Раскопкі Гальшанскага замка: з каскай на галаве і з Богам у сэрцы

Источник материала:  

Нішто так не натхняе і не ўзрушвае мяне, як вандроўкі па роднай Беларусі. Столькі таямнічага і нязведанага на нашай зямлі, што за ўсё жыццё не спасцігнуць! Але ж так хочацца хаця б крыху зразумець загадкі зямлі і душы беларускай... Таму, калі я ўбачыла ў сеціве абвестку пра валанцёрскую паездку на двухдзённыя раскопкі Гальшанскага замка, вырашыла ехаць, амаль не раздумваючы.

У дарогу — па легенды

На машыне з Мінска выехалі ўпяцёх. Як не знаёмыя, але захопленыя агульнай справай людзі, адразу знайшлі тэмы для размовы. Гісторык, журналіст, праграміст, бухгалтар-стыліст і філолаг-менеджар па турызме размаўлялі пра помнікі беларускай гісторыі і культуры і забаўлялі адно аднаго гальшанскімі легендамі. Дарэчы, легенды гэтыя не горшыя за еўрапейскія: часам сапраўды жудасныя, з чалавечымі ахвярамі, цёмнымі сіламі і прывідамі. Чаго каштуе толькі легенда пра будаўніцтва гальшанскага кляштару! "Калі яго будавалі, тройчы абвальвалася адна і тая ж сцяна. І тады вырашылі будаўнікі прынесці ў ахвяру адну з жанчын, якая першай прынясе на будоўлю абед свайму мужу. Першай прыйшла прыгажуня жонка маладога цесляра. Яе і замуравалі ў сцяне, якая з таго часу перастала абвальвацца... А каля кляштара часам з'яўляецца прывід Белай Дамы..." — распавядала выпускніца гістфака Надзея. "А Чорная Дама, жыхарка Гальшанскага замка, асабліва не любіць мужчын..." — "Вось чаму ў экспедыцыю едуць адны дзяўчаты, акрамя кіроўцы!" — жартавалі мы.

У пошуках карэты Сапегаў

Пасялілі нас у будынку, які стаяў на стадыёне побач з прыгожай свежаадрамантаванай гімназіяй. Надпіс на ўваходзе паведамляў: "Гісторыка-краязнаўчы лагер "Кентаўры". Гальшанская гімназія". Нас чакаў начлег у памяшканнях вучэбных класаў на голых матрацах, кінутых на падлогу...

Раскопкі Гальшанскага замка: з каскай на галаве і з Богам у сэрцы

Пераапрануліся, узброіліся каскамі, пальчаткамі, рыдлёўкамі і рушылі, нарэшце, да замка. Як нам паведамілі, мэта нашых раскопак — удакладненне памераў Гальшанскага замка для наступнай распрацоўкі планаў рэстаўрацыі/кансервацыі. Нам неабходна было расчысціць тэрыторыю ад бітай цэглы, хмызняку і смецця для таго, каб прафесійныя археолагі маглі ажыццяўляць раскопкі. "Капаем толькі насыпны слой, культурныя слаі не чапаем", — зверыўшыся з планам, настаўляў нас Аляксей Каламійцаў, кіраўнік таварыства аховы помнікаў "Яравіт".

Расчысцілі месца каля былой брамы, размецілі шурф і пачалі раскоп. "Магчыма, удасца знайсці дзённую паверхню двара і брукаванку, па якой праязджала карэта Сапегаў", — сачыў за нашай працай архітэктар Сяргей Іванавіч, які "неафіцыйна" адрэкамендаваўся як "Сэр Вожык". "Ды што брукаванка! — жартавалі дзяўчаты, — мы зараз цэлую карэту сапегаўскую адкапаем... разам з коньмі!" — дадавалі, знаходзячы косткі нейкай свойскай жывёлы. Але пакуль што трапляліся толькі каваныя элементы брамы, узорыстай кафлі, керамічнага посуду, дахоўкі... Усе знаходкі фіксаваліся пры дапамозе фотаапарата і стыкераў і клаліся ў цэлафанавыя пакуначкі для таго, каб потым трапіць у музей.

Рыдлёўка аб нешта бразнула...

Капалі, падмяняючы адно аднаго па чарзе, стоячы па два-тры чалавекі ў раскопе. У другі раз падышла мая чарга. Я пачала капаць — і раптам мая рыдлёўка натрапіла на нешта цвёрдае, жалезнае. Дзяўчаты кінуліся на дапамогу. Крыху адгрэблі зямлю і ўбачылі: вялікае жалезнае кола! "Няўжо сапраўды ад карэты?" — меркавалі ўжо без усмешкі. Нарэшце, выкапалі гэтае кола, якое заглыбілася амаль на паўметра ў зямлю. І крыху расчараваліся: кола калісьці было часткай трактара або сеялкі, бо на тэрыторыі замка за савецкім часам знаходзіўся жывёльны двор... Але ўсё роўна мы ганарыліся такой буйной знаходкай!

Раскопкі Гальшанскага замка: з каскай на галаве і з Богам у сэрцы...А ўвечары мы сабраліся каля вогнішча, бліжэй знаёміліся адно з адным, размаўлялі пра паганскіх багоў, слухалі цікавыя расповеды з гісторыі нашага краю... А потым спявалі песні да самай ночы пад незвычайна зорным небам...

Па цаглінцы ў агульную справу

...Раніца прыйшла пад акампанемент царкоўных званоў і гарланне пеўня. Пакуль большасць каманды яшчэ спала, мы з Таццянай вырашылі прагуляцца па мястэчку. Дзівіліся на залітыя ружовым туманам узгоркі, радасна кідалі вока на чысцюткія падворкі і размаўлялі аб тым, што ў такіх месцах адпачывае душа.

Потым адправіліся на замак і там акуратна складвалі ўцалелую цэглу-пальчатку (майстар пакідаў на сырой цэгле адбіткі пальцаў, што пры высыханні надавала ёй амартызацыі. — Аўт.), якая будзе прыгоднай для рэстаўрацыі замка. Але з сумам разумелі, што праца, зробленая намі цягам двух дзён, — кропля ў моры...

Напярэдадні ад'езду Аляксей павёў нас на гальшанскае гарадзішча. Хацелі наведаць касцёл святога Яна Хрысціцеля, але ксёндз сказаў, што будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. "Каб зайсці сюды, трэба выканаць дзве ўмовы, — сказаў святар, — мець Бога ў сэрцы і каску на галаве"... Пакуль што гэтыя словы можна сказаць і пра Гальшанскі замак, і пра некаторыя іншыя архітэктурныя помнікі Беларусі...

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара

 

←Старый развод под новым соусом: бальзам "Медолия" и масло "Живица"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика