Святло блізкай зоркі
Да Дня маці, які адзначаецца заўтра (свята адносна новае, але вельмі хутка прыжылося і стала адным з самых любімых), усе шукаюць асабліва цёплыя прыгожыя словы, якія напішуць у віншавальнай паштоўцы або скажуць сваёй маме. Мы спачатку хацелі падказаць нашым чытачам нейкія цікавыя вершы і выказванні, а пасля зразумелі, што не варта. Бо ў кожнага гэтыя словы будуць свае, і будуць, несумненна, самыя лепшыя, якім бывае ўсё, сказанае і зробленае ад шчырага сэрца... …І ўсё ж гэтым, знойдзеным у Максіма Танка, не можам не падзяліцца:
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаю толькі адну зорку –
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой вечна струменіць.
...І яшчэ, калі дазволіце, дадзім параду. Спяшайцеся дакрануцца да гэтай зоркі. Спяшайцеся – колькі б вам ні было гадоў – падставіць пад яе сваю грэшную галаву. Яна дасць сілы. Яна абароніць. Яна заслоніць ад любой навалы і адштурхне любога ворага. Яна сагрэе ў любую сцюжу. Яна блаславіць у самы далёкі шлях... І за ўсё гэта зусім нічога не папросіць. Хіба што каб хоць зрэдку пяшчотна гладзіць вашы валасы, як калісьці ў маленстве... Спяшайцеся – гэта адзіная зорка, якая свеціць толькі для вас, іншай не будзе. І кожны дзень дзякуйце Небу за тое, што яна ў вас ёсць...