"Дзіва, калі спартсмен кіруе трэнерамі"
Здавалася б, апошнія акорды брытанскіх музыкантаў на заканчэнні сёлетняй Алімпіяды прагучалі яшчэ ў жніўні, але галоўныя старты чатырохгоддзя яшчэ гучаць у галовах, трымаюць, прымушаюць думаць, разважаць, аналізаваць. І гэта не танцавальныя, святочныя матывы, а крыху сумнае адажыа. Узгадваецца не хуткі, як гепард, бліскучы, нібы дзяўчына з глянца, ямайскі бягун Усэйн Болт. Узгадваецца допінгавы скандал Надзеі Астапчук, нечаканая асечка цяжкаатлеткі Настассі Новікавай і правал зборнай па лёгкай атлетыцы. Зразумела, агулам каманда назбірала не самы благі 12-медальны ўраджай, але сапраўды магло быць і лепш... Напэўна, глыбей за ўсіх нас гэта разумее Аляксандр Рудскіх. Заслужаны трэнер СССР, былы галоўны "коўч" зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, ён блізка ўспрыняў лонданскія няўдачы суайчыннікаў. Мой старэйшы калега нават раіў, каб не турбаваў спецыяліста. Маўляў, ён усё, што мог, ужо сказаў. Але Аляксандр Рыгоравіч пайшоў насустрач карэспандэнту "Звязды" і шчыра распавёў пра тое, што хвалюе ў сённяшняй айчыннай лёгкай атлетыцы і спорце наогул.
— Няўдача, якую пацярпелі ў Лондане нашы лёгкаатлеты, мяне, безумоўна, гняце, — з жалем кажа суразмоўца. — Я не чакаў падобных вынікаў. У горшым выпадку разлічваў, што яны заваююць 3 медалі. Думаў і пра 5 узнагарод. Але ў складзе, які быў прадстаўлены ў Лондане, было шмат турыстаў. І многім спартсменам з той лёгкаатлетычнай дружыны там было няма чаго рабіць.
***
— 7 гадоў, як змянілася кіраўніцтва зборнай. За гэты час эксплуатаваўся той матэрыял, які раней быў уведзены ў каманду. На мой погляд, на працягу гэтых 7 гадоў няшмат увагі надавалася падрыхтоўцы рэзерву. Было кола элітных спартсменаў, якія прыносілі медалі. І ўсе гэтым былі задаволены. Аднак патрэбнага попыту з тых людзей, хто павінен быў забяспечыць падрыхтоўку рэзерву, не было. І гэта пры тым, што дзяржава ўкладвала і ўкладвае вялікія грошы. Праўда, на жаль, сёння шмат грошай не толькі ў лёгкай атлетыцы, але і ў іншых відах спорту проста закопваюцца ў пясок, не могуць быць выкарыстаны для падрыхтоўкі спартсменаў.
***
— Метадычныя хібы — гэта асноўныя моманты фіяска нашых лёгкаатлетаў на Алімпійскіх гульнях. На спартсмена працуюць адмысловыя тэхналогіі. І калі тэхналогіі недасканалыя — гэта непатрэбны кірунак, які вядзе не да поспеху, а да вынікаў, якія мы атрымалі на Гульнях. А яны смешныя: 50 спартсменаў атрымалі ў суме 7 балаў. Гэта нонсэнс! Падобнага дасягнуць мусіць адзін спартсмен, а тут 50 чалавек... Я падобнага не разумею.
***
— Сёлета ў Беларусі галоўным было заваяванне алімпійскіх ліцэнзій. А што гэта такое? Ліцэнзія дае права ўдзельнічаць на Алімпіядзе. Аднак і гэтая задача, як і медальны план, таксама была не выканана. Чатыры гады таму алімпійскіх ліцэнзій у нас было значна больш. І мне здаецца, што празмерная ўвага спартыўных чыноўнікаў да заваявання ліцэнзій крыху падтупіла адказнасць саміх спартсменаў да іх выступлення ў Лондане. Для іх самым галоўным было трапіць на Алімпіяду.
***
— Сёння аднаго вопыту і інтуіцыі трэнера ўжо недастаткова, каб падрыхтаваць спартсмена медальнага ўзроўню. Трэнер павінен атрымліваць пэўныя параметры навукова-медыцынскага характару, якія павінны пацвярджаць, што мы ствараем чэмпіёнаў. Інфармацыю, якая паказвае развіццё спартсмена, а не абстракцыю.
***
— Калі ты не штурхаеш ядро за 20 метраў, не трэба выхваляцца, што заваюеш медаль. Павел Лыжын штурхнуў яго на 20,60 метра і заняў 8 месца. Гэта тычыцца і дзяўчат. І калі прааналізаваць вынікі Наталлі Міхневіч, дык яна і летась, і зараз накіроўвала ядро на 19 метраў. Меркаваў, што яе ўсплёск адбудзецца на Алімпіядзе. Не атрымалася. У Андрэя Міхневіча здарылася бяда з трэнерам. Ён доўга працаваў з Уладзімірам Сіўцовым, але той перанёс цяжкую аперацыю і ў Лондан не паехаў. Магчыма, гэта і паўплывала на дрэннае выступленне Міхневіча ў Лондане, але яго вынік не ўкладваецца ў галаве. І ён насамрэч не адлюстроўвае тых кандыцый, якія мае Андрэй.
***
— Я лічу, што толькі дзве дысцыпліны на Алімпіядзе выканалі свае прагнозныя паказчыкі. Гэта мастацкая гімнастыка і веславанне на байдарках і каноэ. Астатнія праваліліся. Так, вы можаце ўзгадаць тэніс. Аднак у тэніснай камандзе сабралі Вікторыю Азаранку і Максіма Мірнага, двух вялікіх тэнісістаў, якія выхоўваліся на тэхналогіях Іспаніі і ЗША. І не выкарыстаць патэнцыял гэтых спартсменаў было б мяжой невуцтва і поўнага абсурду.
***
— Мне здаецца, што, нягледзячы на два бронзавыя медалі, цяжкая атлетыка не выканала свае абавязкі. Бо ў асноўным мы разлічвалі не на Ірыну Кулешу і Марыну Шкерманкову, а на тых, хто "праваліўся". І сітуацыя з Андрэем Арамнавым — гэта дзіва! Тым больш калі спартсмен кіруе міністрамі і трэнерамі. І для чаго? А для таго, каб жыць цудоўна і нябедна, атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю. Але, калі яго пазбавілі стыпендыі, ён ледзь не стаў самым бедным чалавекам у краіне. Прычым не ўсе памятаюць, што ён яшчэ без падаткаў атрымаў грошы за перамогу на Алімпіядзе, трохпакаёўку. І як хапае сумлення чалавеку заяўляць, што яму няма за што паесці. Ён проста ўсіх замучыў. Гэта проста некультурны чалавек, які падвёў нашу краіну.
***
— Заўжды неабходна сумнявацца. І трэнеру, і атлету. Чагосьці баяцца. Тады будзе мабілізацыя на правільную працу. А калі "мы ўсё ведаем, можам", як былы трэнер зборнай Анатоль Бадуеў, які абяцаў 7-9 медалёў, а ў выніку — нуль, дык гэта проста зневажальна для спецыяліста.
***
— Усе нашыя лідары лёгкаатлетычнай зборнай — узроставыя спартсмены. І да Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра могуць не дацягнуць. Аднак я не бачу ім замены. І за 4 гады яна не з'явіцца. Я не бачу замены кідальніку молата Івану Ціхану. Калі б дапусцілі Ціхана да спаборніцтваў, напэўна, ён заваяваў бы залаты медаль. І калі разглядалі допінгавую пробу Ціхана, павінны былі прагледзець 4 тысячы іншых проб, якія назбіралі ў Афінах. Аднак праверылі выбарачна толькі Ціхана. Але чаму? Так быць не павінна.
***
— У допінгавых пытаннях спартсмен перш-наперш павінен спадзявацца на сябе, бо правілы няўмольныя. Я ўзгадваю штурхальніцу ядра Яніну Карольчык, якую дыскваліфікавалі за ўжыванне кленбутэролу на 2 гады. Па правілах, кантэйнеры, у якія разліваюць мачу, павінны быць апламбаваныя. А Карольчык паставілі адкрыты кантэйнер. Яна ўсё выканала і шчаслівая сышла, а калі знайшлі прэпарат, тады ўжо і загаласілі. Ведаеце, дастаткова толькі спаласнуць кантэйнер і пакінуць без змесціва, каб там захавалася рэчыва. Таму адказнасць у спартсменаў у гэтым пытанні каласальная.
***
— У нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы трэба замяніць галоўнага і палову старэйшых трэнераў. Яе павінен узначаліць чалавек, які разумее сучаснае развіццё лёгкай атлетыкі, можа стварыць добры мікраклімат і атмасферу адной сям'і. Патрэбна, каб ён быў прынцыповым, строгім. Каб бачыў, што, калі спартсмен едзе за мяжу і дэманструе вынік, які дасягнуў яшчэ дома, але зараз не трапіў нават у дваццатку, шлях адзіны: не спартсмен вінаваты, а ўсе мы разам. Бо не навучыліся працаваць на тым узроўні, які павінен забяспечыць нам заваяванне медалёў.
***
— У нас трэнерскі корпус пастарэў. І гэта галоўнае пытанне наконт трэнерскага штаба. І ўжо зараз трэба дакладваць Прэзідэнту, што трэба паляпшаць умовы працы і заробак пачынаючым трэнерам. Гэта хто зараз будзе за 500 тысяч набіраць 60 дзетак для заняткаў? Калі мы не зробім высноў, тыя кадры, якія яшчэ ёсць, нешта зробяць, аднак пасля будзе катастрофа. Трэба правільна пабудаваць палітыку на медальныя віды спорту.
***
— Трэнер без самаадукацыі ніхто. Ён зачахне, "заскарузне".
***
— Аляксандра Герасіменя адна ў плаванні заваявала 2 медалі, а амерыканец Майкл Фэлпс — 5-6 медалёў. Вось дзе закладзены прагноз на 25 алімпійскіх медалёў. Калі правільна падысці да медалеёмістых відаў, эфектыўна выкарыстоўваць фінансаванне, Беларусь можа дасягнуць сапраўды многага, бо інфраструктура і ўмовы для гэтага створаны.
***
— Замежных спецыялістаў мы можам запрашаць у тыя віды, дзе не можам выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі. Нам дакладна не пашкодзіў бы трэнер высокай кваліфікацыі і ў бегавых дысцыплінах. Але тут не толькі мы, але і амаль уся Еўропа адстае. Але адзінкі таленавітых бегуноў у нас усё ж такі нараджаюцца. Напрыклад, савецкі спрынтар Валерый Барзоў, наша Юля Несцярэнка, якая перамагла ўсіх у Афінах. Гэта сведчыць пра тое, што падобныя спартсмены з'яўляюцца ў нашым асяродку. Важна іх толькі знайсці і правільна развіць арганізм спартсмена.
***
— Мяркую, кадравыя перамены будуць. І, магчыма, вельмі значныя. Найперш яны павінны быць у лёгкай атлетыцы. Ну а далей павінны стварыць сістэмную падрыхтоўку. Але ў нас нават даручэнні Прэзідэнта не выконваюцца. Пасля пазамінулай Алімпіяды ён сказаў на нарадзе, што дае 3 месяцы, каб склалі канцэпцыю падрыхтоўкі рэзерву. Ужо прайшло 4 гады. Я яе не бачыў.
Тарас ШЧЫРЫ