22 чэрвеня. Чатыры гадзіны раніцы. Брэсцкая крэпасць
У выставачнай зале па Савецкай, у цэнтры Брэста, адкрылася выстава. Дзеці малююць вайну. Пакаленне, чые дзяды з прыстаўкамі пра-, а то і прапра- маглі ваяваць, праз жывапіс увасобіла сваё бачанне першага дня вайны і мужнай абароны крэпасці. Прафесійныя мастакі станоўча адазваліся аб спробах пачаткоўцаў. Амаль на ўсіх работах прысутнічае тэма Брэсцкай крэпасці. Школьнікі перадавалі свае ўражанні ад наведвання мемарыяльнага комплексу, ад пачутага, убачанага на зямлі, якая 71 год таму ператварылася ў пекла. І нядзіўна, што сучасныя дзеці мабільна-камп'ютарнай эпохі пранікнёна малююць далёкую вайну. Усё, што робіцца дзеля падтрымання і захавання памяці, робіцца дзеля іх.
Менавіта каб жыла памяць, каб выхоўвала ў маладых пачуццё адказнасці за мір і спакой, кожны год яшчэ да чатырох гадзін раніцы ў крэпасці пачынаюць збірацца людзі. На мітынг-рэквіем паспяваюць і пасажыры Цягнікоў памяці, што прыбываюць з Масквы, іншых гарадоў блізкага замежжа. Ветэранаў прыязджае ўсё менш, у такіх гадах не проста адважыцца на падарожжа. Едуць найбольш дзеці і моладзь, актывісты і сябры розных грамадскіх арганізацый, а то і звычайныя школьнікі цэлым класам альбо студэнты — групай. Два гады таму давялося пазнаёміцца з групкай такіх студэнтаў, калі, стоячы побач, яны заспявалі гімн сваёй краіны. Гэта было раніцай, пасля прэм'ернага прагляду фільма "Брэсцкая крэпасць". Тады мы сабраліся на мерапрыемства не а палове чацвёртай, як звычайна, а ў гадзіну ночы. Аўтары, стваральнікі, выканаўцы галоўных роляў расійска-беларускай стужкі разам з гледачамі "перажывалі" пачатак вайны перад экранам ля Холмскіх варот, за 30 метраў ад ракі. А на экране тыя 30 метраў няспынна прастрэльваліся, і абаронцы паміралі ад смагі...
Што незвычайнага, здавалася б, у гэтых ранішніх мітынгах? Відавочна, яны маюць вялікую сілу эмацыянальнага ўздзеяння. Тут можна амаль што ўбачыць, як нараджаецца патрыятызм. Ніхто ж не прасіў расійскіх студэнтаў спяваць свой гімн, калі загучала музыка. У іх гэта атрымалася мімаволі. Менавіта пасля аднаго з такіх мерапрыемстваў расійскі артыст Міхаіл Ульянаў сказаў, што гэта сапраўднае, не паказное.
Колькі гадоў таму сапёрна-піратэхнічная група батальёна міліцыі абясшкодзіла авіяцыйную бомбу часоў вайны. Адну з тых, якія не разарваліся недалёка ад крэпасці падчас бамбёжкі. Перавозіць яе было небяспечна, смяротны груз падрывалі на месцы. На ўсялякі выпадак эвакуявалі дзве памежныя заставы — нашу і польскую. Былі прыняты ўсе меры перасцярогі. Камандзір групы маёр Сяргей Карнейчык расказваў тады, што сваіх байцоў ён адвёў на значную адлегласць. Але калі прагучаў выбух, усе яны адчулі, як здрыганулася зямля, нібы падскочыла. Варонка засталася больш за метр глыбінёй.
А калі ўявіць, што такія бомбы сыпаліся зверху адна за адной... Гэта і быў кашмар крэпасці. Пазней нямецкі мемуарыст напіша: "Дзіву даешся, як у такіх умовах рускія маглі сабрацца з сіламі і арганізаваць абарону". Але ж змаглі. Цяпер пра мужнасць невялікага гарнізона крэпасці ведаюць у многіх краінах. І менавіта тут яшчэ да світання пачынаецца Дзень памяці.
Сёлета пасля традыцыйнага мітынгу пачнецца гістарычная рэканструкцыя падзей 22 чэрвеня. Каля 500 пераважна маладых аматараў гісторыі з васьмі краін свету будуць імітаваць наступленне войскаў вермахта і мужную абарону крэпасці. Асноўнае прадстаўленне пачнецца з боку Кобрынскага ўмацавання. Маштабнасць падзеі павінна дадаць ваенная тэхніка ўзору 40-х гадоў і магутная піратэхніка. Арганізатарамі міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі выступілі Брэсцкі гарвыканкам, гаркам БРСМ, 38-я асобная мабільная брыгада.
Святлана ЯСКЕВІЧ.