Самы хуткі ядок працуе на трактарным заводзе

Источник материала:  

У Мінску прайшоў дэбютны чэмпіянат па хуткасным паяданні сандвічаў

Сярод удзельнікаў — шасцёра бравых хлопцаў, сярод балельшчыкаў — сваякі, журналісты і проста звычайныя прахожыя. У невялічкай сталічнай піцэрыі "Боска" нават не хапіла месца, каб прыняць усіх ахвотных. Астатнія, нягледзячы на перашкоды, назіралі з-за шкла, здымалі на мабільныя тэлефоны, весяліліся і, як здалося, пачуваліся таксама някепска. І не дзіўна. Напэўна, для большасці гледачоў падобнае мерапрыемства стала своеасаблівым адкрыццём. І калі ў ЗША ўжо даўно страўнікі набіваюць хот-догамі, створана адмысловая федэрацыя, то ў Беларусі асноўным інструментам для кожнага гурмана выбралі даўжэзны сандвіч вагой у 1,5 кілаграма.

Напачатку ўдзельнікі выглядалі даволі бадзёра, усміхаліся, падміргвалі. Аднак на фінішы здалося, што не чалавек скарыць сандвіч, а сандвіч чалавека.

Самы хуткі ядок працуе на трактарным заводзе

— Скажу шчыра, калі ўбачыла напалову прыгатаваныя сандвічы, якія кухар яшчэ запраўляў інгрэдыентамі, я спужалася за ўдзельнікаў, — кажа вядучая шоў Тоня Зінавенка. — Забіць такім нельга, але пагражаць злачынцам можна дакладна.

Як лічыць Тоня, перамагчы маглі маладыя ўдзельнікі, але мужны, вопытны слесар з МТЗ Дзмітрый Мініч вырашыў інакш: за 20 хвілін на вачах у сына ён цалкам з'еў сандвіч і заваяваў галоўны прыз — 500 тысяч беларускіх рублёў.

— Я проста вырашыў прыйсці і паснедаць, адпачыць, пазабаўляцца, — прызнаўся Дзмітрый, які адмыслова да спаборніцтваў не рыхтаваўся, а хутка есці навучыўся яшчэ з часоў службы ў войску. — Я быў у сабе ўпэўнены. Пад канец прыйшлося цяжкавата. Еў механічна, як кракадзіл. Думаю, што і ў наступным падобным конкурсе паўдзельнічаю.

На працягу 2012 года пройдзе яшчэ 5 падобных турніраў, але паглынаць ужо будуць піцу, гамбургеры, курыныя ножкі і дранікі.

— Мерапрыемства спланавалі даволі хутка, — дзеліцца ўражаннямі арганізатар і спонсар Віталь Трухановіч. — За тыдзень падрыхтаваліся. Задаліся пытаннем: а чаму не паесці сандвічы на хуткасць? Мяркую, гэта добрая ідэя. На наступным турніры есці будуць піцу. Прыз — 2 мільёны рублёў!

Тарас ШЧЫРЫ.

←Брестчанину дали 4 года за продажу стройматериалов с чужих земельных участков

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика