Беларускі дракон – лятучы вогненны змей

Источник материала:  

Беларусам не чужы такі персанаж, як дракон, які, паводле ўсходняга календара, будзе сімвалам наступнага года. У нашай міфалогіі ёсць падобная істота – лятучы вогненны змей.

Які ён, беларускі змей-дракон, напярэдадні Новага года, у інтэрв’ю “РГ” расказвае фалькларыст Алена Боганева.

– Падобны да дракона? Ёсць у нас такі персанаж – лятучы вогненны змей. Ён вядомы не толькі ў казках, але і ў былічках – аповедах пра тое, што было, па меркаванні носьбітаў нашых традыцый, на самой справе. Назва “былічка” паходзіць ад “быль”, з акцэнтам на тое, што гэта ўсё сапраўды было. У адрозненне ад казкі, дзе ўсё заведама выдумана.

Пра яго расказваюць нават цяпер. Апошні раз такія былічкі мы запісвалі на руска-беларускім памежжы, у Мсціслаўскім раёне, летам 2011 года. Там пра лятучага змея ведаюць усе, чулі ад бацькоў і бабуль-дзядуляў. Не ўсе, праўда, вераць – некаторыя сумняваюцца: можа, ёсць, можа, не. Некаторыя нашы сучаснікі абгрунтоўваюць яго існаванне так: “А што? Лятучыя ж мышы ёсць, і лятучыя змеі могуць быць”.

– Які ён, беларускі вогненны змей?

– Ён выступае ў двух іпастасях: змея, які носіць багацце, і міфічнага палюбоўніка. Больш распаўсюджаны ў беларусаў персанаж змея-абагачальніка. Пагадзіцеся, вельмі актуальна.

– А як завесці ў сваёй гаспадарцы такую карысную істоту?

– Працэс гэты нескладаны, але працаёмкі. Трэба, каб чорны ці стары певень, гадоў сямі, знёс яйка. Яно павінна быць незвычайнай формы ці колеру. Адам Багдановіч (бацька Максіма Багдановіча) пісаў пра яйка ў форме ракавіны. Я ў запісах сустракала згадкі пра залатое ці паласатае. Затым гэтае яйка трэба ад года да трох – па-рознаму расказваюць – насіць пад пахай. І выводзіцца такі змей. Па правілах, традыцыйных, яго трэба карміць толькі яечняй, прычым несалёнай. Але цяпер змей стаў менш пераборлівы. Ужо кажуць, што ён і хлеб есць, і віно п'е – усё. Так што вырошчваць яго стала прасцей. І вось гэты змей, як вырасце, носіць гаспадару багацце – грошы, зерне.

– Беларусы спрадвеку такія бедныя, што мараць пра існаванне змея-абагачальніка?

– Думаю, гэта ўласціва любому чалавеку незалежна ад заможнасці дзяржавы, у якой ён жыве. Такі персанаж характэрны для розных народаў. Ён сустракаецца ва ўсіх усходніх славян – рускіх, украінцаў, беларусаў. На захадзе Беларусі, на мяжы з Літвой, яго называюць Хут. Хут таксама носіць багацце, ён можа выглядаць не толькі як лятучы змей, а і ўскідвацца любым прадметам. Але функцыю носьбіта багацця ён выконвае. Да яго вельмі блізкі літоўскі Айтварас. Заходнееўрапейскі змей у гэтым плане мала адрозніваецца ад нашага. Ёсць таксама паўднёва-славянскі вогненны змей, які лічыцца станоўчым персанажам – ахоўнікам палёў, ураджаю. Думаю, гэта не ад беднасці залежыць – проста мара. Тым больш не звяжаш з заможнасцю персанаж змея-міфічнага палюбоўніка.

– А як выглядае лятучы змей? Ён вялікі?

– Фотаздымкаў, вядома ж, не захавалася (вочы ў Алены Міхайлаўны смяюцца). У апісаннях найперш падкрэсліваюць яго вогненную прыроду: ён ззяе, палыхае, яго можна ўбачыць пасля дажджу ці пасля навальніцы. Магчыма, нечым падобны да следу метэарыта. Канешне, змей вялікі. У мяне ёсць запіс былічкі ад Аляксандры Васілеўны Алесенкавай 1918 года нараджэння. Яна родам са Шклоўскага раёна. А там змеяў, паводле яе слоў, нямерана. Прычым розных. Яна бачыла і сіняга, і чырвонага.

У апісаннях найперш падкрэсліваюць вогненную прыроду лятучага вогненнага змея.

– Яны рознакаляровыя?

