Якой павінна быць сучасная беларуская кніга, каб яна карысталася папулярнасцю ў чытачоў?
Якой павінна быць сучасная беларуская кніга, каб яна карысталася папулярнасцю ў чытачоў?
Пра гэта ў пачатку аб’яўленага Года кнігі “НГ” спыталася ў беларускіх пісьменнікаў і іх чытачоў з Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці
Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, пісьменніца:
— Адразу нават цяжка адказаць на гэта пытанне. Я не ўпэўнена, што пісьменнікі, сядаючы за напісанне нейкай кнігі, думаюць у першую чаргу пра яе папулярнасць. Так хіба робяць аўтары жаночых раманаў, фэнтэзі ці дэтэктываў, якія думаюць пра грошы, а не пра тое, каб кніга вучыла дабрыні, выхоўвала чытачоў, павышала іх духоўны ўзровень.
Марына ЗУБРАНКОВА, дырэктар дзіцячай бібліятэкі Новалукомля:
— Днямі мы спрабавалі знайсці прыгоды або фантастыку на беларускай мове і не змаглі. Адкрыйце кнігі з серыі “Казкі XX стагоддзя” і пераканайцеся: творы доўгія, тэмы складаныя, тэксты перагружаны незразумелымі словамі, несамавітыя ілюстрацыі, маркотныя колеры... Хочацца параіць тым, хто піша для дзяцей, перачытаць творы Якуба Коласа і павучыцца роднай мове.
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, журналіст:
— Каб папулярызаваць чытанне, патрэбна хутчэй не кнігу ўдасканальваць, а самім цягнуцца да разумнага мастацкага слова, да ведаў. Галоўную ролю ў выхаванні любові да чытання, на маю думку, павінны выконваць бацькі. Калі кніга будзе суправаджаць дзіця з першых дзён жыцця, то шанцаў, што маленькі чытач, стаўшы дарослым, не растанецца з кнігай, будзе больш.
Віктар СКРЫННІКАЎ,прадпрымальнік:
— Кнігі павінны быць больш даступныя. Пашукайце мастацкую прозу сучасных беларускіх пісьменнікаў у кнігарнях абласных гарадоў, у райцэнтрах і адразу ўсё зразумееце. Многія выданні не прадаюць нідзе, акрамя сталічнай “Акадэмкнігі” — нават апошні шматтомнік твораў Васіля Быкава мне ўдалося купіць толькі там. Тыражы мізэрныя, да рэгіёнаў яны проста не даходзяць, іх цяжка адшукаць нават тым, хто сочыць за навінкамі.
Кацярына СУДОЎСКАЯ, вучаніца 10-га класа СШ № 4:
— Сучасны чытач хоча, каб кнігу было прыемна ўзяць у рукі, і, зразумела, яна павінна быць не проста цікавай, а захапляючай. У школьнай праграме мяне кранулі творы Івана Шамякіна. Але, па шчырасці, зараз усе мае думкі заняты падрыхтоўкай да экзаменаў, і я больш звяртаю ўвагу на вучэбныя і метадычныя кнігі.
Таццяна СІВЕЦ, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”:
— Кніга, як і любы твор мастацтва, павінна быць цікавай, арыгінальнай, каб у чытача пасля яе прачытання засталося ўражанне навізны. У кожнай кнізе мы шукаем тое, што хвалюе нас у канкрэтны момант. І калі такую кнігу не знаходзіце, то патрэбна паспрабаваць напісаць яе самому.
Наталля БАКУРЫНА, бібліятэкар:
— Прафесія абавязвае сачыць за літаратурнымі навінкамі, таму чытаю і сучасных беларускіх аўтараў. Канешне, ёсць творы, якія заслугоўваюць увагі, але для мяне важны глыбокі змест і добрая літаратурная мова. Добрая кніга прымушае думаць, выхоўвае душу, дапамагае адкрыць нешта новае ў сабе і людзях. На жаль, у беларускай прозе апошніх гадоў я гэтага не знаходжу, усё здаецца банальным і прадказальным.
Валянціна БЕЛАЯ, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры:
— Попытам заўсёды карысталіся кнігі аўтараў, якія ўзнімалі актуальныя праблемы грамадства, гаварылі са сваімі сучаснікамі аб надзённым. Як бы мы ні стараліся перадаць ім свой вопыт, падзеі мінулага іх ужо так не закранаюць, маладым цікава абмяркоўваць тое, што яны бачаць вакол сябе, ім патрэбны пераканаўчыя героі з сённяшняга дня, якія дапамогуць ім зразумець розніцу паміж дабром і злом і знайсці сябе ў свеце.