Дзмітрый Шэдко: "Пасля ўвядзення лічбавага тэлебачання мясцовае вяшчанне нікуды не знікне"
Што трэба ведаць, каб не застацца без "карцінкі" на экране
Ужо не першы год у Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма пераходу на наземнае лічбавае эфірнае тэлевяшчанне. Улетку 2015-га мы павінны будзем канчаткова адмовіцца ад аналагавага сігналу. Гэта абумоўлена неабходнасцю і выконваць міжнародныя пагадненні, і пераходзіць на больш якасны фармат тэлебачання. Галоўная ж задача — выраўноўванне інфармацыйнай даступнасці, калі горад, асабліва сталіца, і рэгіёны атрымліваюць не аднолькавы доступ да інфармацыі. Што зменіцца пасля пераходу на "лічбу"? Што зрабіць, каб мець магчымасць прагляду новага ТБ? На гэтыя і іншыя пытанні "Звяздзе" адказаў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый ШЭДКО.
— Якія змены чакаюцца пасля пераходу на лічбавае тэлебачанне?
— З пункту гледжання спажыўца на канал, на яго змест гэта ўсё не паўплывае. Як зараз нашы тэлекампаніі фарміруюць праграмы перадач, так і будуць працягваць гэта рабіць. З іншага боку, спажывец будзе атрымліваць, па-першае, больш якасны лічбавы сігнал (у тым ліку ў перспектыве HD-якасць — з высокай дзялільнай здольнасцю), па-другое, стабільную якасць: калі зараз у нас ёсць так званыя "ямы", дзе "сняжыць", палоскі з'яўляюцца, то з лічбавым сігналам такога не бывае — ён альбо ёсць у якасным варыянце, альбо яго няма зусім. Яшчэ адзін момант, які вельмі турбуе дзяржаву: у краіне шмат месцаў, дзе колькасць тэлепраграм, якія можна паглядзець па тэлебачанні, вельмі невялікая. Мінчане і гарадскія жыхары ў цэлым прызвычаіліся да таго, што ў іх ёсць выбар як мінімум з 20-30 праграм. Гэта ажыццяўляецца за кошт кабельнага тэлебачання і іншых тэхналогій. А ў нейкіх аддаленых населеных пунктах ёсць толькі эфірнае тэлевяшчанне. Таму развіццё лічбавага тэлебачання дазволіць прапанаваць людзям па ўсёй Беларусі дастаткова вялікі выбар тэлепраграм. Зараз запушчаны толькі першы мультыплекс — сем тэлеканалаў, якія ўжо сёння ў лічбавай якасці даступныя ў любым месцы нашай краіны. Пры адключэнні аналагавага вяшчання мы плануем сфарміраваць ужо тры мультыплексы.
— Якім чынам будзе фарміравацца пакет праграм, што будзе дастаўляцца кожнаму спажыўцу?
— Сістэма будзе рабіцца для ўсёй рэспублікі аднолькавая. Любы чалавек зможа без атрымання, умоўна кажучы, спецыяльнай карты доступу глядзець дзяржаўныя тэлеканалы. Зараз іх 6, але паколькі мультыплекс дазваляе вяшчаць 8, то іх будзе 8. Гэта будуць Беларусь-1, Беларусь-2, АНТ, НТБ-Беларусь, РТР-Беларусь, СТБ. Да іх будуць дададзены яшчэ два: верагодна, Беларусь-3 (новая праграма Белтэлерадыёкампаніі) і канал тэлерадыёкампаніі "Мір".
— Астатнія каналы будуць таксама бясплатнымі?
— Другі і трэці мультыплексы такім жа чынам, як зараз пакет кабельнага аператара даступны за пэўную, не вельмі вялікую, абаненцкую плату, будуць даступныя тым, хто заключыць дагавор з аператарам камерцыйнага мультыплекса.
— Калі вярнуцца да "начынкі" абавязковага мультыплекса, то вы казалі, што з'явіцца яшчэ адзін тэлеканал — Беларусь-3. А якой будзе яго канцэпцыя?
— Зараз у Белтэлерадыёкампаніі створана галоўная дырэкцыя тэлеканала Беларусь-3, якая пачала распрацоўваць канцэпцыю. Пакуль можна сказаць, што гэта будзе двухмоўны руска-беларускі тэлеканал, пабудаваны пераважна на нацыянальным кантэнце для самай шырокай аўдыторыі. Плануецца, што ў эфіры тэлеканала не будзе рэкламных блокаў. Сродкі для яго фінансавання будуць прыцягвацца з іншых крыніц.
— А як атрымліваецца, што пры лічбавым сігнале даступна больш каналаў і ўсе яны ў аднолькава добрай якасці?
— Калі мы выкарыстоўваем аналагавы сігнал, то нам патрэбен адзін перадатчык на кожны тэлеканал. Пры лічбавым вяшчанні адзін перадатчык змяшчае 8—12 тэлеканалаў. І ва ўсіх гэтых каналаў будзе аднолькавая тэрыторыя пакрыцця. У выніку на тых жа частотах, якія выкарыстоўвалі раней для тых васьмі тэлеканалаў, можна будзе трансляваць дзясяткі каналаў.
— Якім чынам чалавеку зведаць, ці можа яго тэлевізар прымаць лічбавы сігнал? Проста пакуль што нават пры куплі новага тэлевізара можна натрапіць на асобнік з прыёмам толькі аналагавага сігналу. Пра такія выпадкі расказвалі нашы чытачы.
— Самае правільнае — гэта паглядзець у кіраўніцтве па эксплуатацыі тэлевізара, ці ёсць лічбавы цюнер. Там усё гэта будзе напісана. Проста трэба ўважліва пачытаць. На жаль, сапраўды сёлета яшчэ захоўваецца сітуацыя, што прадаўцы падыходзяць не вельмі сумленна да продажу тэлевізараў, калі пакупнікам прапануюць новы сучасны тэлевізар за меншую цану, але не кажуць, што там няма неабходнай функцыі.
— Вось і некаторыя нашы чытачы сталі ахвярамі такіх прадаўцоў і купілі новы тэлевізар без магчымасці прымаць лічбавы сігнал. Што ж ім цяпер рабіць? Ізноў купляць новы?
— Я думаю, што ў такім выпадку будзе лепей купіць прыстаўку, якая дасць магчымасць прыёму "лічбы".
— Ці дастатковая колькасць гэтых прыставак ёсць у продажы?
— З улікам таго, што пакуль попыт з боку насельніцтва на іх не вельмі вялікі, то прыставак хапае. Яны, праўда, пакуль што даволі дарагія. Але з цягам часу, пры росце попыту, цэны павінны знізіцца.
— І да якога ўзроўню яны могуць знізіцца?
— Гэта цяжкае пытанне. Усё будзе залежаць ад таго, якую палітыку будзе праводзіць аператар камерцыйнага мультыплекса. Ёсць вельмі танныя прыстаўкі (за 20 долараў) кітайскай вытворчасці, якія дазваляюць прыняць сігнал і больш нічога. Але ж лічбавае тэлебачанне — гэта не толькі якасць, даступнасць каналаў, эканомія радыёчастотнага рэсурсу, але і аказанне самых розных дадатковых паслуг. Напрыклад, з дапамогай тэлевізара можна будзе перадаць нейкае паведамленне сваяку ці сябру, як мы гэта робім зараз праз "смскі" на мабільніках. Але для гэтага прыстаўка павінна быць больш складанай. Таму нават уладальнікі тэлевізараў, якія могуць прымаць лічбавы сігнал, урэшце таксама прыстаўку з пэўным пакетам паслуг усё роўна купяць.
— Што ж тады рабіць людзям: пачакаць ці ўсё ж такі купляць зараз?
— Тэлевізары можна купляць і зараз. З 1 студзеня 2013 года ў продажы тэлевізараў без функцыі прыёму лічбавага сігналу проста не будзе. Гэтае рашэнне прынята ўрадам. А ўжо ў залежнасці ад таго, спадабаецца прапанова аператара камерцыйнага мультыплекса ці не, няхай людзі вырашаюць, купляць ці не прыстаўку. Але, як гэта ў нас часта бывае, прыстаўкі, напэўна, самі аператары будуць даваць у арэнду.
— Але ж аналагавы сігнал ужо збіраюцца адключаць у некаторых раёнах...
— Сапраўды, ужо прыняты адпаведны план паэтапнага адключэння аналагавага вяшчання. У наступным годзе у пэўных месцах патроху будзе ісці адключэнне, але вельмі асцярожна, каб не было нейкіх нязручнасцяў. Адпаведна ў кожным раёне, дзе гэта адбудзецца, людзі будуць праінфармаваны аб тым, што трэба зрабіць, каб глядзець каналы звычайнага пакета і звыш яго.
— Што будзе з мясцовым тэлебачаннем?
— Гэты сектар мае вялікае значэнне. Мясцовае тэлебачанне бліжэй да людзей, яно больш цікавае для чалавека. Кожнаму вельмі прыемна ўбачыць па тэлевізары сябе, сваіх суседзяў, сяброў, родных. Было шмат асцярог, што "лічба" проста заб'е гэтыя тэлеканалы, што месца ім у інфармацыйнай прасторы Беларусі не будзе. Насамрэч нічога такога не адбудзецца. Зразумела, што ўключаць маленькі раённы тэлеканал у агульнадзяржаўны пакет будзе немэтазгодна. Але за кошт таго, што ў цэлым будзе праходзіць "расчыстка" дыяпазону вяшчання, частоты будуць вызваляцца, у раёнах застанецца магчымасць таксама ў лічбавым фармаце з дапамогай асобных невялікіх перадатчыкаў вяшчаць самастойна. Для таго і спатрэбяцца гэтыя тэлевізары з магчымасцю прыёму "адкрытага сігналу". Мясцовае тэлебачанне нікуды не знікне.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.