Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?

Источник материала:  
01.11.2012 23:39 — Новости Общества

Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?

           


Новы закон не забараніў “бубкі” ― самую папулярную ў Беларусі сыравіну для вырабу наркотыкаў. Але “барыгі” перасталі гандляваць імі адкрыта.
 
“Дзесьці два тыдні таму ад наркаспажыўцоў па нашых каналах паступіла інфармацыя, што з’явіліся вялікія праблемы з набыццём “бубак” (насенне маку, змяшанае з апіоідамі, ― Еўрарадыё). Наркатаксі чамусьці перасталі выязджаць на свае рэйсы, ― распавядае каардынатар грамадскай ініцыятывы “Антымак” Аляксандр Шпакоўскі.На звычайных кропках, пра якія мы ведаем (каля кінатэатра “Аўрора”, на вуліцы Карбышава, на вуліцы Бельскага каля крамы “Азарэнне”), перасталі рабіць пастаўкі. Працягвалі гандляваць толькі дзве кропкі ― гэта вядомы кіёск у раёне Камароўскага рынку і “Сухафрукты” на “Ждановічах” (дакладней, рынак “Лябяжы”, ― Еўрарадыё)”.
 
Выпраўляемся на вядомыя ў сталіцы кропкі, дзе гадамі адкрыта гандлююць “бубкамі”: адна месціцца ля Камароўскага рынка, другая ― на тэрыторыі гандлёвага цэнтру “Лябяжы”.

― Мак ёсць у вас? ― цікавімся ў добра знаёмай “барыгі” на “Лябяжым”.
 
― Чаго?

― Мак.

― Маку няма.

― А дзе ёсць?

― Адкуль жа я магу ведаць, ― адказвае трывожна.
 
Тая ж самая гісторыя ― на кропцы ў раёне “Камароўкі”. Няўжо на “бубачных” гандляроў дазволілі па-сапраўднаму ціснуць упершыню з 2004-га года?
 
Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?

Вядомая кропка па продажы "бубак" на Лябяжым

Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?

Знакамітая кропка ў раёне "Камароўкі"
 
***
Чакалася, што новая рэдакцыя закону “Аб наркатычных сродках”, які ўступіў у моц напрыканцы кастрычніка, зможа вырашыць дзве праблемы. Першая ― гэта бескантрольны ўвоз у краіну сінтэтычных псіхатропаў ― “соляў”, спайсаў, “міксаў” і іншых так званых “легалак”.
 
Другая праблема ― “бубкі”. Наркотыкам гэту субстанцыю упарта не прызнаюць. Аднак у хатніх умовах наркаспажыўцы “вараць” гэты мак і атрымліваюць раствор, які па ўздзеянні нагадвае гераін.
 
На жаль, нічога пра “бубкі” ў новым законе не сказана, але набыць насенне стала, як бачыце, больш складана. Прынамсі, у сталіцы.
 
Адкрыты гандаль наркатычным макам у Мінску спрабуюць спыніць?
Так выглядае выкарыстанае насенне маку пасля "варкі"
 
Па словах Аляксандра Шпакоўскага, міліцыя даўно спрабуе супрацьдзейнічаць “бубкам”, але пасля часовых аблаваў гандляры ўрэшце рэшт вяртаюцца на рынак. Хоць наркотык з “бубак” вараць страшны, “барыгі” рызыкуюць максімум — штрафам (за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць) ці канфіскацыяй аўто (як выключная мера), на якім мак развозіцца. Прыняцце ж закону блакуецца іншымі ведамствамі.
 
“Яно ў такім рэжыме працаваць доўга не зможа, ― працягвае Аляксандр Шпакоўскі. ― Два-тры тыдні міліцыя не дасць “барыгам” умоваў для працы. Але пасля “органы” сцішацца, пераарыентуюцца на нешта іншае. Трэба ж і з амфетамінам змагацца, і з сінтэтычнымі наркотыкамі. Трэба даваць статыстыку. А “бубкі”, з пункту гледжання дзейнага закону, ― гэта не наркотык. Наркотык ― гэта рэчыва, якое з іх зварылі”.

Праблему опійнага маку неаднаразова падымалі на найвышэйшым узроўні. А спробы яе вырашыць, па словах каардынатара “Антымаку”, затухалі.
 
Аляксандр Шпакоўскі: “І ў лютым, і ў красавіку 2012-га года старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігнат Місурагін адзначаў, што разам з паняццем “аналагі” будзе ў законе прадугледжана і вырашэнне праблемы з насеннем маку, якое ўтрымлівае опіўм. Але пасля ў тэкст закона гэта праблема не патрапіла”.
 
Еўрарадыё: Ці ёсць у вас здагадкі, хто непасрэдна займаецца “бубачным” бізнэсам?
 
Аляксандр Шпакоўскі: Да нас даходзіла інфармацыя, што ёсць былыя супрацоўнікі ўнутраных войскаў, якія, пэўна, падчас затрыманняў паглядзелі, што гэта выгадная тэма. І самі пачалі займацца. Другі бок, па нашай інфармацыі, ― гэта прадстаўнікі злачыннай арганізацыі “Кушнераўскія”, якія спрабуюць кантраляваць сітуацыю з Расіі.

Еўрарадыё: Каму, на вашу думку, выгадна распаўсюджванне “бубак”?
 
Аляксандр Шпакоўскі: Мы лічым, што існуюць пэўныя камерцыйныя інтарэсы. Некаторыя бізнесмены, магчыма, цесна супрацоўнічаюць, у тым ліку, з чыноўнікамі. І таму, калі гэтую праблему падымаюць, яна спускаецца на тармазах. Калі было б патрэбна прычыніць гэты бізнэс, то ён бы ўжо быў зачынены. Я думаю, што вырашэнне гэтай праблемы ў наступным: трэба гэтую інфармацыю правільна данесці да прэзідэнта, і тады будзе, магчыма, жорсткая рэакцыя. Таксама Упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС нядаўна ўзначаліў Мікалай Карпянкоў, чалавек даволі жорсткі, які сутыкаўся з праблемай на ўласныя вочы і ведае, што гэта такое…

Праблема з распаўсюджваннем прывяла да чарговага скачку коштаў на опійнае насенне маку. Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміў сталічны урач-нарколаг (імя і прозвішча спецыяліста наўмысна не называем), які непасрэдна лечыць хворых на “бубачную” наркаманію. 
 
Урач нарколаг: “Кошт на “бубкі” рэзка павялічыўся, прыкладна на 100 тысяч. Цяпер ён складае прыкладна ад 350 да 400 тысяч за кілаграм. Наркаспажыўцы па-ранейшаму знаходзяць магчымасці купляць “бубкі”.
 
Па дадзеных дзяржаўнага Цэнтра маніторынгу за наркотыкамі і наркаспажыванні рэальная колькасць ін’екцыйных наркаспажыўцоў на канец 2010-га года складала 82 тысячы чалавек. Па іншых дадзеных яна дасягае 140 тысяч. Практычна ўсе гэтыя людзі спажываюць “бубкі”.

←2 ноября: какой сегодня праздник?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика