У нашых гербах — повязь часоў
Марына ЕЛІНСКАЯ: "Надалей праца геральдыстаў будзе скіраваная найперш на стварэнне ведамаснай і тэрытарыяльнай сімволікі — для вёсак і пасёлкаў краіны"
"Надалей праца геральдыстаў будзе скіраваная найперш на стварэнне ведамаснай і тэрытарыяльнай сімволікі — для вёсак і пасёлкаў краіны"Мінулы год быў асабліва адметным для Геральдычнай рады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у Мінскай вобласці фактычна завершана праца па стварэнні тэрытарыяльнай сімволікі: указам кіраўніка дзяржавы ў пачатку снежня заснаваныя сцягі тых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія іх не мелі. Яшчэ раней — адпаведна ў лютым і сакавіку — такімі ж указамі былі заснаваныя афіцыяльныя геральдычныя сімвалы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай і Брэсцкай абласцей. На пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў разгледжаны і прыняты ў першым чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах". Ён скіраваны на правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне стварэння, заснавання, рэгістрацыі і выкарыстання дзяржаўных сімвалаў. У нашай краіне такая праца — распрацоўка агульнадзяржаўнага закона аб геральдыцы — зроблена ўпершыню на постсавецкай прасторы. Пра гэта і іншае наша сённяшняя размова з даўнім сябрам "Звязды", галоўным спецыялістам дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, сакратаром Геральдычнай рады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь кандыдатам гістарычных навук Марынай ЕЛІНСКАЙ.
— Калі не супраць, пачнём з гербаў і сцягаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак. Стваральнікамі многіх гэтых афіцыйных геральдычных сімвалаў — разам з мастаком Віктарам Ляхарам — з'яўляецеся вы. Коратка раскажыце пра некаторыя з іх...
У Віцебскай вобласці ў канцы зімы былі заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы наступных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: гербы і сцягі Віцебскага раёна, гарадскіх пасёлкаў Бягомль Докшыцкага раёна, Балбасава Аршанскага, Лынтупы Пастаўскага, Арэхаўск Аршанскага раёна; сцягі горада Верхнядзвінск і Верхнядзвінскага раёна, горада Гарадок і раёна, горада Докшыцы і раёна, горада Талачын і раёна, гарадскога пасёлка Ушачы і Ушацкага раёна, горада Дуброўна.
Напрыклад, у працы пры стварэнні новых герба і сцяга гарадскога пасёлка Лынтупы Пастаўскага раёна геральдысты кіраваліся "архітэктурным" прынцыпам, пры якім выкарыстоўваецца якое-небудзь гістарычнае збудаванне населенага пункта (крапасная сцяна, храм, будынак, вежа і інш.), што існуюць у ім. З ім звязаны значныя падзеі мінулага, яно ўяўляе мясцовую гістарычную адметнасць, з'яўляецца знакавым для месцічаў. У пісьмовых крыніцах Лынтупы згадваюцца ў 1385 годзе, а з 1459 года яны вядомыя як прыватнае ўладанне віленскага ваяводы Даўгірдовіча. Дзякуючы яго дапамозе і падтрымцы тут быў пабудаваны драўляны касцёл святога Андрэя, які пазней неаднаразова перабудоўвалі. У ХVІ стагоддзі Лынтупы ўваходзілі ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, знаходзячыся ва ўласнасці Астроўскіх, Гільзенаў, Бучынскіх. З 1854 па 1939 год яны належалі Бішэўскім. У 1907 годзе ў сяле пабудавалі вежу-вяндлярню, якая захавалася да нашых дзён у тым выглядзе, у якім яна прадстаўлена ў геральдычных сімвалах. Акрамя сядзібы, якая часткова захавалася, і Андрэеўскага касцёла, вежа з'яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Яе дапаўняе геральдычнае адлюстраванне ракі Лынтупкі, на беразе якой яна стаіць.
Увесну ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы — гербы і сцягі Пінскага раёна, горада Іванава, вёсак Варацэвічы і Моладава Іванаўскага раёна, вёскі Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Спынімся толькі на адным прыкладзе.
Форма варажскага шчыта, характэрная для сучаснай геральдыкі Брэсцкай вобласці, не стала выключэннем і для герба горада Іванава. У яго блакітным полі адлюстраваны сярэбраны храм, размешчаны паміж рагамі залатой падковы. Выбар гербавага сюжэта звязаны з заняткам у мінулым карэнных жыхароў, якія вялі збор ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне храмаў, у асноўным праваслаўных, паколькі месцічы — лабары — былі праваслаўнымі хрысція- намі. Настаяцелі многіх цэркваў карысталіся іх паслугамі, і пры гэтым лабары не ўпускалі магчымасці зарабіць сваім рамяством і для рымска-каталіцкай царквы. Сваім заняткам яны займаліся на абсягах ад Чорнага да Балтыйскага мораў, ад Польшчы да Расіі. Перасоўваліся пераважна конна, таму менавіта падкова сімвалізуе дарогу, рух, удачу. Паміж яе рагоў пасаджаны, як прынята гаварыць у геральдыцы, сярэбраны храм, які мае рэальны прататып. Зараз на гарадской плошчы месціцца царква Пакрова Святой Багародзіцы, якая з'яўляецца сімвалічным цэнтам горада. Таму яе галоўны фасад і адлюстраваны на гербе.
— З падпісаннем сёлета кіраўніком дзяржавы адразу трох указаў аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў гэтая праца ўсё роўна ж не завершана...
— Сёння ў краіне афіцыйна заснаваныя гербы і сцягі ўсіх абласцей і абласных цэнтраў. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці завершаны комплекс мерапрыемстваў па стварэнні тэрытарыяльнай сімволікі, іншымі словамі, тут заснаваныя гербы і сцягі ўсіх раённых цэнтраў. У Гомельскай вобласці ў асноўным ўсе гербы былі заснаваныя яшчэ да стварэння Геральдычнай рады, але ў некаторых гарадах няма сваіх — афіцыйна заснаваных — сцягоў. І ініцыятывы з месцаў аб пачатку такой працы, на жаль, няма... У Брэсцкай вобласці — найбольшая колькасць зарэгістраваных у Дзяржаўным геральдычным рэгістры гербаў. З іншага боку, па ініцыятыве жыхароў асобных населеных пунктаў вобласці, якія пажадалі мець уласныя новыя афіцыйныя геральдычныя сімвалы, праца будзе ў далейшым працягвацца менавіта ў гэтым кірунку. Таму больш правільна гаварыць, што ў перспектыве будзе весціся праца не па стварэнні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, а найперш — тэрытарыяльных адзінак: вёсак, гарадскіх пасёлкаў. Дарэчы, хачу заўважыць пра Баранавіцкі раён... Сёння ён адзіны ў краіне, які не мае афіцыйна заснаваных геральдычных сімвалаў і такіх спробаў — даслаць на разгляд паперы ў нашу Геральдычную раду — ні разу не было. Мне трохі прыкра і балюча ад гэтага, таму што Баранавічы — мой родны горад, я там нарадзілася і пражыла першыя гады жыцця...
У Гродзенскай вобласці ёсць шэраг гістарычных гербаў розных перыядаў, якія таксама не прайшлі працэдуру афіцыйнага заснавання і ўнясення ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр. Найперш на слыху Жыровічы, Крэва, далей можна назваць, напрыклад, Волпу, Прывалкі... Як на мой погляд, дык гістарычныя гербы гэтых населеных пунктаў — цалкам заслужаных, так бы мовіць, — ніяк не выкарыстоўваюцца мясцовымі ўладамі...
— А колькі ўсяго зараз зарэгістравана ў краіне адзінак відаў сімволікі?
— У Дзяржаўны геральдычны рэгістр унесена 1 358 усіх такіх адзінак захавання розных відаў сімволікі. У прыватнасці, гэта гербы і сцягі 197 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак: абласцей, раёнаў, гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак. Па абласцях лічбы такія: па Брэсцкай — 43, па Віцебскай — 42, па Гомельскай — 32, па Гродзенскай — 28, па Мінскай — 30, па Магілёўскай — 22. Нагадаю, у большасці з іх маецца поўнае геральдычнае забеспячэнне — герб і сцяг. 150 найменняў у рэгістры — гэта эмблемы, сцягі, нагрудныя знакі дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджаныя ўказамі кіраўніка дзяржавы. Астатняя колькасць — знакі, эмблемы, штандарты дзяржаўных органаў, устаноў, арганізацый, якія яны заснавалі самастойна.
Варта нагадаць, што афіцыйныя геральдычныя сімвалы займаюць асаблівае месца ў любой дзяржаве. Яны з'яўляюцца спецыфічным адлюстраваннем дзяржаўнай ідэалогіі і нацыянальнай культуры, падкрэсліваюць міжнародны статус краіны. Гэта і палітычны, і сацыяльна-культурны капітал і дзяржавы, і нацыі.
— Вяртаючыся да ўпершыню распрацаванага на постсавецкай прасторы закона аб геральдыцы — у чым яго адметнасць? Як вялася праца?
— Праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах" быў прыняты ў першым чытанні. Над ім працавалі па-сапраўднаму прафесійныя геральдысты. Галоўная яго адметнасць у тым, што ўся нарматыўная база ў гэтай сферы была абагульненая на агульнадзяржаўным узроўні. У ім цалкам прапісаны алгарытм стварэння таго ці іншага геральдычнага сімвала — ад ідэі, экспертызы ў Геральдычнай радзе, да афіцыйнага заснавання, унясення ў рэгістр, выдачы пасведчання і практычнага яго выкарыстання. Паколькі, умоўна кажучы, гербы і сцягі — гэта адно, нагрудныя знакі сілавых структур — другое; у кожнага з іх свае функцыі і прызначэнне. Такая праца сапраўды была зробленая ўпершыню на постсавецкай прасторы, паколькі дагэтуль у той жа Расіі падобныя законы існавалі на рэгіянальным узроўні. Закон аб афіцыйнай сімволіцы ёсць, скажам, у Варонежскай вобласці, асобна — у Маскве і Маскоўскай вобласці.
— А чаму згадваецца толькі постсавецкая прастора? А вопыт Чэхіі, Германіі, Вялікабрытаніі...
— Калі гаварыць пра Вялікабрытанію, там меркаванне каралеўскай герольдыі традыцыйна ўспрымаецца як няпісаны закон. Яно мае статус бясспрэчнага. Наадварот, нямецкія геральдысты працуюць у сваіх землях без адарванасці ад жыхароў гарадоў, мясцовых уладаў, а ў шчыльным супрацоўніцтве, калі ўсе магчымыя спрэчкі скіроўваюцца спецыялістамі ў патрэбным рэчышчы, якое адпавядае няпісаным законам геральдычнай навукі.
— А пасля ўступлення ў сілу закона аб геральдыцы ў чым будзе заключацца адзіная дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне?
— У адпаведнасці з дакументам, каардынацыю дзейнасці па правядзенні такой адзінай дзяржпалітыкі ў сферы геральдыкі будзе весці Геральдычная рада пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая праводзіць геральдычную экспертызу сімволікі. У законе прадугледжаны нават тэрміналагічны слоўнік, які змяшчае дакладнае абазначэнне тэрмінаў кожнага віду афіцыйнага геральдычнага сімвала, абазначаны парадак праходжання працэдур для стварэння, заснавання, рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў.
— Цяпер, відавочна, стане немагчымым з'яўленне сімволікі з недарэчнымі, занадта прамалінейнымі атрыбутамі — якой яна часам бачыцца, прабачце, дылетантам ад геральдыкі на месцах?..
— Гербы, сцягі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, эмблемы і нагрудныя знакі спецыяльных фондаў Прэзідэнта краіны, сцягі, эмблемы, штандарты, нагрудныя і апазнавальныя знакі органаў, форменнае адзенне вайскоўцаў і супрацоўнікаў дзяржорганаў зацвярджаюцца Прэзідэнтам Беларусі. Сімволіка структурных падраздзяленняў дзяржорганаў і арганізацый, а таксама палітычных партый, прафесійных саюзаў зацвярджаецца гэтымі дзяржарганізацыямі, аб'яднаннямі і партыямі.
У цэлым можна гаварыць пра тое, што асноўнымі прынцыпамі стварэння, заснавання, дзяржрэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў з'яўляецца законнасць і захаванне агульнадзяржаўных інтарэсаў, гістарычных, нацыянальных, сацыяльных, культурных, прафесійных і іншых традыцый, а таксама іх ахова дзяржавай.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.