"Пясняр і цар усіх царэй"Прысвячаецца 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы
Бедны, але вельмі ганарысты герцаг, які не здольны аплачваць даўгі, аднойчы раніцай выйшаў на вежу свайго замка і ў святле сонца, што толькі яшчэ прачыналася, пад сценамі ўбачыў безліч пік і штандараў. Гэта армія яго суседа-крэдытора — барона. Больш высакародны ў саслоўнай лесвіцы герцаг у чарговы раз адмовіўся заплаціць доўг. Цяпер барон прыйшоў з воямі. Не можаш заплаціць грашыма — плаці сваёй свабодай ці жыццём... Такі вось жорсткі закон сярэднявечча быў праілюстраваны падчас пастановачнага бугурту на ІІ Міжнародным фестывалі гістарычнай рэканструкцыі "Спадчына вякоў", што днямі прайшоў каля Мірскага замка.
Паглядзець у вочы смерці
А дакладней — у шчыліну забрала ваяра, які раз'юшана бяжыць на цябе. Пасля кожнага залпу артылерыі наш атрад лучнікаў павінен быў "абсыпаць" стрэламі тых, хто стаяў за ўмацаваннямі. Для гэтага нам неабходна было выбегчы наперад войска, падрыхтавацца і выстраліць. Першыя гарматныя стрэлы тыя, хто абараняўся, пачулі яшчэ да пачатку штурму, хаваючыся за сценамі. Тое і зразумела: які нармальны чалавек паспрабуе падняць галаву, калі ў ягоны бок страляюць не толькі буйныя бамбарды і марціры (па-сучасным гарматы і мінамёты), але і невялікая дванаццаціствольная гармата "Дванаццаць апосталаў" (можна лічыць прабабкай кулямётаў).
Жорсткі бой скончыўся нашай перамогай. Захапіўшы герцага ў палон, наш сюзерэн нарабаваў шмат яго маёмасці: золата, жанчын... Самы час прайсціся паміж "трупаў" ды сабраць свае стрэлы, а калі пашчасціць, то і сцягнуць з каго-небудзь тую-сюю вопратку ці абутак.
Конны турнір
Пешыя рыцарскія турніры бываюць на кожным падобным фестывалі. А конныя баі і сёння, і ў часы сярэднявечча — далікатэс, "пакаштаваць" які ўсім хочацца больш за ўсё. А ўлічваючы тое, што прыехала ажно восем вершнікаў, то цікавасць гледачоў была невыказнай. І, як аказалася пасля, не дарэмна. Конны турнір атрымаўся на дзіва відовішчным. Рыцары не проста скакалі на канях, фанабэрыста прышпорваючы тых, а біліся паміж сабою, забываючы аб усялякай небяспецы. Дарма, што коп'і былі тупыя. Асабліва жорсткім атрымаўся бой, калі адзін з вершнікаў змог так моцна ўдарыць свайго праціўніка па шчыце, што той зваліўся на зямлю. Аднак і першы ад магутнага ўдару не ўтрымаўся на кані. Напужаныя гледачы на хвіліну, пляснуўшы ў далоні, сціхлі. Але абодва бясстрашныя воі вельмі хутка падняліся і працягвалі двубой.
Устаў раненька — і калі дровы
Я вам расказаў пра тое, як праходзілі турніры і баі. Аднак гэта толькі невялікая частка таго, чым даводзіцца займацца рыцару ў імправізаваным паходзе. Для таго, каб былі сілы на бугурты і іншыя бойкі, ваяру неабходна быць сытым і напоеным. Таму рамантыка рамантыкай, але без побыту і тут нікуды. Успомніце сваю звычайную раніцу: усталі, умыліся, націснулі кнопачку на найніку ці кававарцы і гэтак далей. Цяпер паглядзіце на раніцу рыцара: прачнуўся ад таго, што па табе проста гойсаюць туды-сюды мурашы; падняўся; вымыўся пад ужо гарачым сонцам; пад тым жа сонцам пачаў калоць дровы для таго, каб распаліць агонь і гатаваць ваду для гарбаты ды зварыць якой-небудзь кашы на сняданак і гэтак далей. Добра яшчэ, што ў нас ёсць дзяўчаты, якія ўмеюць рабіць на вогнішчы вельмі смачную ежу (толькі без бульбы і таматаў, якіх у сярэднявеччы яшчэ не было ў Еўропе).
Тое самае паўтараецца тры разы на дзень. Пасля такога пачынаеш неяк па-іншаму ставіцца да цывілізацыі...
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.