Салдацкая талака
Такая ўжо доля выпала ў Беларусі дзецям ваеннай пары, што назаўсёды засталіся ў іх памяці ўспаміны, якія, па жыццёвай логіцы, здавалася б, зусім не ўласцівы такому ўзросту. Але што зробіш, страшная вайна руйнавала не толькі нашы гарады і вёскі, але і дзіцячую свядомасць, якая так не хацела прымаць і разумець тое жудаснае, што прынесла нам злая варожая навала.
І ўсё ж былі ў тыя змрочныя часіны радасныя і шчаслівыя падзеі. Такое заканамерна, бо, нягледзячы ні на што, дабро перамагала зло. Найбольш хвалюючым і незабыўным стала для жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі лета 1944-га, калі наша армія пагнала ворагаў з роднай зямлі. Кожную такую падзею я берагу ў сваёй памяці, бы дарагі, найкаштоўнейшы душэўны скарб. Раскажу толькі пра адну — як ля нашай спаленай хаты чырвонаармейцы правялі салдацкую талаку.
Гаротная вёска
Нашу вёску Пешкі, як партызанскую, немцы спалілі ўшчэнт. Засталася толькі адна хата на самым канцы, бліжэй да лесу. І яе карнікі падпалілі, але справу да канца не давялі, партызанаў пабаяліся. Людзі, якія пры той карнай аперацыі забраліся ў лес, убачылі — займаецца і гэтая хата. Некалькі смелых хлапцоў прыбеглі і выратавалі пабудову ад агню. Праўда, доўгі час стаяла яна чорная і сумная, з абгарэлымі сценамі, але ж уцалела.
Мы, ратуючыся ад карнікаў, перабраліся на хутар Буда, які прывольна разлёгся на цудоўным улонні прыроды. У Будзе было толькі пяць хат, і добрыя іх гаспадары ласкава прымалі нешта каля 20 сем’яў вясковых пагарэльцаў. Немцы не асмельваліся сюды сунуць свой нос, бо з пункту гледжання небяспекі для людзей і магчымасці партызанскай засады хутар, так бы мовіць, займаў стратэгічнае становішча.
У ліпені 44-га ўвесь хутар жыў адным — мы чакалі нашых. Аднойчы партызаны паведамілі, што ўжо вызвалены наш райцэнтр Бяроза, ад якой да нашай вёскі кіламетраў 20. І вось неяк на схіле гарачага дня прыскакаў у Буду на замыленым кані стомлены чырвонаармеец і весела сказаў: «Усё, людзі, немца з вашай вёскі мы вытурылі, можаце вяртацца дамоў». — «Дзякуй, салдацік! — аж плакалі ад такой радасці жанчыны. — Дык мы пабяжым туды, каб яшчэ нешта паспець зрабіць да зімы».
Нашы прыйшлі!
Назаўтра наша сям’я з самай раніцы рушыла ў вёску. Зразумела, мы, як і іншыя пагарэльцы, спяшаліся да роднай сядзібы, дзе тужліва і самотна чарнела папялішча.
Тут па вёсцы разнеслася: «Нашы ідуць!» Мы выскачылі на вуліцу і аж зайшліся ад нечаканасці: па ёй шырокай жывой хваляй ішло войска. Я крычу бацькам: «Хутчэй сюды, нашы салдаты прыйшлі! Паглядзіце, колькі іх!» Мне ж так хацелася, каб і дарослыя, як і мы, дзеці, убачылі гэтую нечаканую з’яву, якая тварылася ў вёсцы, радаваліся вялікаму шчасцю.
Мы селі на тоўстыя сасновыя бярвенні, што ляжалі на вуліцы, якраз супраць нашага папялішча. Такім лясным матэрыялам абзавяліся амаль усе вясковыя пагарэльцы: вайна яшчэ не скончылася, а людзі думалі пра тое, як адбудаваць спаленую вёску, дзе лепш ладзіць новыя хаты. Таму вясковыя мужыкі загадзя і валілі дрэвы ў лесе, з вялікімі цяжкасцямі і небяспекай прывозілі ў вёску. І калі глядзелі на іх, лягчэй станавілася на душы.
«Мацыклет-машына»
А зараз бярвенні служылі выдатным месцам, каб назіраць, што адбываецца ў вёсцы. Па вуліцы ехалі грузавікі з салдатамі ў кузавах. Цяжка рухаліся гарматы. Ішла розная тэхніка, якой мы ніколі не бачылі. Было шумна, ажыўлена і весела.
— Во, мацыклеты, — кажа бацька. — Вельмі харошыя машыны, я іх аднойчы бачыў у Бярозе. Так імчыць, што самы жвавы конь адстане. Дый вязе мацыклет ажно трох салдат, — бацька быў вельмі задаволены, што «прасвяціў» нас наконт гэтых самых «мацыклетаў», якія ўспрымаў як машыны.
Прагучалі каманды, і ўсё спынілася — машыны, гарматы, пехацінцы. Усюды раздаваліся звонкія, вясёлыя галасы, смех, значыць, прыйшоў заўсёды жаданы і прыемны для салдата час — прывал.
Зямляк са Смаленшчыны
Якраз насупраць нас прытармазіла легкавушка, з яе выйшаў афіцэр, паправіў мундзір, фуражку на галаве, і мы загледзеліся на яго: такі стройны, падцягнуты, да таго ж вельмі прыгожы і зусім малады.
— Добры дзень, землякі! Ну, вось мы і сустрэліся. Відаць, зачакаліся нас, ды мы не вінаватыя, немец не слабы, так што ідзём з цяжкімі баямі. Маю родную Смаленшчыну ўжо вызвалілі.
Дарослыя таксама радасна павіталіся з афіцэрам, а мы, дзеці, толькі лыпалі вачыма і не ведалі, куды глядзець, столькі было незвычайных уражанняў.
— Што, уся вёска згарэла? — ці то пытаецца, ці то канстатуе факт афіцэр. — Як і на маёй радзіме.
— Ды ўсю знішчылі праклятыя немцы, бачыце, толькі папялішчы чарнеюць, — цяжка ўздыхаюць мае бацькі і суседка, што падышла да нас. — І вёска гаротная, і мы таксама…
Нам спачувае афіцэр
Афіцэр пастукаў наском бота па ствале крайняй сасны.
— Аж звініць, — сказаў задаволена. — На хату прывезлі?
— Ага, на хату, — адказвае бацька. — Вось вы прыйшлі, і мы адразу пачнём будавацца…
— Цяжка будзе, — спачувае афіцэр. — Мужыкоў вашых, якіх не паспелі мабілізаваць, зараз у армію забяруць. Нам жа яшчэ трэба палавіну Еўропы вызваліць ад фашыста, дабіць яго ў Берліне…
— Забяруць, а як жа інакш, хто ж будзе немца гнаць, — згаджаецца бацька. — І ніхто з вайны не адпусціць мужыкоў ставіць свае хаты. Але ж у вёсцы ёсць нямоглыя, хворыя на ногі — якія з іх салдаты. Вось і збяром талаку.
— Во, талака! Во здорава! — ажывіўся афіцэр. — Я сам вясковы і добра ведаю, што такое талака: яна ўсё можа. У нас талака для самай цяжкай і сур’ёзнай работы.
— У нас таксама, — адказвае бацька. — Тым больш калі трэба падымаць усю вёску, і жытло, і іншыя пабудовы. Куды тут аднаму, трэба разам, тады і лягчэй, і шпарчэй.
«Старшына! Да мяне!»
Афіцэр абышоў сасновыя бярвенні, што былі звалены як папала ля вуліцы. На нейкі момант задумаўся.
— А што так бярвенні паскідалі, без ніякага парадку? — пытаецца ў бацькі.
— Ды некалі было думаць пра той парадак. Намагаліся, каб хутчэй прывезці з лесу. І цяжка, і небяспечна, у любую хвіліну можна было чакаць немца. Здаралася, нават ноччу цягнулі з лесу гэтыя сосны…
— Так, так, усё зразумела, — згаджаецца афіцэр. І раптам зусім нечакана: — А знаеш, гаспадар, мы зараз на тваім двары і правядзём невялікую талаку. Нашу, салдацкую. Складзём гэтыя сосны ў штабелі. Старшына, да мяне! — камандуе ён, не даючы бацьку апомніцца ад такой цікавай прапановы.
Старшына падбягае да афіцэра, і той адразу ж коратка і ясна ставіць яму задачу:
— Бяры дзесяць салдат — і за талаку. Каб усе гэтыя сосны акуратна ляжалі ў штабелі. Задача зразумелая?
— Так точна. Ёсць талака! — весела і нават па-заліхвацку адказвае старшына, хаця па яго твары відаць, што крыху здзіўлены такім незвычайным заданнем.
Адвялі душу
У момант ля сосен сабралася з дзясятак салдат, мы адыходзім убок, каб ім не перашкаджаць. І закіпела работа. Крэпкія салдацкія рукі ўчэпіста бралі параскіданыя бярвенні, хутка і спрытна зносілі іх у адно месца. Акуратна клалі побач, спачатку ніжні рад, потым другі, трэці… Правяралі, ці надзейна трымаюцца сосны, папраўлялі, каб не рассыпаліся. Працавалі салдаты з вясёлымі жартамі, смехам, іншы раз адпускалі нязлыя кпіны ў адрас таго, хто не мог справіцца з чарговым бервяном…
— Глядзі, бацька, якая дружная талака ў маіх салдат, — кажа задаволены афіцэр. — Яны і ваююць здорава, і працуюць з настроем. Гэтая работа ім вельмі даспадобы. Сялянская справа, ад якой іх адарвала вайна. Вось і адвялі тут сваю душу…
«Прымай работу, гаспадар!»
Штабель гатовы, кожнае бервяно ў ім быццам падагнана адно да другога. Старшына прыдзірліва аглядае выкананую работу, дае салдатам каманду, сам падбягае да афіцэра:
— Дазвольце далажыць! Талака праведзена. Сосны ў поўным парадку, — ён глядзіць на свайго камандзіра і не можа стрымаць усмешкі.
— Прымай работу, гаспадар, — звяртаецца афіцэр да бацькі. — Калі што не так, скажы, адразу ж падправім.
Бацька незвычайна ўражаны. Гэта ж так пашанцавала на талаку. Ён разгубіўся і, як умее, па-мужыцку дзякуе афіцэру і салдатам.
— Ды за што дзякуй? — адказвае афіцэр. — Ну, памаглі вам крыху, і добра, — ён змаўкае на момант і працягвае, голас яго ўсхваляваны і дрыжыць: — Маёй хаты на Смаленшчыне таксама не стала, немцы спалілі. А бацька, як і я, на фронце. Дома ж толькі адна маці. Вернемся пасля вайны дамоў — талакой будзем падымаць сваю вёску. Вось толькі не ведаю, ці застанёмся жывыя ў гэтай вайне. Ну што ж, калі не вернемся — талака нашу маці не абыдзе, выручыць…