Алкагалізм – хвароба сямейная
Гэтым прызнаннем удзельніца групы падтрымкі для сваякоў і сяброў алкаголікаў “Ал-Анон” пачала новае жыццё.
Група падтрымкі для блізкіх алкаголікаў існуе ў Маладзечне з лютага. Удзельнікі збіраюцца ў вучэбным памяшканні касцёла святога Казіміра. За гэты час прыходзілі шукаць дапамогі розныя людзі, на сёння засталіся тры жанчыны.
Астатнія разышліся па розных прычынах. Нехта спадзяваўся атрымаць таблетку ад алкагалізму, а для некага, напэўна, яшчэ не прыйшоў час.
“Цягнула жыць з алкаголікам”
− Я дачка, сястра і жонка алкаголіка, − расказвае ўдзельніца маладзечанскай групы “Ал-Анон” Алена. − Два гады таму ў мяне ўзніклі вялікія праблемы са здароўем. Ляжала ў бальніцы і на паўгода проста выпала з жыцця. Перад бальніцай я сказала мужу, што далей так жыць проста немагчыма, я ўжо не магла.
І тады муж пачаў наведваць групу падтрымкі для алкаголікаў “АА” ("Ананімныя алкаголікі"). Перастаў піць. І аднойчы пытаецца, а чаму я не хажу ў “Ал-Анон”. Мяне такое абурэнне ўзяло, як гэта, хворы ён, а я яшчэ і ў групу нейкую павінна хадзіць!
Калі прыйшла на першы сход, то села ў куточку і ціха сядзела, слухала, што гавораць іншыя. Калі чарга дайшла да мяне − я ледзь не наўзрыд вымавіла: “Людзі, мне не хапае алкаголіка!” Вось у гэты момант мае вочы нібы расплюшчыліся.
Я зразумела, чаму мне было так не па сабе, калі вучылася ў палітэхнікуме, калі пачала жыць асобна. Мне не хапала гэтага жыцця з алкаголікам − скандалаў і ўсяго астатняга. Таму і з хлопцам пазнаёмілася з сям’і, у якой піў бацька. Цягнула да гэтага жыцця магнітам. І, нарэшце, стала яшчэ і жонкай алкаголіка.
Як толькі прызнала гэта, з маёй душы нібы камень зваліўся, дыхаць лягчэй стала.
Якія яны, алкаголікі?
У “Ал-Анон” рэкамендуюць наведваць адкрытыя сходы групы “Ананімных алкаголікаў”. Яны праводзяцца ў апошнюю нядзелю месяца, і туды могуць прыходзіць госці. Алена, для якой алкаголік быў галоўным ворагам, таксама наведала сход маладзечанскай групы “АА”.
− Я ўбачыла, што алкаголікі вельмі добрыя людзі. Яны даверлівыя, не ў сілах зрабіць нешта дрэннае. Калі нешта турбуе і не дае спакою, ім прасцей выпіць, чым за гэта змагацца. Пасля сходу, на якім пачула, пра што паміж сабой гавораць алкаголікі, што сядзіць у іх душы, я паглядзела іншымі вачыма на мужа. Аднак расслабляцца нельга. Мой муж не п’е амаль два гады, але былых алкаголікаў не бывае, ёсць толькі ці тыя, хто цяпер п’е, ці стаў на шлях выздараўлення.
У сваякоў сімптомы саміх алкаголікаў
Алена на сабе адчула, што алкагалізм − сямейная хвароба. Яна перажывала тыя самыя сімптомы, што і муж: раздражняльнасць, бяссонніцу. Толькі ёй было яшчэ горш. Калі муж сарвецца і закаціць скандал, у яго ёсць апраўданне − ён жа быў п’яны. Жанчына скандаліла не слабей, але ў яе апраўдання не было.
Алена не знаходзіла супакою і калі муж перастаў піць. Да гэтага ёй было дрэнна, таму што муж піў. А тут ён не п’е, ходзіць на рыбалку, працуе, яму добра. А жанчыне зноў дрэнна, бо яна яго не кантралюе, яна не ведае, дзе ён, і баіцца, каб той зноў не напіўся.
“Гляджу ў сябе”
Група “Ал-Анон” гарантуе ананімнасць, у ёй не крытыкуюць і не даюць парады. Удзельнікі расказваюць па чарзе толькі тое, што хочуць сказаць па тэме сходу ці пра тое, што іх турбуе. І вучацца аддзяляць чалавека ад яго хваробы.
Яны кіруюцца той жа праграмай, што і ўдзельнікі “АА”. Згодна з ёй вырашаюць і сваю праблему.
− Я навучылася адгароджваць сябе ад алкаголіка, − падзялілася Алена. − Не пераконваю яго, таму што за свае ўчынкі адказнасць нясе ён. Вучуся не падпарадкоўваць сваё жыццё алкаголіку. Ён прымае свае рашэнні. А я гляжу ў сябе. “Ал-Анон” − гэта не секта. Мы працуем па духоўнай праграме над сабой. Я столькі ў сабе ўбачыла, я − вучуся любіць сябе! Для тых, хто перажывае такую бяду, магу параіць: калі ты ўжо вырашыла не даваць грошы на гарэлку, колькі б ён ні поўзаў на каленях, даваць нельга. Алкаголік крычыць, а ты не паддавайся на правакацыю − і ён таксама супакоіцца. Вось што значыць мяняць свет, мяняючы сябе!
Зоя ХРУЦКАЯ.
Даведка “РГ”. “Ал-Анон” − ананімная група падтрымкі для сваякоў ці сяброў алкаголікаў. У гэтай групе ўдзельнікі дзеляцца сваім вопытам і падтрымкай для рашэння агульнай праблемы.
“АА” − гэта сусветная супольнасць мужчын і жанчын, якія дзеляцца адзін з адным сваім досведам, сіламі і спадзяваннямі для таго, каб дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.
Аб'ява:
Удзельнікі групы “Ал-Анон” збіраюцца кожную нядзелю:
у Маладзечне − у вучэбным памяшканні касцёла святога Казіміра па Вялікім Гасцінцы (каля ГЦ “Модуль”), пачатак у 15.30;
у Смаргоні − у Доме моладзі пры касцёле, пачатак у 16.30.
Удзельнікі групы “АА” (“Ананімных алкаголікаў”) збіраюцца:
у Маладзечне − у вучэбным памяшканні каля касцёла паблізу ГЦ “Модуль” па чацвяргах – у 19.00, па нядзелях – у 13.30;
у Смаргоні – па нядзелях (16.30), серадах (19.00) і пятніцах (19.00)у Доме моладзі пры касцёле.
Удзельнікі групы “Дарослых дзяцей алкаголікаў” збіраюцца
ў Смаргоні− па нядзелях у 14.00 у Доме моладзі пры касцёле.