Які тэлефон службы выратавання?
Зразумела, "101". А вось начальніца аднаго з летнікаў на Віцебшчыне — а яна, як вядома, асабіста адказвае за бяспеку дзяцей, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры — толькі з трэцяй спробы ўспомніла дакладны нумар тэлефона пажарных. Да гэтага называла: "01", "001"... Зусім не весела, калі, не дай Бог, нешта незвычайнае ў лагеры адбылося б.
Карэспандэнт "Звязды" пабываў у некалькіх загарадных летніках. Браў удзел у рэйдзе разам з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў, якія кантралююць падрыхтоўку лагераў да прыёму дзяцей. Ініцыятарам правядзення рэйду стала Віцебскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях.
Першым мы наведалі летнік ААТ "КІМ", які знаходзіцца ў Сенненскім раёне. На момант нашага прыезду не было пяску ў спецыяльнай пажарнай скрынцы, пажарных шчытоў.
— Пясок сёння будзе... Змена ж пачалася толькі 19 чэрвеня і прадоўжыцца 18 дзён, — расказвае Уладзімір Бурмак, начальнік лагера "Чайка".
Дарэчы, сёлета кошт пуцёўкі большы за 1,2 мільёна рублёў. Што датычыцца заробку работнікаў, пакуль сказаць цяжка, якім ён будзе. Але пачуў, што "за такія капейкі" вельмі цяжка было знайсці ахвотных папрацаваць.
Дарэчы, ужо легендай стаў кур'ёз у іншым летніку, які адкрылі пры санаторыі, дзе па выніках змены работнікі... абавязаны былі яшчэ і даплаціць за знаходжанне ў лагеры, бо іх кармілі нароўні з дзятвой. У выніку зарабілі менш, чым каштавала харчаванне.
Пацікавіўся заробкам у маладой выхавальніцы, Алесі Карабіцкай, студэнткі трэцяга курса факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П.М. Машэрава. Дзяўчына сціпла прызналася, што не ведае, колькі атрымае: працаваць у летніку яна пагадзілася не за грошы, а таму, што падабаецца. Расказала, што вельмі любіць дзяцей. А для студэнта нават малыя грошы — не лішнія.
Разам з Людмілай Фёдараўнай Малікавай, загадчыцай аддзела гігіены дзяцей і падлеткаў Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, зайшлі ў сталовую.
— Харчаванне ў летніках павінна быць арганізавана 4-5 разоў праз 3-4 гадзіны. Фактаў харчовых атручванняў, успышак вострых кішэчных інфекцый у аздараўленчых летніках не зарэгістравана на працягу апошніх пяці гадоў, — каментуе яна. — Асаблівых прэтэнзій да якасці харчавання таксама не было. Стравы павінны адпавядаць патрабаванням па колькасці калорый і быць збалансаванымі. Каб высветліць, ці так гэта насамрэч, трэба правесці больш пільнае вывучэнне. Кожны тыдзень наша служба праводзіць маніторынг. Арганізавана штодзённая тэлефонная сувязь з кіраўнікамі летнікаў. Пры наведванні лагераў складваюцца пратаколы агляду выяўленых парушэнняў...
Пасля азнаямлення з работай харчовага блока летніка "Чайка" выявіліся парушэнні: для прыгатавання страў дзіцячага харчавання тут выкарыстоўваюць сталовыя яйкі, а патрэбны дыетычныя. Посуд таксама трэба замяніць, бо ён не адпавядае патрабаванням.
У летніку "Лясная паляна", які належыць арганізацыі "Віцебскаблаўтатранс", адпачываюць каля 120 дзяцей. Тут чамусьці "закрылі вочы" на неабходнасць выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі. Вогнетушыцелі, паводле слоў начальніка летніка, ёсць, але знаходзяцца яны "ў іншым месцы". Нават "прымітыўных" — старога ўзору — апавяшчальнікаў няма там, дзе праводзяцца мерапрыемствы для дзятвы. Супрацоўнік аддзела МНС Віцебскага раёна ледзь паспяваў запісваць усе ўбачаныя недахопы. У адказ на канкрэтнае пытанне: чаму не зрабілі ўсё неабходнае — у адказ пачулі, што прад'яўляць прэтэнзіі трэба арганізацыі, якой належыць летнік.
Летнік ААТ "Віцязь" — будучы "Артэк" — яшчэ толькі рыхтаваўся да прыёму дзятвы і падлеткаў. Адразу кінулася ў вочы, як старанна фарбуе рабочы вялікі... бюст Леніна(!). І тут, і там нешта рамантавалі, наводзілі парадак.
Летнік "Энергетык" "Віцебскэнерга" па праве можна назваць самым лепшым у вобласці. "Энергетык" больш нагадвае пансіянат еўрапейскага ўзроўню. У прыватнасці, сталовая хутчэй нагадвае рэстаран, дзе вельмі ўтульна. Старшы выхавацель Ірына Краўчанка расказала, што на харчаванне кожнага дзіцяці траціцца ад 28 да 32 тысяч рублёў штодня (у залежнасці ад катэгорыі харчавання).
Пасля рэйду пацікавіўся станам летнікаў у цэлым па Віцебскай вобласці ў начальніка прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алены Андрайковай.
— Ці зменшылася сёлета колькасць летнікаў?
— Іх меней не стала. Колькасць загарадных летнікаў — 35. Акрамя гэтага, кругласутачныя летнікі штогод адчыняюцца пры вучэбных установах, на базах адпачынку — і такіх больш за 10. Яны працуюць у раёнах, дзе фактычна няма ўласных "традыцыйных" летнікаў. У прыватнасці, у Глыбоцкім, Лепельскім, Шумілінскім, Пастаўскім і іншых. Штогод за лета ў аздараўленчых летніках адпачываюць каля 24 тысяч дзяцей і падлеткаў. Яшчэ прыкладна 31 тысяча чалавек — у прышкольных лагерах. Пакуль што не пачаў работу праваслаўны летнік "Дружба", разлічаны на адначасовае пражыванне 140 дзяцей: там не былі выкананы прадпісанні санітарнай службы. Сёлета гэтаму летніку было выдзелена 300 мільёнаў рублёў са сродкаў рэспубліканскага суботніку на выраб праектнай-каштарыснай дакументацыі для рэканструкцыі сталовай і яшчэ 25 мільёнаў рублёў — са сродкаў дзяржаўнага страхавання.
— Колькі грошай Віцебшчына ўклала ў падрыхтоўку летнікаў да адкрыцця, у развіццё іх інфраструктуры? Якія праблемы падрыхтоўчага перыяду можна назваць тыповымі?
— Больш за 1,7 мільярда рублёў былі размеркаваны паміж летнікамі. Астатнія сродкі, заробленыя падчас суботніка — прыкладна 800 мільёнаў рублёў — пойдуць на адкрыццё летніка пад рабочай назвай "Віцебскі "Артэк", які створаць на базе цяперашняга летніка прадпрыемства "Віцязь".
Тыповая праблема — летнікі працуюць толькі тры месяцы, у халады яны не ацяпляюцца. У выніку назапашваецца вільготны кандэнсат. Таму падчас падрыхтоўкі да сезона адпачынку даводзіцца траціць шмат часу і сіл, каб прывесці карпусы ў належны стан.
— Наколькі даступныя пуцёўкі ў летнікі?
— Сярэдні кошт пуцёўкі ў летнік сёлета складае 1,4 мільёна рублёў. З іх 605 тысяч рублёў — датацыя са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Яна прадугледжана не толькі для членаў прафсаюза, як чамусьці ўпэўнены многія бацькі, а для ўсіх бацькоў, і беспрацоўных таксама — толькі пры ўмове, што апошнія стаяць на ўліку ў службе занятасці насельніцтва. Дзеці-сіроты, а таксама з няпоўных і шматдзетных сем'яў, тыя, хто адпачываюць у спартыўных летніках, і некаторыя іншыя могуць разлічваць на выплату вышэй названай "датацыі" дзяржавы на дзве змены.
Прадпрыемства або арганізацыя — уладальнік лагера — для сваіх работнікаў можа па-рознаму аплачваць частку кошту пуцёўкі, але ў любым выпадку бацькі заплацяць не менш за 10 працэнтаў ад яе рэальнага кошту...
Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара.
Сенненскі, Віцебскі раёны