– Гэта часта падкрэсліваецца: калі нясе грошы – мае адзін колер, калі нясе хлеб – іншы. Дык вось Аляксандра Васілеўна расказвала пра змея, які касу браў. І не дзе-небудзь, а ў Мінску. У 40-х гадах ХХ стагоддзя яна з сястрой-вартаўніцай начавала ў канторы, дзе якраз атрымалі заробак на ўсіх. Ноччу з’явіўся велізарны, пад столь, страшны, лахматы змей – пад ім падлога вагалася. Яна баранілася сякерай і мацюкамі. Мат і жалезныя вострыя прадметы – звычайны абярэг ад нячыстай сілы. Таксама змей баіцца крыжа і малітвы.

– Які характар у лятучага змея? Ён злы персанаж?

– Наш лятучы змей па сваіх духоўных параметрах амбівалентны: яго ўспрымаюць як нячыстую сілу, але шмат у якіх выпадках ён успрымаецца і як хатні дух – дабро ж робіць, багацце носіць. Мы з калегай Таццянай Валодзінай не раз чулі, як пра яго казалі амаль што лірычна і летуценна: “От ляжым на печы з мамай, накрыцца няма чым, такая дзярюжка  адна толька, з бежанцаў прінясьлі мы такі каптанік, шубка называецца. Накрыемся ўдзьвух, капцілачка стаіць, і яна мне будзе расказываць… “Ты знаеш, дачушка, каб нам такі зьмей, як бывала…”  А бывала ж такія зьмеі… От хазяін устане ўранні, прідзе ў клець, а яму чаго толькі там няма! А іх, кажуць, ніхто не бачыў, толькі той, хто з імі меў кантакт. Ну багатыя мелі, бедныя, канешне ж, не мелі. Так бывала, як толькі ляціць, так сьвеціць па ўсёй етай вуліцы! А так яго замеціць нельзя. Можа ета праўда, а можа няпраўда…”  (Запісана ў 2006 годзе ад Валянціны Копелевай, 1937 г.н., в. Галавенчыцы,  Чавускі р-н).

У той жа час змей помслівы і крыўдлівы. І такі недаверлівы, надумлівы. Калі яму падалося, што гаспадар яго не паважае і не шануе як трэба (асабліва гэта тычыцца ежы), то змей спаліць усю яго гаспадарку. Так што ён, хоць і памочнік, але небяспечны.

– А што расказваюць пра змея-палюбоўніка?

– Ён, канешне ж, успрымаецца як нячыстая сіла. У якіх выпадках ён з’яўляецца? Калі дзяўчына ці ўдава моцна сумуе па каханаму, звычайна памерламу. Гэты празмерны сум прыцягвае нячыстую сілу, якая з’яўляецца ў выглядзе змея, але ўскідваецца, прымае выгляд мужа, каханага і пачынае разам з жанчынай жыць. Праўда, з гэтага нічога добрага не атрымоўваецца: жанчына сохне і памірае.

– І што – ніякага ратунку ад яго няма? Калі змея можна завесці ў гаспадарцы, пэўна, можна неяк пазбавіцца?

– Пазбаўленне адбываецца рознымі шляхамі. Звычайна сталыя людзі падказваюць жанчыне, што трэба зрабіць дзеля гэтага. Напрыклад, змей-міфічны палюбоўнік вельмі гідлівы. Вось жанчына сядае на ганку і пачынае вычэсваць валасы. Пры гэтым бярэ канаплянае семя і шчоўкае ім. Прылятае змей, ускідваецца прыгожым мужчынам і пытаецца, што яна робіць. Трэба адказаць: “Ды вось, вошай даўлю і ем”. Змей гэтага не вытрымлівае і назаўсёды пакідае сваю каханую.

– І нашы сучаснікі, няхай і пажылыя, вераць у такіх змеяў?

– Старэйшае пакаленне верыць. Яны ж на свае вочы бачылі, не тое што нехта расказаў. Як не верыць? У Чавускім раёне мы шмат запісалі сведчанняў ад людзей, якія не сумняваюцца ў тым, што раней быў такі змей. Зараз ён вывеўся, а раней ён быў. Некаторыя носьбіты традыцый, таксама са старэйшага пакалення, сумняваюцца. Катэгарычна не вераць і лічаць гэта бабскімі казкамі рэдка, звычайна мужчыны.

– А вы верыце?

– Я веру, канешне, носьбітам традыцый, асабліва калі яны на свае вочы бачылі. Але... – з усмешкай адказвае Алена Міхайлаўна.

– А чаму лятучых змеяў, хоць і небяспечных, але часам карысных, раней было болей, а цяпер яны вывеліся?

– Ну, дык раней жа і вада была макрэйшая, і сонца ярчэйшае. Змей не выключэнне. І іншых персанажаў ніжэйшай міфалогіі – дамавікоў, русалак – было больш. Раней усё было іншае.

Святлана ЦІШКО.

Калаж "РГ".

←А я думаю так…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика