Галоўная падзея года

Источник материала:  

Дваццаць трэці з часу заснавання, пятнаццаты ў рангу міжнароднага Пастаўскі фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” аб’яднаў у адну вялікую і дружную сям’ю тых, каму блізкія сэрцу народныя мелодыі і напевы.

Не першы раз у старажытныя Паставы, на бераг маляўнічай ракі Мядзелкі, з’ехаліся лепшыя выканаўцы музычнага інструментальнага фальклору не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але і з Расіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Усе святочныя дні здавалася, што не толькі ўдзельнікі гэтага ўнікальнага фэсту, дзеці і дарослыя, а нават вулачкі райцэнтра спаборнічаюць паміж сабой талентамі і каларытам нацыянальных касцюмаў.

— Фестываль стаў адметнай з’явай у культурным жыцці краіны. У яго, як пераконваемся, ужо ёсць свая гісторыя і шматлікія прыхільнікі, — ад-значыў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, намеснік міністра культуры Беларусі, старшыня аргкамітэта фестывалю Тадэвуш Стружэцкі. — Гэта адно са старэйшых, найбольш папулярных і цікавых у прафесійным плане свят не толькі для артыстаў-аматараў, але і для кампазітараў, даследчыкаў, навукоўцаў.

Фестываль, як вядома, нарадзіўся ў Віцебску, два разы “сталеў” у Магілёве. Міжволі ўзнікае пытанне: чаму ж ён назаўжды прапісаўся менавіта ў Паставах?

— Бо на Паазер’і тутэйшым жыхарам удалося зберагчы народныя музычныя традыцыі, адметнасць рэпертуару і самабытнасць ігры на музычных інструментах, — так адказаў на гэта пытанне старшыня конкурснага журы, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Міхаіл Казінец.

Калі знаёмішся бліжэй з жыхарамі гэтага гасціннага і прыгожага краю, пераконваешся ў тым, што захапленне ігрой на нацыянальных музычных інструментах перадавалася тут з пакалення ў пакаленне — ад дзеда да ўнука, ад маці да дачкі. Па ўспамінах старажылаў, ні адно свята не абыходзілася тут без звонкіх цымбалаў, галасістага гармоніка і мілагучнай скрыпкі. Музычная выканальніцкая школа, закладзеная ў гэтых мясцінах яшчэ ў ХVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам, набыла з цягам часу новае жыццё. І перш за ўсё дзякуючы такім мясцовым самабытным калектывам, як Груздаўскі цымбальны аркестр, што быў створаны ў трыццатыя гады мінулага веку. Цяпер гэта вядомы заслужаны аматарскі калектыў Беларусі — ансамбль “Паазер’е”, у складзе якога выкладчыкі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Як адзначыла адна з удзельніц ансамбля Ванда Мацкевіч, іх музычны аматарскі калектыў рос літаральна разам з фестывалем “Звіняць цымбалы і гармонік”. Спачатку ансамбль атрымаў званне “народнага”, а потым заслужанага ама-тарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Цяпер песні ансамбля “Паазер’е” — своеасаблівая візітка гэтай унікальнай міжнароднай падзеі.

Трэба адзначыць, што Ванда Іванаўна іграе не на сучасных, а на дыятанічных цымбалах. Назва для нас незнаёмая, але менавіта на такім інструменце ігралі нашы продкі і сто гадоў таму. Выконвалі полькі, кадрылі, вальсы — на святах, вяселлях, іншых сямейных урачыстасцях.

Яшчэ адна ўдзельніца фестывалю — кіраўнік народнага клуба нацыянальнай кухні, гульняў і абрадаў “Традыцыя”, што створаны пры аддзеле культуры Пастаўскага райвыканкама, Ганна Балаш. Яна прывячала гасцей разам з унучкай Палінай. Як высветлілася, Ганна Арсеньеўна працуе ў клубе амаль дзесяць гадоў. Хоць гаварыць “працуе” было б не зусім правільна, бо гэта справа захапляе яе душу і сэрца. У складзе клуба 15 чалавек, у асноўным гэта работнікі культуры.

 — Для нас фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” — галоўная падзея лета. У Паставах лічаць, што яна — бясконцая, — гаворыць Ганна Балаш. — Бо калі сціхаюць апошнія песні аднаго свята, мы адразу ж пачынаем рыхтавацца да наступнага. Кожны раз дэманструем не толькі музычныя таленты, спяваем беларускія народныя і аўтэнтычныя песні, а і сустракаем сяброў знакамітымі пастаўскімі пачастункамі. А той, хто пакаштуе нашай гарбаты з зёлкамі, пірагоў ці іншых ласункаў і прысмакаў, прыгатаваных па старадаўніх беларускіх рэцэптах, нібыта сваяком нашым становіцца, — жартуе субяседніца. — Іншым разам здаецца, што нават на нашым пастаўскім дыялекце размаўляць пачынае.

Як аказалася, удзельнікі клуба “Традыцыя” яшчэ і сапраўдныя артысты, бо могуць паказаць любы народны абрад: вяселле, хрэсьбіны, каляды, гуканне вясны.

А што датычыцца гасцей, ім тут заўсёды рады, таму ўсе, хто завітаў у Паазер’е ў гэтыя шматлюдныя і звонкія дні, абавязкова вернуцца сюды яшчэ не раз.

— Мы на такім фестывалі ўпершыню, але абавязкова прыедзем і ў наступным годзе, — запэўніла нас кіраўнік танцавальнага эстонскага ансамбля “Тамміку” Хэлі Торы. — Уражанні ад мерапрыемства цудоўныя, асабліва спадабалася яго атмасфера, шчырыя, шчодрыя і адкрытыя людзі вашай песеннай зямлі.

←Звездное лето Дарьи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика