае, хвалюючае і зразумелае нам, беларусам
Радуе і цешыць
Чаму мы так любім бярозу? Чаму сярод іншых дрэў менавіта яна спакон вякоў жыве ў народных паданнях, легендах, так узнёсла, лірычна, душэўна апета і ўслаўлена многімі тварцамі? Возьмем лірыку любога беларускага паэта — у кожнага абавязкова ёсць пранікнёныя радкі пра бярозу, у якіх гучыць да яе шчымлівае і тонкае пачуццё любові і замілавання. Безумоўна, заслужыла такія да сябе адносіны. Па-першае, таму, што бяроза — сапраўдная прыгажуня нашай зямлі. Непаўторная ў сваім чароўным харастве і прывабнасці, яна радуе і цешыць людзей на працягу ўсяго года.
Цяжка нават сказаць, у якую пару бяроза прыгажэй. Вясною, калі апранаецца ў пяшчотную зеляніну, апускае долу свае гнуткія галінкі, густа аздобленыя дружнымі лісцікамі і пахучымі пацеркамі, быццам тая стройная нявеста на выданні? Летам, калі крона гусцее і трымае ў сабе свежую прахалоду? Ах, як жа прыемна ў спякотны дзень паляжаць у цяньку пад бярозай, паслухаць яе лёгкі, таямнічы шолах, які навявае самыя розныя думкі, будзіць успаміны! Восенню бяроза быццам асыпана золатам — на сонцы зіхаціць яе ярка-жоўтае лісце. І гэтыя дрэвы на лясных ускрайках, у нашых вёсках, паабапал дарог шчодра дораць жывыя фарбы нават у пахмурныя дажджлівыя дні. А зімою на бярозах ляжаць ажурныя карункі, яны вытканы з інею, і можна толькі здзіўляцца, як прырода, адмысловы майстар, творыць такі непаўторны цуд. І міжволі падумаеш: чаму менавіта бяроза выбрана для такой чароўнай творчасці? З ёю ж побач іншыя дрэвы, а вось карункамі прырода аздобіла толькі яе, бярозу...
Вечнае памкненне
Хаця бяроза надзвычай прыгожая ў сваім убранні, але ж па свайму характару гэтае дрэва вельмі сціплае, ніколі не прэтэндуе на выключныя да сябе адносіны з боку людзей. Наадварот, здаўна бяроза — верны сябар чалавека — сялілася і жыла там, куды прыходзіў ён. На пакінутых землях, каб не было тут голага месца, дужа браліся вясёлыя бярозавыя гаі, яны ператваралі гэтую мясціну ў маляўнічыя куточкі, ад чаго ў людзей станавілася весялей на душы. Бярозы ахвотна засялялі пустэчы, нават руіны розных гаспадарчых пабудоў...
Мо ў такой цеснай еднасці і дружбе ёсць свая загадка, вечнае памкненне і жывая сіла прыроды. Яе глыбокая мудрасць увасобіла ў бярозе чысты, бязмежна дарагі сімвал нашай роднай бацькаўшчыны. Ці не таму ў лёгкім шуме бяроз, у іх прывабных постацях ёсць нешта вельмі блізкае і зразумелае нам, беларусам, з нашай душы, з нашага лёсу...
Маўклівыя сведкі
Адметная з’ява беларускіх краявідаў — бярозы паабапал нашых вялікіх і малых дарог. Дбайна пасаджаныя гаспадарлівымі людзьмі, яны — быццам зялёныя вянкі, што ляжаць уздоўж дарог, калі едзеш па іх летам. У розных замежных краінах і мясцінах я быў, але ніколі і нідзе не бачыў такіх цудоўных бярозавых прысад, якімі здаўна багатая і славіцца беларуская зямля. У нас часта нават кароткая, не вельмі важная дарога паміж двума паселішчамі быццам падпярэзана высаджанымі паабапал бярозамі.
Іншы раз і палявую дарогу абступаюць гэтыя дрэвы, ад чаго яна куды больш маляўнічая. А бярозы, што раслі раней на межах паміж палеткамі, зусім як вясковыя жнеі...
Старыя, разгалістыя бярозы ўздоўж нашых дарог як самотныя і маўклівыя сведкі цяжкіх падзей, што прыносілі роднай Беларусі столькі бяды і гора. Не, гэта не літаратурны вобраз, а жывая рэчаіснасць, і ёсць таму шматлікія пацвярджэнні ў розных кутках нашай краіны.
Паабапал дарогі і ў Хатыні
Вось дарога Мінск—Маладзечна—Вільнюс. Былы Стара-віленскі шлях, адзін са старажытнейшых у Беларусі. За Радашковічамі ўздоўж дарогі — бярозы, бярозы. Некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны тут раслі бярозы адзінокія, на якія балюча было глядзець: адны без вершалін, у другіх галіны толькі з аднаго боку ствала. «Гэта вайна так пакалечыла дрэвы, — тлумачылі мясцовыя жыхары. — Тут ішлі цяжкія баі, і доўга яшчэ ў ствалах дрэў тырчэлі асколкі. А вершаліны былі зрэзаны амаль ва ўсіх бяроз. Дрэвы падраслі, зацягнуліся на іх целе тыя асколкі, а вось раны вайны поўнасцю так і не загаіліся».
У нашай Хатыні — тры бярозкі ля Вечнага агню. Сімвал трагічны і гераічны: агонь — памяць пра кожнага чацвёртага, якi загінуў на Беларусі ў час вайны, бярозкі — жывым, якія не скарыліся лютаму ворагу — і род іх вечны.
Уздыхаюць былыя салдаты
У пасёлку Леніна Горацкага раёна, на вышыні пад лічбай 215,5 музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкая магіла. Тут у кастрычніку 1943 года плячо ў плячо з савецкімі воінамі пачалі барацьбу з фашысцкімі захопнікамі салдаты першай польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Яна была сфарміравана ў Савецкім Саюзе па просьбе польскіх патрыётаў. У зацятых баях пад Леніна загінула 502 польскіх i 1711 савецкіх воінаў.
Мне даводзілася некалькі разоў бываць у тым месцы, і нельга без хвалявання глядзець, як ля брацкіх магіл, быццам у ганаровым і вечным каравуле, стаяць стройныя задумлівыя бярозы. У тую далёкую восень, працятую пякельным агнём, казалі мне мясцовыя старажылы, тут таксама раслі бярозы. Пасля бою дрэвы марнелі, усе параненыя, і ў белых ствалах, бы ў салдацкім целе, тырчэлі вострыя асколкі. Ветэраны, якія прыязджаюць сюды, ходзяць па гэтых мясцінах не спяшаючыся, яны спыняюцца ля бяроз, пяшчотна гладзяць іх ствалы. «Як тады, зусім як тады, — цяжка ўздыхаюць былыя салдаты. — Толькі няма сярод нас многіх цудоўных хлопцаў, яны палеглі тут і навечна засталіся ў гэтай зямлі сярод гэтых бяроз».
Вяночак ля бярозы
А вось яшчэ малюнак, у якім столькі трагедыі! Кожны год 9 мая ля гэтай старой бярозы ляжыць невялічкі жывы вяночак са свежых кветак. Гэта цяжкая памяць пра 15-гадовую дзяўчынку Марыйку, якую ў вайну тут напаткала смерць. Марыйка прыйшла сюды да сваіх родзічаў за малаком з суседняй вёскі, і якраз наляцелі карнікі. Спалілі вёску, у дварах, на агародах ляжалі забітыя людзі, нідзе ніводнай душы. Марыйку знайшлі мёртвую каля згарэлай хаты, побач з дзяўчынкай ляжала торбачка з пустым бідончыкам.
Цётка Марыйка — добрая жанчына, аднойчы пасля вайны прынесла з лесу і пасадзіла тут бярозку. Дрэва прыжылося добра і зараз разгалістае і крэпкае. А цяпер гаспадыня крайняй хаты Марыя — вось жа сімвалічнае супадзенне! — у кожны Дзень Перамогі кладзе ля бярозы жывы вяночак са свежых кветак, якія ёй прывозіць з Мінска сястра. Мне хочацца назваць гэтую бярозу Марыяй...
Лісце як горкія слёзы
Часта, на жаль, ля дарогі можна ўбачыць бярозы, якіх напаткаў цяжкі лёс па нашай віне. Калі больш дакладна, то дрэвы стаяць параненыя, з парэзанымі стваламі, таму што так паводзяць сябе некаторыя зусім яшчэ маладыя людзі, у асноўным гарадскія хлопцы. Яны абыякавыя да роднай прыроды, нанесці ёй шкоду для іх нічога не значыць, не задумваюцца пра гэта, не забаліць іх халоднае сэрца.
Дык вось, на ўскраі гэтай вёскі, якраз ля аўтобуснага прыпынку, дружна растуць тры бярозкі. Іх пасадзіў вясковы дзядуля, клапатліва даглядае. І калі хто-небудзь заўважыць яму, што, маўляў, ці варта так непакоіцца вельмі старому і хвораму чалавеку пра звычайныя дрэвы, той адказвае:
— Дык на гэтым жа прыпынку людзі чакаюць аўтобус, ці ж прыемна ім стаяць на голым месцы? Пад бярозкамі і ўтульней, і зацішна пры зімовым ветры. А летам, калі даймае спёка, у цяньку можна схавацца. Не, бярозкі тут зусім не лішнія, таму і пасадзіў я іх для людзей. І самому радасць і ўцеха, бо пасаджанае дрэва — як добрая памяць пра чалавека.
Аднойчы я прыйшоў на гэты прыпынак, па прывычцы паглядзеў на бярозы, і сэрца маё скаланулася. Ствалы дрэў былі груба і бязлітасна пакарэжаны. Хтосьцi здорава папрацаваў нажом: выразаны шматлікія імёны, розныя знакі, брыдкія словы. Вось так: «Самотнае лісце злятае з бярозы,//Дык гэта не лісце, а горкія слёзы,//Тужліва галінкамі дрэва шапоча:// Ах, доля мая — што ніхто не захоча».
І мне здалося, што сумна стала ў гэтай мясцінцы. А калі праз некаторы час зноў быў тут, убачыў, што параненыя бярозы акуратна абнесены прыгожай агароджай. Побач стаяў той самы стары.
— Дзядуля, вы абгарадзілі бярозкі? — пытаюся.
— Я, а хто ж. Вось паранілі іх нядобрыя людзі. А для мяне гэтыя бярозкі жывыя і родныя...
Дзядуля цяжка ўздыхнуў і нетаропка патупаў да сваёй хаты...