Вольга Доўгая: "Кіраўнік павінен цалкам давяраць свайму прэс-сакратару"
27.01.2012 08:55
—
Новости Общества
Вольга Доўгая: "Кіраўнік павінен цалкам давяраць свайму прэс-сакратару"
![Вольга Доўгая: "Кіраўнік павінен цалкам давяраць свайму прэс-сакратару"](http://www.21.by/pub/news/2012/01/1327645924012750.jpg)
— Хто ж такі прэс-сакратар?
— Пачнём з таго, што для нашай краіны прэс-сакратар — гэта дастаткова новая з'ява. Яна ў прынцыпе новая. Калі з'явілася прэса ў больш-менш сучасным выглядзе, тады з'явіліся і прэс-сакратары. Я тут чалавек новы. На маю думку, прэс-сакратар — гэта, па сутнасці, твар арганізацыі. Гэта калі не рупар, то яе імідж і рэпутацыя. Ён павінен несці не толькі інфармацыю, але і нейкую станоўчую энергетыку. Кажучы прасцей, рабіць так, каб арганізацыю, якую ён прадстаўляе, сродкі масавай інфармацыі проста любілі (<І>усміхаецца. — Аўт.). Кіраўнік арганізацыі практычна заўсёды не мае часу на тое, каб адфільтраваць і ўвабраць у сябе неабходную інфармацыю. Кіраўнік павінен вельмі моцна давяраць свайму прэс-сакратару, бо бачыць гэтыя патокі інфармацыі, можна сказаць, яго вачамі.
— Значыць, давер — гэта самае важнае? Прэс-сакратару жа часта даводзіцца і ад асобы кіраўніка казаць...
— Так, вядома. У ідэале перш за ўсё павінен быць давер. А пасля ўжо: уменне захоўваць сакрэты, эрудыраванасць, асабісты досвед (абавязкова!), каб усё ўзважана і аналітычна ацэньваць. Таксама вельмі важныя — спакой і вытрымка. Бо бываюць вельмі цяжкія стрэсавыя сітуацыі.
— Што даюць вам гэтыя курсы?
— Можа быць, гэта і не ідэальны спосаб паляпшэння нашай працы, але людзі прыходзяць і размаўляюць паміж сабой на розных узроўнях. Ёсць эксперты, праводзяцца "круглыя сталы". Можна назіраць спробы дыскусій. Камусьці не хапае чыноўніцкага вопыту, камусьці журналісцкага, камусьці менеджарскага. У нас жа няма нейкай канкрэтнай навучальнай установы, дзе б рыхтавалі менавіта прэс-сакратароў. Калі нам чыталі лекцыі, я сабе запісала вельмі цікавую рэч: "Трэба быць звышмудрым, звышдобрым, мець гонар, годнасць..." Зразумела, што гэта можна аднесці да чалавека любой прафесіі. Але ўсё ж такі гэта ідэал, да якога трэба імкнуцца. Ведаеце, ёсць людзі, якія вельмі шмат працуюць, шмат робяць, але яны не хочуць пра гэта казаць. Часта з-за мінулага дрэннага вопыту кантактаў з прэсай. Але трэба разумець, што калі арганізацыя, яе работнікі вельмі шмат робяць усяго добрага, а ніхто пра гэта не ведае, то ў грамадстве ствараецца вакуум. І пачынаюць казаць: "А чым яны там займаюцца? Што яны робяць? Можа, яны там па калідорах бадзяюцца?". З'яўляюцца чуткі.
— Я правільна зразумеў: прэс-сакратар не павінен быць перашкодай паміж СМІ і арганізацыяй?
— Гэта вельмі сумнеўная "паслуга". Вось ён перашкодзіў, а журналіст жа ўсё роўна даб'ецца свайго. Бо яму паставілі задачу, і ён яе ўсё роўна выканае. Лепш пайсці яму насустрач. Тут вельмі тонкая мяжа — павінна быць супрацоўніцтва. Безумоўна, трэба абмяжоўваць доступ да інфармацыі пра асабістае жыццё. Трэба прасіць пачакаць, калі не прынята нейкага канчатковага рашэння. Але ў астатнім патрэбна супрацоўніцтва.
— А курсы ў першы раз праходзяць?
— Не. Адбываецца гэта раз на тры гады. Але нават тры гады — гэта вельмі вялікі тэрмін. А кантакты паміж намі (прэс-сакратарамі. — Аўт.) павінны быць вельмі мабільнымі. Можа, хоць бы раз на паўгода праводзіць штосьці накшталт майстар-класа. Каб гэта закранала нейкія бягучыя моманты. Бо яшчэ тры гады таму была толькі "аська", пасля з'явіўся "фэйсбук", "твітар", і невядома, што яшчэ з'явіцца праз год. За ўсім гэтым трэба сачыць, быць у курсе. Важна адчуваць настрой грамадства па тым ці іншым пытанні.
— У вас ёсць журналісцкі вопыт?
— Так, я дзесяць гадоў прапрацавала на тэлебачанні.
— Многія прэс-сакратары не маюць журналісцкай адукацыі ці нават вельмі прыблізна ўяўляюць сабе працу журналіста. Як вы лічыце, калі прэс-сакратар прыйшоў з нейкай іншай сферы, ці павінен ён атрымаць хаця б базавыя навыкі журналісцкай працы?
— Перавучвацца яму дакладна не трэба. Думаю, усё гэта доследным шляхам можна спазнаць. А астатняе можна даатрымаць вось на такіх курсах. Там мы ўсё тлумачым адно аднаму. Тым больш што навучальных устаноў для прэс-сакратароў няма ва ўсім свеце, наколькі я ведаю. У прафесію прыходзяць міжнароднікі, дыпламаты, журналісты — розныя людзі. У гэтым нічога страшнага няма. Галоўнае, каб быў кантакт з кіраўніцтвам. Поспех маюць тыя, хто наладжвае адносіны з кіраўніком напрамую. Таму што рашэнні часам даводзіцца прымаць вельмі хутка — што сказаць прэсе. Гэта яшчэ адна значная рыса прадстаўніка нашай прафесіі.
— Якія ў нашых прэс-службаў ёсць слабыя месцы?
— Напэўна, гэта недастатковасць штату. Прэс-сакратар займаецца і сайтам, і арганізацыяй прэс-канферэнцый, і шмат чым іншым. Аднаму яму вельмі цяжка. Думаю, што наступнай прыступкай на шляху ўдасканалення працы з прэсай будзе з'яўленне моцных прэс-службаў замест аднаго прэс-сакратара. Многія арганізацыі ўжо маюць такія (напрыклад, Міністэрства эканомікі, праваахоўныя органы). Яны ўжо адчулі, што добрая прэс-служба спрашчае працу. Прычым не толькі кіраўніку, але і сродкам масавай інфармацыі.