На выбарчых участках кругласутачна дзяжураць міліцыя і пажарнікі
Пасля таго, як былі створаны выбарчыя ўчасткі, супрацоўнікі МУС правялі іх комплекснае абследаванне. Уласнікам тых устаноў, куды прыйдуць галасаваць людзі, было вынесена больш за дзве тысячы прапаноў, якія скіраваны на ўзмацненне іх абароненасці. Сур'ёзных прэтэнзій падчас абследавання не ўзнікла. Прадпісана абсталяваць пажарнай сігналізацыяй тыя месцы, дзе будуць захоўвацца бюлетэні, калі гэта тэхнічна магчыма выканаць. Акрамя таго, на базе органаў унутраных спраў і воінскіх часцей унутраных войск МУС створаны 11 участкаў для галасавання. Што датычыцца 124 устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы і спецыяльных устаноў міліцыі, то на іх тэрыторыі прадугледжана выдзяленне адпаведных памяшканняў для галасавання асоб, якія па заканадаўстве валодаюць выбарчым правам. Такім чынам, захады па забеспячэнні грамадскай бяспекі падчас правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць выкананы ў поўным аб'ёме, запэўніў Раман МЕЛЬНІК.
— Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правяло шэраг арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў па кантролі забеспячэння пажарнай бяспекі на выбарчых участках. Як і ў МУС, асабовы склад будзе несці ўзмоцненую службу. Ва ўстановах, дзе будуць галасаваць людзі, арганізавана бесперапыннае дзяжурства нашых работнікаў, — паведаміў кіраўнік упраўлення аварыйна-ратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Яўген ТАЧЫЛАЎ. — Зроблены маніторынг супрацьпажарнага стану ўсіх аб'ектаў. Неабходны інструктаж праведзены не толькі з кіраўнікамі і ўласнікамі будынкаў, але і з членамі выбарчых камісій. Мы аказалі ўсю неабходную кансультацыйную дапамогу, а таксама правялі з асабовым складам дадатковыя заняткі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.