“У мяне такая цяга да вышыўкі, як у алкаголіка да гарэлкі”

Источник материала:  
“У мяне такая цяга да вышыўкі, як у алкаголіка да гарэлкі”

Пра тое, што я павінна пазнаёміцца з Еўдакіяй Пракопаўнай, пачула ад мясцовых жыхароў, якія даведаліся, што я прыехала ў Будслаў з “Народнай газеты”. “Гэта скарбніца мудрасці, цікавых гісторый і пазітыву, — расказвалі мне пра Грышкевіч. — Пра такіх людзей павінны ведаць”. І, прызнацца, пасля гутаркі з Еўдакіяй Пракопаўнай, ці Дусяй, як яе пяшчотна называюць у вёсцы, я ўпэўнілася, што гэта сапраўды так.

Стракатыя вышыванкі

На парозе нізенькай хаты, абапіраючыся на кіёчак, сустрэла мяне 83-гадовая бабуля. Гасцей яна не чакала, аднак бачыць у сваім двары новыя твары для яе нядзіва — многія з прыезджых жадаюць пазнаёміцца з Еўдакіяй Пракопаўнай. І яна ўсіх прымае з вялікай радасцю і гасціннасцю. У хаце бабулі вельмі цёпла ад напаленай печы і ярка — ад шматлікіх вышыванак: ручнікоў, абрусоў, посцілак, падушак, абразоў...Еўдакія Пракопаўна даўно займаецца рукадзеллем. Праўда, раней, калі шмат працавала і гадавала дзяцей, гэта магла дазволіць сабе толькі па начах ды зімнімі вечарамі. А цяпер, на пенсіі, вольнага часу хоць адбаўляй. Вось Еўдакія Пракопаўна яго і траціць... на мужа ды вышыўку.— У мяне такая цяга да вышыўкі, як у алкаголіка да гарэлкі, — смяецца бабуля Дуся. — Убачу які малюнак на пушцы з-пад цукерак ці на абрусе, рукі самі цягнуцца, каб паўтарыць узор на тканіне. Пасля таго як колькі гадоў таму бабуля страціла сваю дачку,  вышыўка стала для яе сапраўднай аддушынай. — Толькі ёю і ратуюся, — прызнаецца рукадзельніца. — Вышываючы, я забываюся пра ўсе праблемы.

Цудадзейны акрайчык

А перажыць жанчыне прыйшлося шмат. Нарадзілася яна ў Гомельскай вобласці, у вёсцы, якая сёння знаходзіцца ў чарнобыльскай зоне. Аднак з роднага гнязда Еўдакію выгнаў не Чарнобыль — вайна. І перажыць яе Дусі разам з іншымі дзецьмі прыйшлося без маці — яна памерла ў 1942-м, паспеўшы благаславіць дзяцей кавалачкам хлеба. Той акрайчык Дуся пранесла з сабой праз усю вайну. Верыць, ён і дапамог ёй выжыць.Немцы прыйшлі ў вёску восенню 42-га. У той час яна з дзвюма малымі сёстрамі жыла з бацькам, які моцна хварэў. — Наляцелі, парэзалі кароў, пазганялі людзей з іншых вёсак, — успамінае бабуля. — Гэта быў страшны час. Але ўсе мы верылі, што немцы хутка сыдуць, і мы застанёмся ў вёсцы. Ды аднойчы пачулі з вуліцы голас канваіра: “Выходить всем с вещами и идти в конец деревни. Кто не выйдет из построек, будет расстрелян”. Выйшлі хто з чым. Бацька парадзіў малым прыладкавацца да суседа, у якога  былі жонка і двое дзяцей. Ведаў, што стары знаёмы прыгледзіць за яго дзяўчынкамі, бо ў самога сіл ужо не было.— А дзядзька не ў канец вёскі пайшоў, а ў лес кінуўся. І мы ж за ім. Немцы страляюць па нас. А мы — на зямлю і ў канаўку. Сядзелі, слухалі, як людзей з хат выганялі, як яны галасілі. А вечарам у лес пайшлі — там у кожнага бліндажы былі зроблены. Холадна, есці няма чаго... Колькі мы там былі, зараз і не ўспомню. Але сядзець даўжэй ужо не было сіл. Папрасілі дзядзьку, каб ён нас на магілку мамы адвёў. Вырашылі, што там паміраць будзем...Еўдакія Пракопаўна расказвае, а я не магу надзівіцца таму дзіцячаму рашэнню.— Пакуль дайшлі, паслаблі зусім, — працягвае бабуля. — Але па дарозе выкапалі колькі мёрзлых бульбін, падсілкаваліся крыху. На могілках цішыня. Толькі мы трое, ды цётка з дзецьмі. Дзядзька адвёў нас, але стараўся трымацца на адлегласці — інакш нас прынялі б за партызанскую сям’ю і адразу расстралялі. Раніцай прачынаемся, а вакол — немцы з сабакамі. Паднялі на ногі і пагналі разам з іншымі пад Красны Бераг. Туды зганялі людзей з розных вёсак. У кожную хату набілася не менш за трыццаць чалавек. Чаго там толькі не было! Вошы, кароста, тыф...  Але неяк перазімавалі.

