Валожынскай ёлцы адпілавалі перамогу
Мераем галоўныя ёлкі гарадоў нашага рэгіёна! Паводле ёлачнага рэйтынгу, сёлета найвышэйшае навагодняе дрэва − у Маладзечне. Але першай магла б быць ёлка з Валожына.
Рэйтынг галоўных ёлак рэгіёну. Калаж Ігара Мароза.
Маладзечанцы ўпершыню паставілі не суцэльную вялікую ёлку, а ўсталявалі металічную канструкцыю, па якой размеркавалі амаль 30 елачак ад 2 да 5,5 метра вышынёй. Яе ўпрыгожвае шыкоўная гірлянда, колькасць лямпачак у якой галоўны інжынер “Камунальніка” Уладзімір Камяк дакладна не згадаў, але пахваліліўся, што яе даўжыня ажно 250 метраў.
У гэтым маладзечанцы не былі першапраходцамі. Смаргонцы ставяць падобны металічны каркас ўжо другі год запар, хоць і меншы на метр за маладзечанскі. Як паведаміла начальнік участка саначысткі Яніна Радзько, у Смаргоні галоўнае святочнае дрэва сфарміраванае з 200 елачак, а ўпрыгожанае яно гірляндай на паўтары тысячы лямпачак.
У Вілейцы ёлка такой жа вышыні, як і ў Смаргоні, але суцэльная, прывезеная з лесу. Галоўны энергетык вілейскай ЖКГ Уладзімір Дубовік распавёў, што яе ўпрыгожвае гірлянда з 300 лямпачак, якая спажывае тры кілаваты за гадзіну (для параўнання: столькі накручваецца за 10 гадзін асвятлення трыма лямпачкамі магутнасцю 100 ват. А ў сям’і нашай супрацоўніцы з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, за суткі набягае 5 кілават).
Таксама 17-метровую ёлку паставілі ў Валожыне. Аднак! Паводле слоў начальніка добраўпарадкавання ЖКГ Алега Паталея, галоўная валожынская ёлка расла-расла ды вырасла аж да 20 метраў, але яе давялося падганяць пад дыяметр падстаўкі мацавання і адпілаваць тры лішнія метры. Гэта стала фатальным крокам, бо якраз гэтыя некалькі метраў адразу зрабілі б яе абсалютнай пераможцай усяго рэгіёна!
Найцяжэй было даведацца, якой вышыні мядзельская ёлка. Як сказаў галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Віктар Хіла, спецыяльна яе не мералі. Але прыблізна ацаніў вышыню ў 15 метраў.
У Астраўцы выбралі елачку вышынёй у 13 метраў, а ўпрыгожвалі яе якраз перад каталіцкімі Калядамі, расказаў намеснік дырэктара астравецкай ЖКГ Аляксандр Урублеўскі.
Самай маленькай аказалася ашмянская ёлка − 12 метраў. Такую лічбу назваў начальнік участка саначысткі, добраўпарадкавання і азелянення Аляксандр Клушэўскі.
Каментар спецыяліста
Ці выйграе жалезная ёлка?
Лепш ссекчы адну 20-метровую елку ці 30 метровых? Адказвае галоўны ляснічы маладзечанскага лясгаса Андрэй Шыбека.
− Для навагодніх базараў мы ссякаем 5-6 тысяч елак і хвояў. А кожную вясну засаджваем 750 тысяч дрэваў розных відаў па раёну. Для прыроды няма асаблівай розніцы, ссячом мы адно 20-метровае ці 30 невялікіх. Але толькі ў тым выпадку, калі гэтым займаецца спецыяліст. Таму што ён выбірае тыя дрэвы, у якіх няма перспектывы − хутка іх усё адно давядзецца ссекчы, і ўрон для прыроды мінімальны.
Зоя ХРУЦКАЯ.