ТрыглаЎ Вячаслава Рагойшы
Іх вяселле ў Ракаве, што доўжылася тыдзень, увайшло ў гісторыю.
С ловамі “За родную песню будзь ваякам” славуты пясняр Беларусі Янка Купала, 130-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета, звяртаўся ў сваім вершы да беларусаў, што прыйдуць на нашу зямлю з новымі пакаленнямі. Купалаўскі наказ, як жыццёвы дэвіз, з гонарам нясе прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Плён сваіх думак загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы на працягу шматгадовай дзейнасці прысвячае роднаму слову. Яго апантанасць літаратурай, краязнаўствам перадаецца студэнтам. У дзень 70-гадовага юбілею жадаючых павіншаваць Вячаслава Пятровіча сабралася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы поўная зала. Сярод іх была і карэспандэнт “НГ”.
Пакуль музейшчыкі ладзілі відэапрэзентацыю творчага шляху юбіляра, ён сам, прыкметна хвалюючыся, агаворваў пачатак сцэнарыя свята з вядучымі. Старанна раскладваў на стале экзэмпляры сваёй новай кнігі “Мой трыглаў: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч”. Тым часам разгаварылася з жонкай Вячаслава Пятровіча. Таццяну Вячаславаўну невыпадкова называюць анёлам-ахоўнікам вядомага літаратуразнаўцы. На ўсе мера-прыемствы, што арганізуюць у Беларусі і за мяжой, яна заўсёды ездзіць разам з мужам. І гэта не толькі таму, што яна сама — кандыдат філалагічных навук, літаратурны крытык, перакладчык.
“Ёсць людзі, што кажуць, быццам мужу і жонцы працаваць у адной галіне вельмі складана, — гаворыць спадарыня Таццяна. — Але гэта не пра нас са Славам. Мы — людзі, апантаныя літаратурай, любоўю да роднага краю. Хоць я нарадзілася ў Кіеве, скончыла філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўнівер-сітэта, гэта не перашкодзіла мне стаць сваёй у беларускай літаратурнай сям’і. Мяне вельмі хораша прыняло старэйшае пакаленне пісьменнікаў — Янка Брыль, Максім Танк, Іван Шамякін, з якімі Вячаслаў Пятровіч меў стасункі”.
Таццяна Вячаславаўна і Вячаслаў Пятровіч пазнаёміліся на студэнцкай навуковай канферэнцыі ў Адэсе. Вяселлю папярэднічалі пяць гадоў перапіскі. Пажаніліся ў 1967 годзе. Іх вяселле, што доўжылася цэлы тыдзень, потым назвалі “вяселлем веку”. І было з якой прычыны. Больш за сто гасцей, сярод якіх самыя вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Украінскія і беларускія народныя спевы пераліваліся з гучаннем цымбал, баяна, бубна, скрыпкі, флейты. Спяваў і бацька Таццяны, вядомы оперны спявак, вядучы тэнар Львоўскай оперы, потым — прафесар Львоўскай кансерваторыi, заслужаны артыст Украiны Вячаслаў Кабржыцкi.
Вяселле ў Ракаве ўвайшло ў гісторыю яшчэ і таму, што на ім пісьменнік Уладзімір Караткевіч знаёміў сваіх сяброў з будучай жонкай. Таццяна Вячаславаўна ўспамінае: “Караткевіч пазнаёміўся з Валянцінай у Брэсцкім універсітэце, дзе яна выкладала. Там арганізавалі творчую сустрэчу з пісьменнікам. Валя спазнілася, а калі ўвайшла ў залу і пачула, што хваляць нейкага пісьменніка за гістарычныя раманы, выклікнула: “Што вы тут гаворыце? Вось каб вы пісалі, як Караткевіч, то я паверыла б, што вашы гістарычныя раманы самыя лепшыя”. Зала грымнула ад смеху. Валя ў твар Караткевіча дагэтуль не ведала. А праз два тыдні яны разам гулялі ў нас на вяселлі. За час гасцявання ў Ракаве, Уладзімір Сямёнавіч так палюбіў мястэчка, што нават хацеў тут купiць лецiшча”.
Малады, высокi, прыгожы Уладзiмiр Караткевiч, як успамiнае Вячаслаў Пятровiч, на вяселлі прыцягваў да сябе ўсеагульную ўвагу сваiмi досцiпамi i залiвiстым рогатам. Калi яму далi слова, то ён устаў i зычным голасам зачытаў сваю “Эпiталаму Таццяне i Славу”: “Малю аб вечным i адзiным: /Хай шчасны будзе на вякi /Шлюб Беларусi i Ўкраiны, /Шлюб Львова й Iслачы-ракi”. Пад эпiталамай паставiлi свае прозвiшчы Алег Лойка, Адам Мальдзiс, Нiл Гiлевiч, Мiхась Ларчанка, Язэп Семяжон, Фёдар Янкоўскi.
Захоўваецца ў ракаўскім музеi і канапа беларускага пiсьменнiка. Уладзiмiр Сямёнавiч быў суседам Рагойшаў. Жылi ў розных пад’ездах, але праз сценку. І сябравалі. Караткевіч, калі ажаніўся, то сваю халасцяцкую канапу аддаў Рагойшу, каб той адвёз яе ў Ракаў. Цяпер яна — адзін з экспанатаў у Музеі поліэтнічнай культуры Ракаўшчыны, што Вячаслаў Пятровіч узвёў побач з хатай сваіх бацькоў. “Калi Валодзя халасцякаваў, то канапа была для яго вельмi зручнай, — расказвае прафесар. — У скрыню, што збоку, ён складваў свае рукапiсы, любiмыя кнiгi. Я спецыяльна яе не абнаўляў, пакiнуў такой, як ёсць”.
На юбілейную вечарыну Рагойшы прышлі тры яго сыны. Яны, выхаваныя ў літаратурнай сям’і, працягнулі ў сваёй дзейнасці справу бацькоў. Старэйшы Усевалад — дацэнт кафедры сучаснай беларускай лiтаратуры БДУ. Сярэднi Максiм — гiсторык, займаецца выдавецкай справай. Малодшы Пятро стаў фiлолагам-паланiстам i юрыстам, абаранiў кандыдацкую дысертацыю. “Сыны — гэта наша шчасце, — гаворыць Таццяна Вячаславаўна. — Украінцы кажуць: “Адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — о то сын”.
“Ракаў — гэта не Кракаў, але...”
Так напiсаў у сваiм эсэ Алег Лойка для газеты “Ракаўскi шлях”, якую выдае Вячаслаў Рагойша. Хоць у беларускiм мястэчку няма ўнiверсiтэтаў, буйной прамысловасцi, усё ж i Ракаў, i Кракаў маюць рысы падабенства. Назвы рэк Вiсла, на якой стаiць Кракаў, i Iслачы, што цячэ праз Ракаў, паводле сведчанняў некаторых тапанiмiстаў, паходзяць ад аднаго слова “вiслач” (“плывун, насычаны вадой пясок, твань”). Iснуе амаль неверагодная, але такая прывабная тэорыя, што ўсе назвы, якiя пачынаюцца з “ра”, маюць сувязь з егiпецкiм богам Ра. Яго ладдзя, паводле старажытнага мiфа, з’яўляецца на хвалях, як толькi сонца праб’ецца праз ранiшнюю смугу. Не верыце? Абавязкова завітайце туды. Можа, пашанцуе ўпэўніцца ў гэтым увачавідкі.