На колькі павысілі ВНУ кошты на навучанне?
11.02.2012 12:15
—
Новости Общества
На колькі павысілі ВНУ кошты на навучанне?
Фото с сайта collegeresourcenetwork.com
Адным з першых новы кошт падрыхтоўкі спецыялістаў на платнай аснове агучыў Белдзяржуніверсітэт. На асобных спецыяльнасцях БДУ кошт навучання перавышаў 9,3 мільёна рублёў яшчэ пасля апошняга павышэння цэн, якое адбылося ў лістападзе.
Але ўжо ў лютым цэннікі на самых дарагіх і прэстыжных спецыяльнасцях перасягнулі планку ў 12 мільёнаў рублёў. Так, напрыклад, 12 млн 67 тысяч рублёў вымушаны будуць плаціць за сваё навучанне цяпер студэнты першага курса дзённай формы навучання эканамічнага, юрыдычнага факультэтаў, факультэта міжнародных адносін, а таксама студэнты некаторых спецыяльнасцяў Інстытута журналістыкі, гуманітарнага, філалагічнага факультэтаў і факультэта філасофіі і сацыяльных навук. На механіка-матэматычным факультэце, ФПМІ, факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, фізічным, хімічным, геаграфічным факультэтах кошт навучання перасягнуў 10 мільёнаў рублёў, на біялагічным факультэце — 11 мільёнаў рублёў. А самымі "таннымі" для першакурснікаў застаюцца ў БДУ спецыяльнасці "беларуская філалогія", "руская філалогія", "славянская філалогія" і "сацыяльная работа" — 8 млн 683 тысячы рублёў. Фактычна на ўсіх спецыяльнасцях кошт навучання павысіўся ад 2,2 да 2,7 мільёна рублёў.
Як падкрэсліваецца ў тлумачальнай запісцы да загада аб павышэнні кошту падрыхтоўкі спецыялістаў на платнай аснове, у студзені рост заработнай платы склаў у БДУ 45,6%, у тым ліку заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу павялічылася на 48,1%. Рост выдаткаў на заработную плату ў цане склаў 45,6%. А выдаткі на аплату камунальных паслуг і іншыя засталіся на ўзроўні лістапада 2011 года.
Улічваючы сацыяльную значнасць паслугі і рэкамендацыі Міністэрства адукацыі, рост кошту платнага навучання ў параўнанні з дзейнай цаной на дзённай і завочнай форме навучання не перавысіў 29%.
"Недапушчэнне росту цаны больш чым на 29% было дасягнута шляхам зніжэння ўзроўню рэнтабельнасці, — сцвярджаюць у БДУ. — На дадзены момант "вага" заработнай платы і налічэнняў на заработную аплату ў калькуляцыі навучання складае 88,4%. Удзельная вага камунальных выдаткаў — 8,9%, іншых выдаткаў — 2,7%. Такім чынам, сярэдняя рэнтабельнасць на завочнай форме навучання складае 4%, а на дзённай — 0%".
Трэба дадаць, што ўзровень аплаты ў канкрэтнай ВНУ можа залежаць ад спецыяльнасці, якую атрымлівае студэнт, кваліфікацыі, стажу работы прафесарска-выкладчыцкага складу і іншых педработнікаў, а таксама стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Традыцыйна самай дарагой (прычым не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце) з'яўляецца вышэйшая медыцынская адукацыя. Але кошт навучання ў БДУ літаральна наступае платнай падрыхтоўцы медыкаў на пяты.
Маскевич: Стоимость обучения в вузах поднимется менее чем на 50% >>>
Студэнты, раскажыце, як змяніліся кошты на навучанне ў лютым у вашых ВНУ?