Колькі пакояў у палацы Радзівілаў?

Источник материала:  

Карэспандэнт "Звязды" пабывала ў Нясвіжы і адчула, чым прываблівае сёлетняя культурная сталіца краіны

Калі ехала ў Нясвіж, у аўтобусе пазнаёмілася з дзяўчынай, студэнткай чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. На пытанне, дзе б хацела працаваць пасля заканчэння навучальнай установы, яна адказала — на сваёй малой радзіме. У нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж".

Колькі пакояў у палацы Радзівілаў?

— А ведаеце, дарэчы, колькі пакояў было ў замку Радзівілаў? — нечакана спытала спадарожніца. І сама ж адказала на пытанне: — Трыста шэсцьдзясят пяць, як дзён у годзе. Таму князі Радзівілы мянялі месца пражывання амаль што кожныя суткі.

— Сапраўды так? — пацікавілася я пазней у загадчыка сектара музея-запаведніка Аляксея Будніка.

— Гэта фантазіі маіх землякоў, — засмяяўся ён. — Зразумела, што жыхары Нясвіжчыны, як сапраўдныя патрыёты свайго краю, хочуць падкрэсліць веліч палаца, заможнасць яго гаспадароў. Колькі на самой справе было пакояў у збудаванні, цяжка сказаць. Спецыялісты называюць розныя лічбы, хтосьці — 180, а нехта і больш.

Аляксей Міхайлавіч запрашае мяне ў інфармацыйную залу, з якой менавіта і пачынаюцца экскурсіі па замку. Пра багатую гісторыю сям'і Радзівілаў і іх радавога гнязда, гісторыю горада, яго помнікаў культуры, архітэктуры. Менавіта тут госці чэрпаюць першапачатковыя звесткі з дапамогай гідаў, а таксама аудыя- і відэатэхнікі.

Пераходзім з экскурсаводам ў другую залу — гісторыі Нясвіжскага замка і будаўніцтва.

— У канцы ХVІ стагоддзя на месцы драўлянай пабудовы з'явілася каменная. На яе ўзвядзенне выдаткоўваў сродкі князь Міхаіл Радзівіл па мянушцы Сіротка. Разам з замкам мяняўся і сам населены пункт, дзе ўзнікалі вельмі цікавыя мураванкі: ратуша, касцёл, кляштары ды іншыя. Можна з упэўненасцю казаць, што менавіта тады Нясвіж ператварыўся з невялікага мястэчка ў сучасны еўрапейскі горад, які атрымаў магдэбурскае права ў 1586 годзе. Дарэчы, тагачасныя жыхары любілі жартаваць, маўляў, у Нясвіжы — як у Парыжы. Але ў Нясвіжы дамы ніжэйшыя ды гразь жыжэйшая. Выдумка гэта ці не, сёння цяжка сказаць.

— На гэтай гравюры Тамаша Макоўскага паказаны ўжо новыя, каменныя Нясвіж і замак, — расказвае Аляксей Міхайлавіч. — А вось тут, у цэнтры залы, размешчаны нядаўна зроблены макет палаца. У ХVІ стагоддзі будыніна займала пяць з паловай гектараў, па розных звестках, у ёй месцілася больш за 110 пакояў і каля 12 вялікіх залаў.

У зале архіва і бібліятэкі прыцягвае ўвагу карта з пералікам краін, дзе знаходзяцца архівы нясвіжскіх Радзівілаў: Расія, Украіна, Літва, Польшча, Германія, Фінляндыя. Тым не менш работнікі музея сцвярджаюць, што спіс дзяржаў, якія валодаюць каштоўнымі набыткамі, можна прадоўжыць.

Дарэчы, у гэтай зале ў савецкія часы дэманстраваліся кінафільмы. Падлога тут была драўлянай. Але пры рэстаўрацыі высветлілася, што пад насцілам захавалася арыгінальная плітка ХІХ стагоддзя.

— Ці шмат у палацы побытавых рэчаў, звязаных з жыццём вяльможных гаспадароў?

У адказ Аляксей Міхайлавіч запрашае ў выставачную залу. У спецыяльна прыстасаваных для экспанатаў новенькіх вітрынах звяртаюць на сябе ўвагу фрагменты славутых слуцкіх паясоў ХVІІІ стагоддзя, а таксама рэшткі зброі і баявых даспехаў ХVІ, якія былі знойдзены пад падлогай аднаго з памяшканняў. Беларускія рэстаўратары шмат папрацавалі над экспанатамі, каб прывесці іх у належны выгляд. І зараз яны быццам новенькія, толькі што знятыя з вершніка. Такім рэдкім экзэмплярам пазайздросціць любы музей.

У выніку пуску першай чаргі палацавага комплексу адчынена пяць невялікіх залаў. Усяго ж плануецца аформіць трыццаць. Але гэта ў перспектыве. А пакуль у канцы снежня — пачатку студзеня адчынілі дзверы для наведнікаў чатыры новыя залы.

У белай, аформленай у прывабных светлых тонах, магнаты калісьці ладзілі невялікія балі. Рэстаўратары захавалі тут статычны інтэр'ер, часткова — арыгінальныя драўляныя панэлі і ляпніну на столі. Каб наведнікі маглі прасякнуцца тагачаснай атмасферай, музей набыў мэблю ХІХ стагоддзя, аздобіў сцены жывапіснымі палотнамі, якія захоўваліся ў нацыянальных гістарычным і мастацкім музеях. Як зазначыў Аляксей Буднік, у палацы Радзівілаў налічвалася 984 карціны. Таму ў задумах кіраўніцтва і супрацоўнікаў — упрыгожыць памяшканне копіямі арыгіналаў, якія знаходзяцца за мяжой.

У малой сталоўцы, дзе Радзівілы харчаваліся, адразу кідаецца ў вочы вялікі стол, а побач — меншых памераў, дзе сядзела прыслуга і сачыла за тым, каб своечасова паднесці гаспадарам ежу. За дзвярыма — невялікае памяшканне (крэданс) для сервіроўкі страў. Меню было разнастайным. Напрыклад, у ХVІІІ-ХІХ стагоддзях ужывалі такія цікавыя пачастункі, як губы лася, ныркі мядзведзя.

У каміннай зале захавалася шмат даўніны: сам камін, печы, драўляныя бэлькі на столі. Але больш за ўсё мяне зацікавілі "крульныя" крэслы.

— Такія ўпершыню з'явіліся ў старажытным Рыме спецыяльна для членаў сената, — растлумачыў Буднік. — Але сядзець у іх было вельмі нязручна.

Па розных звестках, у адноўленай гетманскай зале на працягу ХVІІІ стагоддзя месціліся партрэты гетманаў з роду Вішнявецкіх і Радзівілаў, якія былі сваякамі. Пасля расійска-шведскай вайны замак быў зруйнаваны, і аднаўляў яго Міхал Казімір Радзівіл V са сваёй жонкай Францішкай Уршуляй (у дзявоцтве Вішнявецкай). Таму рэстаўратары змясцілі тут два гербы вяльможных сем'яў, каб паказаць іх сувязь, узаемадапамогу адно аднаму ў нялёгкія часіны.

Пакуль тут выявы толькі чатырох прадстаўнікоў. Шчыра скажу, пакой уражвае сваімі памерамі, шыкоўнасцю, убранствам. Але, як запэўніў мой субяседнік, ён стане яшчэ лепшым, калі тут з’явяцца копіі арыгіналаў усіх партрэтаў гетманаў з боку абодвух магнацкіх родаў. Для гэтага ўжо падрыхтавана месца. Акрамя таго, у гетманскай плануецца ладзіць брыфінгі, канферэнцыі, пасяджэнні знакамітых асоб, якія будуць наведваць музей, для чаго тут устаноўлены стылізаваныя крэслы на 100 чалавек.

У перспектыве супрацоўнікі музея плануюць арганізаваць яшчэ некалькі экскурсійных маршрутаў па залах. А калі дазволяць адпаведныя службы, то і па пераходах, валах замка, адноўленых бастыёнах, з тым, каб расказаць наведвальнікам аб гераічных падзеях, аблогах, што вытрымаў замак у ХVІІ стагоддзі. Распрацоўваюцца маршруты па мясцінах горада і раёна, звязаных з жыццём Радзівілаў. Яны запрацуюць, калі ў музея з’явіцца больш фінансавых магчымасцяў.

— Але гэта пакуль у планах. Цяпер жа клапоцімся пра тое, як найлепш уладкаваць палац, стварыць адпаведную інфраструктуру і ўмовы для турыстаў, удасканаліць паслугі, — заўважыў Буднік. — На мой погляд, гэта справа не толькі музея, але і індывідуальных прадпрымальнікаў, гандлю, усіх зацікаўленых службаў раёна.

Сёння білет для наведвання палацавага ансамбля і парку каштуе для дарослых 20 тысяч рублёў, для дзяцей і студэнтаў — 10. Для параўнання: у краінах Заходняй Еўропы 10 еўра і болей. Музейшчыкі закупілі 35 аўдыягідаў, плэеры для абслугоўвання турыстычных груп.

Таццяна Лазоўская.

←МЗС: рэзалюцыя ПАСЕ — звычайны шаблонны дакумент

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика