«Палескія рабінзоны» з Лысай гары

Источник материала:  
— Матэрыялу шкада. Вось пайду са школы, і ніхто не будзе ведаць. Мне трапіў у рукі здымак, які захаваўся ў нашай сваячкі, сястры майго свёкра — Івана Аляксеевіча Вераскоўскага. Гэта фотакартка — сямейная рэліквія. Чалавек, у якога на галаве турбан, — Янка Маўр. — Настаўніца дастала бела-карычневы здымак. — Тут цэлая кампанія: дзед майго свёкра з цымбаламі, вясковыя хлапчукі, сям’я Маўра. Хто фатаграфаваў — не ведаю. Можа, хтосьці з дзяцей Маўра, больш ніхто не мог, — прапаноўвае сваю версію Алена Мікалаеўна. — Калі мне паказвалі здымак, казалі: «Маўры». Так вяскоўцы інтэрпрэтавалі прозвішча пісьменніка. Я і зацікавілася. Потым высветлілі, хто на здымку і што там адбываецца.

Тут летаваў беларускі Жуль Верн

Аказваецца, вясковая знаходка — 30-х гадоў мінулага веку. Фотакартка з’явілася, калі беларускі Жуль Верн летаваў на Лысай гары. Праўда, хата, у якой ён жыў, не захавалася.

— Але да таго месца водзім школьныя экскурсіі, — працягвае Алена Вераскоўская. — Янку Маўра прывёз у гэтыя мясціны Якуб Колас. Пісьменнікі ж парадніліся. Коласаў сын Міхась узяў замуж дачку Янкі Маўра — Наталлю. А тут жыў родзіч і Коласа, і Маўра — Адліванчык, былы дырэктар мясцовай школы.

Янку Маўру так спадабаліся турынскія краявіды, што ён тут шмат разоў адпачываў. Мясціны ля Лысай гары былі цікавыя тым, што кожны год затапліваліся. Лес блізка знаходзіўся. Хапала рыбы, ягад. І Маўр паставіў буданчык ля ракі і пісаў усё лета там. Калі надта дапякалі камары ці надаралася халоднае надвор’е, то размяшчаўся ў хаце.

— Сцвярджаюць, што аповесць «Палескія рабінзоны» была створана на беразе нашай ракі. Мы з дзецьмі прааналізавалі твор і знайшлі некаторыя дэталі. Калі Свіслач разлівалася, бо запруда стаяла ля фабрыкі, там вада круціла турбіны, то складвалася ўражанне, што быццам на Палессі апынуўся… Падарожнічаў Янка Маўр па турынскіх мясцінах. Таму мы і выхваляемся імі. І Колас таксама летаваў, прыязджаў сюды да Янкі Маўра. Сустракаліся яны часта на Лысай гары. Любілі, асабліва Колас, збіраць баравічкі. За хутарам жа лес адразу пачынаўся. А хутар — тры хаты ля рэчкі. І там у адной з іх жыў Янка Маўр.

Многія мясцовыя людзі помняць беларускага Жуль Верна. Свёкар Алены Мікалаеўны — Іван Аляксеевіч Вераскоўскі — таксама. Дзіцячая памяць данесла ўспаміны, а яму тады было няшмат гадоў, калі ён прыбягаў да дзеда — Фёдара Якаўлевіча Кенько, у доме якога жыў пісьменнік. Гэта была леснічоўка на Лысай гары, апошняя названа так, таму што тое месца было як лысае — без расліннасці. Зараз усё змянілася, паколькі мясцовая рака змяніла рэчышча, Лысая гара зарасла травой…

Па ўспамінах сваякоў Алены Вераскоўскай, Маўр быў добры чалавек. Шмат пісаў, ля рэчкі сядзеў. Вельмі любіў піць сырадой. Рыбу сам часта цягаў з вадаёма. Карміў Фёдар Якаўлевіч сваіх гасцей рознымі вясковымі прысмакамі — свежай рыбай, мёдам, грыбамі. Янку Маўру дзед Кенько паказваў, дзе можа выдра вылазіць. Яшчэ пісьменнік любіў назіраць за пчоламі-працаўніцамі на пасецы. Аднойчы яны пакусалі госця, і спагадлівы гаспадар лячыў Маўра…

А ў Федара Якаўлевіча цымбалы свае былі! На іх ён граў вечарамі, цешыў Маўра. Вядома, гаспадар быў малапісьменны і яму вельмі падабалася слухаць, як Маўр чытае свае творы, у якіх адпраўляўся ў далёкія падарожжы… Дзед забаўляў гасцей, як умеў. Настолькі добра забаўляў, што Маўру ўсё падабалася. У Турын не толькі сам пісьменнік прыязджаў, але і яго дзеці, якія бавілі час на рацэ. Гадоў пяць-шэсць, а то і болей, тут летавала сям’я Маўра.

Другія мясцовыя героі

Алена Мікалаеўна расказвае далей:

— У нас настаўнічаў Міхась Скрыпка, вядомы пісьменнік-сатырык. Выкладаў беларускую мову і літаратуру гады чатыры. Здымаў кватэру тут.

У нас вёска самабытная, і калі ён байкі розныя пісаў, матэрыял браў у Турыне… Як байкі нараджаліся? У Турыне ёсць вясковец, яго клічуць Гарбуз —далі такую мянушку. Раней ваду з ракі бралі, а па дарозе да яе — гара. І гэты вясковец, невысокі, тоўсценькі, пайшоў вады набраць. Падымаецца ўверх на гару — слізка. Упаў, пакаціўся. Адна жанчына не вытрымала і кажа: «Ой, гляньце, Гарбуз пакаціўся!» Так і прыліпла прозвішча. І такіх вельмі цікавых гісторый шмат…

— Пасля таго, як я прыехала сюды ў 1978 годзе, мы запрашалі Міхася Скрыпку ў школу на вечар сустрэчы з выпускнікамі. Калі яму патэлефанавалі, ён з радасцю згадзіўся. Помню, казаў, што на ўсё жыцце запомніў Турын. І ён шмат цікавага расказаў нашым дзецям: што ён тут бачыў, якія цікавыя гісторыі леглі ў аснову яго твораў, — успамінае Алена Мікалаеўна. — Скрыпка быў такі смяшлівы, з падколкамі. Я помню, што сваё выступленне пачаў так: «Я прыехаў у Турын і адразу пазнаў. Чым? Манерай! Дзе-нідзе плот разламаны …»

Калі ён наведваўся сюды, то сустракаўся і з былымі калегамі. Адзін з іх мне гаварыў, што Скрыпка быў у калектыве цудоўным чалавекам, памяркоўным. Вучняў ніколі не лаяў. Толькі дзеці ведалі: калі хмурыцца Міхась Скрыпка, і валасы ў яго такія трохі ёршыкам, ходзіць прыжмурыўшыся, то нешта не так. І вучні разумелі, што хоць ён знешне насуплены, як вожык, на самай справе — добрая душа. Расказвалі, што адно дзіцятка прыходзіла ў школу дрэнна апранутае, то Скрыпка апошнія грошы аддаў, каб яму дапамагчы. Набыў паліто і падтрымліваў, чым мог. Вельмі любіў таленавітых дзяцей. Некаторыя з іх нават спрабавалі вершы пісаць.

Турынскія сады

— Вы заўважылі, што ў Турыне многа садоў? — працягвае мая апавядальніца. — Вёска незвычайная тым, што спрадвеку імі славілася. Была цывілізаваная! Гісторыя яе цягнецца здаўна. Шпілеўскі, вядомы пісьменнік-этнограф, пісаў, калі прыехаў у нашы мясціны, што славіцца Турын сваімі грушамі бэрамі.

І такая незвычайная гісторыя пра Эпімаха. Таксама такое ў чалавека вясковае прозвішча. Многія нашы турынцы паехалі ў Амерыку за шчасцем. І паехаў гэты Эпімах. Пры сваім жыцці ён заўсёды любіў яблыні. Працаваў шчыра ў Амерыцы і, калі вярнуўся адтуль, прывез не чамадан грошай, а нешта болей дарагое для яго. Вяскоўцы ўспамінаюць: затрымалі Эпімаха на мытні, спыталі: «Што ты хочаш выбраць з таго, што зарабіў?» Ён сказаў: «Набор інструментаў і яблыню».

Мой дзед казаў, што гэта яблынька была дзіўная-дзіўная. Чым? Яна была такая яблыня-цыганка. Плады чырвоныя, а мякаць белая-белая. Эпімах так яе шанаваў! І хоць у канцы жыцця і памяць страціў, але за яблынькай, асабліва зімой, вельмі глядзеў. Ды ўсё роўна яна вымерзла. Прайшоў час, а ў Турыне помняць пра гэтага чалавека

— Нашы мясціны вельмі цікавыя, нездарма сюды прыязджаў Маўр. Людзей вяло нешта ў гэтыя мясціны. І дачка Янкі Маўра наведвала школу. Мы былі рады такой сустрэчы. Яна расказвала пра сваё дзяцінства, як яна з радасцю прыязджала ў Турын, пра тое, як любіла слухаць цымбалы, пра бацьку, — завяршыла Алена Мікалаеўна.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

←Шоппинг в крупном формате

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика