Крыху вясновай пяшчоты
Нікому з нас, паверце, яна не пашкодзіць
Вясна паступова набірае сілы і ўсё больш дорыць нам добрай лагоды і хвалюючай пяшчоты. Праўда, як мы адчуваем, як радуе нас гэтая пара года, у многім ад нас саміх і залежыць. Ну вось разлiлася на вуліцы лужына, адзін успрымае яе як мутную ваду, бруд і нічога прыемнага. Другі, з душой лірыка, калі раптам сонца кіне свае зыркія промні на гэтую самую лужыну, убачыць у ёй зоркі або гарэзлівую ўсмешку вясны. Так можа быць у любой вясновай прыкмеце. І што ні кажыце, а лірыку жыць больш цікава і прыемна, бо самыя простыя, паўсядзённыя рэчы і з’явы ён умее надзяліць дзіўнымі, часам фантастычнымі вобразамі, якія абагачаюць яго думкі і пачуцці. Тым больш вясной, калі ўсё навокал абуджаецца.
Менавіта ў такі дзень я прыехаў у вёску, каб пачуць вясну. Сёння вельмі пагодлівы дзень, у хаце не сядзіцца, цягне на вуліцу. Неба сіняе-сіняе, у паветры ціхая лагода, сонца шчодра лье на зямлю сваё святло і цяпло.
Якраз поўдзень, і тут пачынаецца сімфонія, сатканая з тонкіх, далікатных гукаў і колераў: з даху хаты падаюць маленькія кропелькі, за імгненне яны паспяваюць аздобіцца сонечнымі праменьчыкамі. І ўжо ляцяць ўніз залацістыя зорачкі. Мала што незвычайна прыгожыя, дык яшчэ і тоненька, дрыготка звіняць.
На галінах яблынь у нашым садзе таксама вісяць бліскучыя кропелькі. Праўда, жывуць яны толькі ўдзень, а ноччу, калі раптам у сад загляне неўтаймаваны марозік, ператворацца ў пацеркі да таго часу, калі ласкавае сонца не адагрэе іх.
Палова нашай хаты выходзіць на поўдзень. З самай раніцы яна адкрыта сонцу. Тут напачатку вясны самы цёплы і ўтульны куточак, які аблюбавалі вераб’і. Вось і зараз уладкаваліся яны ля нагрэтай сцяны, быццам ля той цёпла натопленай печы. Ах, непаседы, скачуць,чырыкаюць, ледзь не верашчаць. Відаць, радуюцца, што нармальна перазімавалі, бо было ж столькі снегу і марозы іншы раз, асабліва па начах, так даціналі, што, здаецца, варта было прасіцца гэтым самым вераб’ям да людзей у іх цёплыя хаты.
Раптам вераб’і зашумелі, дружна ўзляцелі і панесліся наперагонкі. Куды ж? А да хаты нашага суседа, дзядзькі Сівага. Ён жыве ў вёсцы круглы год. І птушкам, якія тут зімуюць, яго двор — сапраўдны паратунак, дзе ім заўсёды забяспечаны абедзенны стол. Вось і зараз вераб’і адчулі, што наспеў час абеду, таму і паспяшаліся, каб не спазніцца.
— Гэта цэлая стая, нешта каля дваццацi вераб’ёў, — расказвае сусед. — Усю зіму тут, прывыклі да маёй хаты, да мяне. Я таксама здружыўся з імі, бо весялей, усё ж жывыя істоты. Частую камбікормам. Але пражорлівыя, майго стала ім мала. Дык наведваюцца яшчэ і ў тыя двары, дзе гаспадары трымаюць курэй. У кампаніі з імі і абедаюць, па-сяброўску дзеляць корм. Праўда, зараз снег амаль сышоў, і вераб’і павесялелі — на зямлі можна знайсці нейкую спажыву. А вось сінічкам цяжэй, бо яны больш пераборлівыя. Восем іх зімавалі ў мяне, перазімавалі, — бо ўвесь час карміў кавалачкамі сырога сала. Падсілкуюцца — і ў хлеў, дзе цяплей. Перазімавалі.
Бачу і на тым краі вясковай вуліцы, дзе яшчэ ляжыць наздраваты снег, нешта заварушылася. Ага, з-пад снегу прабіваецца кволенькі ручаёк. Сонца падагрэла снег, ён пачаў раставаць, і нара-дзіўся гэты жывы струменьчык вады. Раптам прапаў. Няўжо зусім? Не, ручаёк прабраўся пад снегам і зноў выскачыў на паверхню, быццам па інстынкту, у бок шырокай канавы. Праз некаторы час яна прыме шмат такіх ручайкоў...
Побач з вёскай — поле, яно ўжо амаль без снегу. Тут пустая шэрань і, здаецца, нічога цікавага. Суседскі хлопчык, які з горада ў вёску прыехаў на вясновыя канікулы, нетаропка ходзіць па полі і пільна ўзіраецца навокал.
— Ага, знайшоў! — раптам узрадавана крычыць. — Дзядзечка, я жаваранка тут убачыў. Бачу, скача па зямлі, такі маленькі, шэранькі, ледзь яго прыкмеціў. Але ж удалося, пойдзем, паглядзіце і вы. Толькі б не спалохаць, хай тут жыве...
Ах, гэтая непасрэднасць і чыстая радасць, якую ранняя вясна падарыла гарадскому хлапчуку. У ёй таксама лёгкая пяшчота і хвалюючая нечаканасць, што чаруюць наша сэрца і робяць нас добрымі.