РОЗГАЛАС
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота МНС.
Вецер абрынуў таполю на легкавік27 снежня ўвечары над Мінскам бушаваў моцны вецер. Ён і стаў прычынай падзення таполі на легкавы аўтамабіль.
Пра такое здарэнне у цэнтр аператыўнага ўпраўлення пры Мінскім гарадскім упраўленні МНС прыкладна а палове дзявятай гадзіны вечара паведамілі жыльцы дома па вуліцы Сердзіча Фрунзенскага раёна: дрэва ўпала на ўнутрыдваровай тэрыторыі. На месцы высветлілася, што крона таполі пры гэтым разбіла задняе шкло і пашкодзіла дах прыпаркаванага аўтамабіля "Фольксваген Пасат". Дрэва таксама заблакіравала выезд са двара. Работнікі МНС распілавалі таполю і прыбралі яе. Пацярпелых, на шчасце, не было.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Пад новы год Нацыянальны банк выпусціў "вожыкаў"Сёння ўводзяцца ў абарачэнне памятныя манеты "Вожык" (залатая і сярэбраная) і "Вожыкі" (сярэбраная).
Залаты "Вожык" мае намінал 50 рублёў, 999 пробу сплаву, масу 7,78 грама і дыяметр 25 міліметраў. Сярэбраны — намінал 20 рублёў, 999 проба, маса 31,1 грама і дыяметр 38, 61 міліметра. Абедзве манеты адчаканены на ТАА "Б.Х. Маерс Кунстпрэгенштальт" у Германіі, маюць якасць "пруф". Тыраж: залатая — 1000 штук, сярэбраная — 4000.
"Вожыкі" ж маюць намінал 20 рублёў, 999 пробу сплаву, масу 31,1 грама і дыяметр 38,61 міліметра. Адчаканена манета там жа, дзе і "Вожык", той жа якасцю. Тыраж — 4000 штук.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Парушыў закон — адкажашУ паляўнічых угоддзях Верхнядзвінскага лясгаса дзяржінспектары знайшлі шкуру і галаву незаконна здабытага лася. А неўзабаве ўстанавілі і асобу парушальніка.
Дома ў 46-гадовага мужчыны "знайшлося" 30 кілаграмаў дзічыны. А яшчэ — дзве свежыя бабровыя шкуры. Цяпер у адносінах да грамадзяніна разглядаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы. А шкода ад незаконнага палявання "пацягнула" на асабліва буйны памер — 4,9 мільёна рублёў.
У паляўнічых угоддзях Жлобінскай паляўнічай гаспадаркі затрымалі браканьера — непрацуючага грамадзяніна. Той, палюючы на пушную жывёлу, незаконна здабыў і самку дзіка. Шкоду ацанілі ў больш чым 2 мільёны рублёў. І гэта не лічачы магчымай крымінальнай адказнасці. Дык ці варта было?..
Сяргей РАСОЛЬКА.
Быт ці не быт?З-за адсутнасці кіроўцы адпаведнай катэгорыі не выкарыстоўваўся аўтобус, прызначаны для бытавага абслугоўвання сельскага насельніцтва Буда-Кашалёўскага раёна. Праверка, праведзеная Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці, выявіла сур'ёзныя недахопы ў рабоце ААТ "Буда-Кашалёўскі КБА" і ва ўпраўленні бытавага абслугоўвання Гомельскай вобласці.
Высветлілася, што транспартны сродак быў закуплены ў кастрычніку 2007 года за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, але не зрабіў ніводнай паездкі. Год таму яго бязвыплатна перадалі на баланс Хойніцкага КБА. Тады ж упраўленне бытавага абслугоўвання Гомельскай вобласці пры размеркаванні бюджэтных асігнаванняў на 2011 год вылучыла Буда-Кашалёўскаму КБА Br70 млн рублёў на набыццё яшчэ аднаго аўтамабіля. Аднак сродкі зноў не былі скарыстаны, і ўрэшце пераразмеркаваны на пакрыццё страт ад гаспадарчай дзейнасці. Такім чынам, графік выязнога абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў у Буда-Кашалёўскім раёне не быў выкананы. Акрамя таго, са жніўня 2008 года Буда-Кашалёўскі КБА спыніў працу сталярнага цэха. З мая 2011 года прастойваюць і 2 прамысловыя халадзільнікі, набытыя за кошт бюджэтнай пазыкі і прызначаныя для выкарыстання ў харчовай краме. Праверкай выяўлены і іншыя парушэнні заканадаўства. Цяпер Камітэтам дзяржкантролю Гомельскай вобласці разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці юрыдычнай асобы і вінаватых службовых асоб. Выкананне пытанняў пакінута на кантролі.
Тры ахвяры аднаго ДТЗНа выездзе з Мазыра кіроўца легкавога аўтамабіля "БМВ-525" няправільна выбраў хуткасць, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху.
Адбылося сутыкненне спачатку з грузавым "ГАЗ-3309", а затым і з легкавым "ВАЗ-2109", паведамілі ў прэс-службе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама. У выніку ДТЗ на аўтадарозе Калінкавічы—Мазыр на месцы здарэння загінулі два кіроўцы і 19-гадовы пасажыр "ВАЗа". Іх целы з аўтамашын выратавальнікі выцягнулі пры дапамозе гідраўлічнага прыстасавання.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Адзін загінуў, трое параненыПаблізу ад вёскі Барсукі Лепельскага раёна а дзявятай гадзіне раніцы вадзіцель аўтамашыны "Лянча" выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе аўтамабіль сутыкнуўся з грузавіком "МАЗ".
У выніку гэтага сутыкнення вадзіцель аўто (1989 года нараджэння) загінуў, а трое пасажыраў аўто — усе мужчыны — атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны. Усе яны непрацуючыя жыхары гарадскога пасёлка Бягомль Докшыцкага раёна.
Цыгарэты пад вугалемНа беларуска-латвійскай мяжы на чыгуначнай станцыі "Бігосава" ў Верхнядзвінскім раёне памежнікі сумесна з супрацоўнікамі КДБ і мытні прадухілілі спробу перамяшчэння з Беларусі ў Латвію 59,5 тысячы пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі.
119 каробак з цыгарэтамі "Прэм'ер" былі схаваны ў паўвагонах з вугалем у грузавым чыгуначным саставе, які ехаў з Полацка ў Даўгаўпілс. Цяпер шукаюць кантрабандыстаў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.