На нямецкай зямлі

А вясной дзяцей сталі вывозіць у Германію.— Сагналі ў цялячыя вагоны без акон, далі па булачцы і адправілі ў дарогу. Колькі ехалі, цяжка сказаць. На вайне, прызнацца, час па-іншаму ідзе. У галаве адны думкі: выжывеш ці не.Лагер, куды трапіла Дуся з сёстрамі, знаходзіўся на рацэ Эльбе. Як аказалася пазней, якраз над нямецкім зброевым заводам. Хітрая задумка фашыстаў: жадаючы знішчыць завод, непрыяцелю прыйшлося б бамбіць сваіх жа дзяцей.— І мы працавалі на гэтым заводзе, — расказвае бабуля. — Мяне паставілі да станка, а меншыя наждачкай чысцілі нейкія дэталі. Кармілі ў асноўным шпінатам, у нядзелю давалі па некалькі бульбін. Але колькі там наясіся. Самі дабывалі сабе ежу. Пасля бамбёжкі рабілі падкопы і беглі шукаць, дзе там што разбамбілі. Памятаю, як натрапілі на цукровы завод. Я прынесла ў лагер цэлую крыгу цукру, чорнага, спаленага... Але ж гэта быў цукар! Абступілі вакол малыя, усім падзяліла — і сваім, і чужым.Вызвалілі лагер амерыканцы — якраз напярэдадні Вялікай Перамогі.— Была прапанова ехаць у Амерыку. Але куды там. Толькі дахаты! — успамінае Еўдакія Пракопаўна. — Па той бок Эльбы якраз былі рускія. Яны і збіраліся нас забраць. Але, каб перабрацца на той бераг, нам трэба было ісці ў абход аж пяць кіламетраў! А ў мяне ж з сёстрамі ўжо добрая катомачка сабрана: і цукар, і сала крыху, і адзежа... Я ж не кіну нічога. А ісці цяжка. Вырашылі з сяброўкай — у яе былі два браты малыя — рэчку на лодцы пераплыць, якая стаяла ля берага. Селі. Адпіхнуліся ад берага. А крыку, а радасці!.. Вой-вой, дзеці ж дадому вярталіся. І тут раптам аказваецца, што лодка... дзіравая. — Мала таго, яшчэ і лодку па цячэнню нясе, — сёння з усмешкай успамінае Дуся. — Хто там умеў веславаць. Прынесла нас да нейкай баржы. Ні туды, ні сюды. Убачылі савецкія салдаты. Кінуліся ўплаў, дабраліся да нас. І, пасадзіўшы ў лодку, выратавалі такім чынам.

Не старая, каб хварэць

Колькі месяцаў дзеці прабылі ў савецкай воінскай часці, дзе за імі добра глядзелі, а пасля прывезлі ў Маладзечна, дзе іх чакалі дырэктары спецыяльна падрыхтаваных дзіцячых дамоў.— Было гэта 25 жніўня 1945 года — гэту дату я добра памятаю, — гаворыць бабуля. — Нас, дзетак Гомельскай вобласці, адправілі ў Будслаў. Сёстры скончылі па сем класаў. Адна працавала аграномам на Гомельшчыне, а пасля выехала ў Караганду. Другая стала ўрачом-гінеколагам і пераехала ў Мінск. Я была старэйшай, вучыцца ўжо не пайшла, сустрэла свайго красаўца і прызямлілася ў Будславе. Прыйшлося цяжка. Але нічога. І працавала, і дзяцей гадавала, і ў лес за сем кіламетраў па ягады-грыбы бегала.Сёння Еўдакію Пракопаўну, якая заўсёды была вельмі актыўным і мудрым чалавекам, ведаюць ва ўсім Будслаўскім сельсавеце. “Ах, дык гэта ж Дуся!” — адразу пазнаюць Грышкевіч. Бабуля і цяпер не здаецца. І хоць ходзіць з дзвюма палачкамі, ніколі не скардзіцца на хваробу. Калі развітваліся, я, выходзячы з хаты, пажадала Еўдакіі Пракопаўне трымацца і не хварэць. На што мая 83-гадовая субяседніца адказала з усмешкай:— Дык я ж не старая, каб хварэць!Дай Бог, так і ўсім нам, не зважаючы ні на якія цяжкасці ды нягоды, глядзець на жыццё з такім пазітывам.

←Білеты на прыгарадныя цягнікі сталі прадаваць праз электронныя тэрміналы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика