Ген жыцця
Працяг. Пачатак у нумарах за 29 верасня, 2 і 3 кастрычніка.
3. Ад Астроўскага перадаўся запал да малявання
* * *
Дзед мой Канстанцін Сцяпанавіч быў цікавым чалавекам, любіў пагаварыць, пафіласофстваваць. Знешне ён быў падобны на Францішка Багушэвіча. Вялікі быў майстар плесці лапці і рабіць граблі. Нас, дзяцей, вельмі любіў, стараўся неяк прыгалубіць, калі ад бацькоў перападала, прымірыць, калі мы сварыліся паміж сабой, нешта не падзяліўшы. У вёсцы быў паважаным чалавекам, аўтарытэтам у лепшым значэнні гэтага слова. Калі што, вяскоўцы ішлі раіцца да яго. Не памятаю выпадку, каб ён павысіў на каго голас… Дзед быў адукаваным чалавекам, не ў прыклад нашай бабцы…
А чаму мы дзецьмі знайшлі на гарышчы процьму царскіх грошай, якія прапалі пасля рэвалюцыі? Такіх грошай, жыўшы ў Качанах, зарабіць было нельга. Пэўна, дзед хацеў купіць зямлі, якой было мала, але не паспеў, і грошы прапалі.
Дзед курыў толькі люльку. Больш нідзе ў бліжэйшых вёсках я не бачыў курцоў з люлькай, ва ўсіх толькі самакруткі. Як і ўсе курцы, сам вырошчваў тытунь. Дзед быў добрай натуры чалавек, ніколі ні з кім не спрачаўся, нават з хатнімі жанчынамі. Помню, яму мая маці ці цётка пашыюць зрэбныя порткі (а ён хадзіў толькі ў такіх), ды доўгія, якіх ён не любіў, то дзед проста клаў іх на калоду, дзе секлі дровы, і адсякаў лішняе, надзяваў порткі — і ўсё, ніякіх спрэчак. Яшчэ мяне здзіўляла, што дзед зімой хадзіў у лазню, якая стаяла метраў за сто ад хаты, у тых сваіх портках, накінуўшы кажушок, але заўсёды босы. І гэтак жа вяртаўся з лазні, прытым ніколі не прастуджваўся. Дзед ціха памёр у 1951 годзе, ціха яго і пахавалі. Яму ішоў восемдзесят дзявяты год.
Бабка Мар’я была антыподам дзеду: грубыя абрысы твару, сама грубаватая, цёмная, неадукаваная, родам з вёскі Канчані. Радня яе была такая самая, цёмная і грубая. Мая мама ўспамінала, як пасля вяселля, пераехаўшы жыць да мужа, яна, са сваімі шляхецкімі паняццямі ва ўсім, неяк зварыла чырвоны боршч. Яна ведала шмат рэцэптаў з польскіх кулінарных кніг і гатавала нам потым дзіўныя для вёскі стравы, напрыклад расольнік, драныя бліны з душамі і многа чаго яшчэ…
Але мне найбольш урэзалася ў памяць бабчына смерць у 1956 годзе… Вечарам яна яшчэ цягала посцілкі з сенам, насіла дровы і рабіла ўсялякую хатнюю работу, у тым ліку і цяжкую. На раніцу, калі мы з бацькам завіталі ў дзедаву хату, то ўбачылі дзіўную карціну. Бабка, не ўстаючы з пасцелі, заяўляе:
— Дзеці, я буду паміраць!
Бацька з дзядзькам убаку ціха паміж сабой перасмейваюцца, што і я пачуў:
— Во, баба сёння не хоча рабіць, дык і прыдурваецца.
Але бабка засталася ляжаць і пад вечар папрасіла царкоўнага віна. На наступны дзень бацька з дзядзькам кінуліся шукаць тое віно і да канца дня прывезлі нейкую бутэльку.
Бабка выпіла паўшклянкі і ляжыць далей, на наступны дзень выпіла яшчэ паўшклянкі. Прывезці папа яна не прасіла. А на чацвёрты дзень бабка ціха сканала, і тады для адпявання ў хату запрасілі папа. Ёй ішоў дзевяноста першы год.
Калі я ўспамінаю дзеда з бабкай, я часта задумваюся пра лёс іх дзяцей і ўнукаў. У дзеда Канстанціна з бабкай Мар’яй было восем дзяцей. Аднаго з іх, Мацея, які быў дырэктарам завода ў Златавусце, што на Урале, расстралялі разам з іншымі Шаранговічамі падчас рэпрэсій 1937—1938 гадоў. Другія ў розныя гады памерлі, я ж ведаў толькі, зразумела, свайго бацьку, дзядзьку Лявона і цётку Ганулю. Было нямала стрыечных братоў і толькі адна сястра.
Мой бацька нечым нагадваў дзеда, меў розум і залатыя рукі, быў па-вясковаму інтэлігентны, а здароўем выйшаў у бабку. Дзядзька Лявон і цётка Гануля і знешне, і разумовымі здольнасцямі былі больш падобныя на бабку. Абое былі непісьменныя, здатныя толькі да фізічнай працы.
І вось што дзіўна: з маіх стрыечных братоў, а іх было пяцёра, ніхто не змог скончыць нават дзесяцігодку, хаця іх бацькі гэтага вельмі хацелі, аказаўшыся няздольнымі да вучобы. У нашай жа сям’і мы, тры браты, атрымалі вышэйшую адукацыю, толькі сястра — сярэднюю спецыяльную, дый толькі таму, што так склаліся абставіны яе жыцця.
Для чаго я ўсё гэта кажу? Генетыка, напэўна, мае рацыю, усё — і лепшае, і горшае — перадаецца нам па роду. І калі майму бацьку ад дзеда перадалося ўсё лепшае, то і нам, відаць, нешта перапала. Лёс маіх стрыечных братоў аказаўся нешчаслівым, і нікога з іх няма сёння на гэтым свеце.
* * *
…Нарэшце ў вёску прыйшла цывілізацыя — дзесьці ў пятым класе я ўпершыню ўбачыў кіно. Калі ў школе паказвалі купалаўскую «Паўлінку», мы жываты панадрывалі ад смеху, назіраючы сцэнкі вясковага жыцця, добра нам знаёмыя, ды яшчэ паказаныя ў такім ракурсе, што смешна было да слёз. Кіно здалося вялікім дзівам, незразумелым і таямнічым. Гэта ж трэба: па белым палатне (слова «экран» мы тады яшчэ не ведалі) бегаюць, смяюцца і плачуць натуральна жывыя людзі, ды яшчэ і гавораць! Мы тады яшчэ і фотаапарата ў вочы не бачылі, ды і ці чулі наогул такое слова, а калі і чулі, то не мелі аб ім ўяўлення.
Праз нейкі час кіно сталі вазіць і паказваць па вёсках. «Рэклама» фільма была па-вясковаму своеасаблівая. У вёску на фурманцы або санях прыязджае кінамеханік з рухавічком і кіналентамі. На дугу запрэжанага каня прычэплівалася паперка з назвай фільма. Асаблівым поспехам карысталіся «Тры танкісты», і кінамеханік гэтым карыстаўся, бо гэтая назва на дузе з’яўлялася часта, а потым гледачам прапаноўваўся зусім іншы фільм…
Упершыню ў Качанах паказвалі фільм «Аляксандр Сувораў» ці «Пераход Суворава цераз Альпы» (дакладна не памятаю) у хаце Юркі Берняковіча, Людзей поўна, прыйшлі і мы ўсёй сям’ёй — мае бацькі з дзецьмі, сям’я дзядзькі Лявона і дзед з бабкай. Бабка, як убачыла на сцяне жывых людзей, пачула іх галасы, коней, якія ржуць, з воклічам: «Шайтан, нячыстая сіла!» — кінулася вон з хаты і больш ніколі не выказала жадання схадзіць у кіно, якое прыязджала да нас адзін раз на некалькі месяцаў.
Мы ж, дзеці, каб не плаціць нейкія 20 ці 30 капеек, зараней забіваліся пад ложкі ў той хаце, дзе мусіла быць кіно, і чакалі там пачатку фільма. А калі тушылі лямпу, выпаўзалі з-пад ложкаў. Вяскоўцы глядзелі на гэтую з’яву зусім спакойна і натуральна.
* * *
…Беспрасветнасць, галеча не давалі магчымасці вясковым дзецям пасля заканчэння сямі класаў вучыцца далей. Практычна ўсе заставаліся на гаспадарцы. Праўда, потым, адслужыўшы армію, стараліся не вяртацца ў калгас. Мае ж бацькі вельмі хацелі, каб я вучыўся далей, і сам я не ўяўляў іншага шляху, як вучыцца. І, нягледзячы на ўсе цяжкасці, бясхлебіцу, я адзіны з нашай школы і ўсёй акругі пайшоў у восьмы клас. А для гэтага бацькам трэба было зняць кватэру ў Мядзелі ды хоць нешта класці ў торбу штотыдзень. У Мядзельскай сярэдняй школе вучыліся самі мядзельчукі і дзеці навакольных вёсак, якія маглі хадзіць у школу з дому. Такіх, як я, з далёкіх вёсак, амаль што не было…
Вельмі цяжка было прывыкаць да новых умоў жыцця не толькі з-за матэрыяльных цяжкасцей, але і з-за маральных. Па-першае, сумна, што побач няма бацькоў, брата і сястры, па-другое, жыццё новае, гарадское, бо пасля нашых маленькіх Качаноў Мядзел здаваўся велізарным горадам з іншым укладам, ды і ў школе мясцовыя вучні былі такія ганарлівыя, бесцырымонныя і нават нахабныя. А я быў з дзяцінства сарамлівы, ціхмяны, як кажуць, мухі пакрыўдзіць не мог…
Неяк у перапынку зайшоў да нас настаўнік, высокі, дужы, з чорнай грывай валасоў. Ён не быў мне знаёмы, бо ў нашым класе не выкладаў. Аб’явіў, што стварае гурток па маляванню і жадаючыя могуць запісацца. З нашага восьмага «Б» жадаючым быў толькі адзін я.
На наступны тыдзень быў аб’яўлены пачатак заняткаў. На першыя заняткі з усёй школы сабраліся чалавек дваццаць. Настаўнік, а яго звалі Генадзем Ігнатавічам Астроўскім, паставіў пасярэдзіне пакоя гліняны жбан, і мы, пасеўшы вакол яго, пачалі маляваць. У мяне да цяперашняга часу стаіць у вачах гэты жбан. Раней я ў асноўным капіраваў рэпрадукцыі або сам нешта прыдумваў, усур’ёз з натуры не маляваў ніколі, ды яшчэ графітным алоўкам, а не каляровымі.
Я так «адчыкрыжыў» форму, што жбан, здавалася, аж звінеў. Мне гэтак тады падалося, ды і настаўнік пахваліў. Праўда, на наступныя заняткі не прыйшло і трэці вучняў, што былі на першых, далей яшчэ менш, а ўрэшце засталося толькі трое: Міхась Чарняўскі, я і настаўнік Астроўскі. Далей жа засталіся толькі я з настаўнікам, бо перастаў хадзіць і Міхась. Мы з ім жылі на адной вуліцы, толькі ў розных яе канцах, і сябравалі. Я неяк надвячоркам зайшоў да яго спытаць, чаму ён не ходзіць на заняткі нашага так званага гуртка. Мне Міхась тады прызнаўся, што хоча прысвяціць сваё жыццё беларускай гісторыі, бо яна знаходзіцца ў нявывучаным стане, і таму маляваннем займацца не будзе. Трэба сказаць, што ён тое сваё юнацкае жаданне выканаў, стаўшы выдатным вучоным-археолагам. А я тады пакрыўдзіўся на яго, бо спадзяваўся, што мы разам будзем маляваць. Ды і атрымлівалася ў яго добра, як жыццё паказала, былі і здольнасці.
А ў мяне з таго часу з’явіўся такі запал да малявання, што ўжо ні аб чым іншым і думаць не мог.
* * *
Дык хто ж быў Генадзь Ігнатавіч Астроўскі?
Настаўнік матэматыкі, ён захапляўся маляваннем, вучыўся на завочных курсах імя Крупскай (былі такія ў Маскве для самадзейных мастакоў), хораша іграў на баяне і гармоні, добра ведаў нотную грамату. Чалавек ён быў неардынарны, з гумарам, вялікі выдумшчык, які не мог сядзець на месцы, заўсёды цягнуўся да нечага нязведанага. І вось мы з ім пасля ўрокаў бадай што кожны дзень займаліся малюнкам, потым ён мне падараваў акварэльныя фарбы і пэндзлі. Малявалі і пісалі мы нацюрморты, а па вясне пейзажы. Мы пасябравалі — вучань і настаўнік. У школе, на здзіўленне вучняў і настаўнікаў, Генадзь Ігнатавіч падыходзіў да мяне і вітаўся за руку, дэманструючы гэтым як бы нашу роўнасць. Тады-сяды ён вадзіў мяне да сябе абедаць або вячэраць…
(Працяг будзе.)