Краіна "зялёных" традыцый

Источник материала:  

Далёкі астравок пад назвай Ірландыя вядомы сваімі сакавітымі пейзажамі, народнымі танцамі і музыкай, незвычайнымі святамі, чысцінёй навакольнага асяроддзя. Жывуць тут вясёлыя і жыццярадасныя людзі. У Ірландыі — непаўторны каларыт, энергетыка. Жывая музыка на традыцыйных інструментах, пранікальная ў душу; адметныя танцы. Старажытныя легенды пра лепрыконаў, эльфаў, друідаў абуджаюць цікавасць у самых заўзятых скептыкаў.

Краіна "зялёных" традыцыйІрландская культура набыла вядомасць ва ўсім свеце. У нашай краіне таксама ёсць прадаўжальнікі "зялёных" традыцый. З'яўляюцца школы ірландскіх танцаў, музычныя гурты, якія выконваюць ірландскі фолк. У прыватнасці, вядомая сваімі дасягненнямі мінская школа ірландскіх танцаў "Фенікс", самая буйная ў Беларусі. Школа была арганізавана ў 2006 годзе Юліяй Палачанінай, педагогам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Вікторыя".

— Як з'явілася ідэя стварэння школы?

— У 2003 годзе я пачала займацца ірландскімі танцамі, на гэта мяне натхнілі пышныя ірландскія шоу "Rіvеrdаnсе", "Lоrd оf thе Dаnсе" і такія майстры танца, як Майкл Флэтлі, Колін Дан, Джын Батлер. Усё пачалося як захапленне, а перарасло ў прафесію. Спачатку я выкладала сярэднявечныя танцы і танцы народаў свету, а ірландскія былі толькі адным з кірункаў. Але хутка стала зразумела, што ахапіць адразу ўсё немагчыма. Таму цяпер наша спецыялізацыя — менавіта ірландскія танцы.

— І якія поспехі?

— У 2007 годзе мы пазнаёміліся з педагогам з Галандыі Шонам Гаванай і ўступілі ў Сусветную асацыяцыю ірландскага танца (WІDА), кіраўніком якой ён з'яўляецца. У тым жа годзе арганізавалі першы мінскі чэмпіянат па ірландскіх танцах. А летась прайшоў ужо першы ўсебеларускі чэмпіянат. Нядаўна вярнуліся з паездкі ў Дзюсельдорф, дзе праходзілі чэмпіянаты Еўропы і свету па ірландскіх танцах. Наш педагог, Вікторыя Гомза, стала першай беларускай чэмпіёнкай Еўропы і свету, а вучні прывезлі вялізную калекцыю медаляў і кубкаў.

— Ці запатрабаваныя ў Беларусі ірландскія танцы?

— Цікавасць да гэтай культуры расце з кожным годам. У нашай краіне, як і ва ўсім свеце, штогод 17 сакавіка адзначаюць дзень святога Патрыка. Уладзімір Гінько (цяпер музычны кіраўнік Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі") арганізоўвае культурныя праекты, дзе выступаюць як айчынныя музычныя калектывы, так і прадстаўнікі з іншых краін. Заўсёды з задавальненнем наведваем падобныя мерапрыемствы. Там мы не толькі выступаем і з нумарамі, але яшчэ і праводзім майстар-класы для ўсіх ахвотных. У 2010 годзе сумесна з кампаніяй "Белтэлекам" мы арганізавалі танцавальны праект у рамках фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", дзе былі і шоу-нумары, і майстар-класы, і конкурсы з прызамі. А летась мы паўтарылі гэты праект на ніжнім узроўні гандлёвага цэнтра "Сталіца" — атрымалася вельмі добрае свята, якое пазнаёміла з ірландскай культурай вялікую колькасць гледачоў.

Краіна "зялёных" традыцый

Акрамя таго, мы наладжваем уласныя вечарыны пад жывую музыку. Людзі могуць весела патанцаваць нескладаныя народныя танцы, адчуць атмасферу і каларыт ірландскай культуры.

— Каб займацца ірландскімі танцамі, патрэбна пэўная фізічная падрыхтоўка? Або прыйсці можа кожны?

— Да нас ідуць як дзеці, так і дарослыя без якіх-небудзь танцавальных навыкаў. Вядома, вучыцца танцаваць на высокім узроўні давядзецца даволі доўга, таму што гэтыя танцы вельмі хуткія і прыгожыя менавіта пры ідэальным і вонкава нязмушаным выкананні. Традыцыйныя ірландскія танцы дзеляцца на "мяккія" і "жорсткія", у залежнасці ад абутку і танцавальных камбінацый. У "мяккіх" танцах упор робіцца на скачкі, а ў "жорсткіх" (стэп) важны гук абцасаў. Таму для кагосьці лягчэй навучыцца "мяккім" танцам, а камусьці наадварот. Але пры жаданні і рэгулярных трэніроўках можна дасягнуць прыстойнага выніку ўжо за год. Ёсць яшчэ вялікая група простых народных танцаў — сэтаў, здужаць якія зможа кожны; "кейлі" — групавыя танцы са складанымі фігурамі і простымі крокамі; пастановачныя шоу-танцы, дзе ірландская традыцыя спалучаецца з іншымі танцавальнымі кірункамі. Такім чынам, кожны на нашых занятках знаходзіць для сябе тое, што яму больш па душы і па магчымасцях.

— А ці жорсткая канкурэнцыя сярод школ?

— Канкурэнцыя ёсць заўсёды, — усміхаецца Юлія. — Але мы супрацоўнічаем, арганізоўваем чэмпіянаты, сумесныя канцэрты з іншымі школамі — "Глорыяй", "Басдансам", "Кельцік Дрэган". Так, мы прымалі ўдзел у канцэртах штогадовага фестывалю ірландскай культуры "Дзень святога Патрыка", выступалі ў праекце "Ірландскі фэст" з фольк-кантры-групай "Рагнеда".

Нягледзячы на тое, што мы жывём у эры камп'ютараў, бетонных сцен, высокіх будынкаў, усё роўна нешта цягне нас да фальклору.

Іна Валкавец.

←Дьявол кроется в деталях

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика