Навагодні “чос” па-нашаму
Каб сустрэць Новы год у маёнтку Дзеда Мароза, сярэднестатыстычнаму беларусу патрэбна выкласці месячны заробак, а на шасцідзённую паездку ў вёску Санта-Клаўса ў Лапландыю збіраць грошы прыйдзецца цэлы год.
Новы год сустракайце з пазітыўным настроем, раяць астролагі. Каб не адпудзіць удачу, якая ў самую чароўную ноч павінна абавязкова пастукаць у дзверы. Няблага ўлічыць і псіхалогію жывёліны, пад сімвалам якой надыходзячы год значыцца ва ўсходнім календары. 2012-ы — год Чорнага Вадзянога Дракона — патрабуе актыўнасці. Танцы, гульні, песні, конкурсы, спорт — вось што выкліча сімпатыю ў дракошы. Калі сямейная праграма сустрэчы Новага года, якая часта складаецца толькі з сядзення за святочным сталом і прагляду “зборнай салянкі”, што прапануюць тэлеканалы, ужо надакучыла, варта задумацца над іншымі варыянтамі сцэнарыяў шакаладна-мандарынавага свята. Карэспандэнт “НГ” паспрабавала разгледзець самыя цікавыя з іх і падлічыла, наколькі гэта рэальна ў фінансавым плане для сярэднестатыстычнага беларуса.
Зоркавае супершоуКаб зрабіць Новы год запамінальным, звярніцеся ў святочнае агенцтва. Там прапануюць шмат варыянтаў правядзення супервясёлай вечарынкі. Уладальнік аднаго з іх Слава Нагорны расказвае, што свята можна арганізаваць на любую колькасць чалавек. Гэта можа быць і стыль дыска 80-х, свята ва ўсходніх традыцыях ці з элементамі італьянскай, амерыканскай культуры або беларускія народныя гулянні. Кожная праграма распрацоўваецца згодна з пажаданнямі кліента. Былі б магчымасці. Напрыклад, вечарына з дэкарацыямі, касцюміраваным шоу, светлавымі эфектамі, анімацыяй каштуе 5—6 тысяч долараў. Калі запрашаць эстрадных зорак, то дадайце яшчэ грошы на ганарар. Сума залежыць ад запатрабаванасці артыста. Па даных розных інтэрнэт-рэсурсаў, за 1 тысячу долараў могуць выступіць Вольга Плотнікава, Алена Грышанава, Герман, Ларыса Грыбалёва, Саша Нема. Дзесьці 1500 долараў возьмуць за выступленне Аня Шаркунова, Гюнеш, гурт Atlantika. Ірына Дарафеева згодзіцца выступіць за 2 тысячы долараў, а Іна Афанасьева — за 2 тысячы 600. Канцэрт артыстаў у ноч з 31 снежня на 1 студзеня будзе каштаваць на 50—100 працэнтаў больш. Калі затраты на зорак не па кішэні, падумайце аб падарожжы, напрыклад, у Лапландыю.
У госці да СантыЗа паездку ў вёску замежнага сябра Дзеда Мароза патрэбна будзе выкласці больш за 17 мільёнаў рублёў (ад 1500 еўра) за аднаго чалавека. Дзецям да дванаццаці гадоў гэта падарожжа будзе каштаваць на 175 еўра танней. Калі едзе сям’я з трох чалавек, агульная сума вандроўкі складзе амаль 19 мільёнаў беларускіх рублёў. Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што сярэдняя заработная плата работнікаў нашай краіны ў кастрычніку гэтага года склала2 мільёны 318 тысяч рублёў. Атрымліваецца, на калядныя канікулы на шэсць дзён у Лапландыю патрэбна свой заробак адкладваць на працягу дзесяці месяцаў. А калі ўлічыць набыццё сувеніраў, дадатковыя экскурсіі і больш разнастайнае харчаванне (у пакет тура ўваходзяць толькі сняданкі і вячэры), то тэрмін назапашвання грошай расцягнецца на год.Экскурсія ў Лапландыю коштам “кусаецца”. Аднак, як зазначылі ў адной з мінскіх турфірм, заказчыкаў на такое казачнае падарожжа хоць адбаўляй.
Дзе ты, добры Дзед Мароз?Вясёлыя прыгоды ў маёнтку Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы, зробяць навагоднія святы не менш цікавымі. Не толькі для дзяцей, але і для дарослых. У беларускім запаведным лесе ёсць чаму падзівіцца. Тым больш што кошт гэтай навагодняй вандроўкі больш прывабны. Калі ехаць на два дні, то за аднаго дарослага патрэбна будзе заплаціць ад 250 тысяч рублёў.У час вандроўкі прапануюць наведаць домік Снягуркі, якая, дарэчы, сёння вяртаецца разам са сваёй бабуляй Матухнай Зімой у Белавежскую пушчу з Паўночнага полюса. Вабіць да сябе “Скарбніца” — музей падарункаў Дзеда Мароза, чароўны калодзеж, ветраны млын, Паляна казак, дзе можна загадаць жаданне і атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза. Можаце заказаць і навагодні банкет. На гэта патрэбна будзе выкласці яшчэ больш за 900 тысяч беларускіх рублёў (80 еўра). Атрымліваецца, што падарожжа да беларускага Дзеда Мароза для сям’і з трох чалавек з навагоднім банкетам і расходамі на сціплыя сувеніры абыдзецца прыкладна ў два з паловай мільёны рублёў.
Пакажы нам хоць бы нос...Калі не любіце доўгія пераезды, то Дзеда Мароза са Снягуркай можна запрасіць дадому. Такое задавальненне прапануюць мінскія святочныя агенцтвы. Гэта паслуга напярэдадні Новага года пры ўмове, што візіт абмяжуецца трыццаццю хвілінамі, будзе каштаваць 430 тысяч рублёў (50 долараў). Калі хочаце, каб Дзед Мароз завітаў адразу пасля таго, як на гадзінніку стукне дванаццаць, прыйдзецца выкласці яшчэ 20 долараў. Да гэтай сумы дадайце як мінімум 50 тысяч на падарунак (калі гэта пакунак цукерак айчыннай вытворчасці). Дзед Мароз уручыць яго вашаму дзіцяці. Атрымліваецца, што гэта паслуга пацягне з кашалька прыкладна 500 тысяч рублёў. Агенцтвы “высылаюць” на дом толькі прафесійных Дзедаў Марозаў. У звычайным жыцці гэта прафесійныя артысты.
Працаваць — не грэхАсаблівым попытам на навагодніх вечарынах карыстаюцца майстры размоўнага жанру, расказалі ў “Святочным агенцтве Улады”. Іх у нас не так многа, і ганарары просяць у навагодні час значна меншыя, чым эстрадныя зоркі. Напрыклад, гумарыст Яўген Крыжаноўскі ўжо на працягу 25 гадоў не сустракае Новы год дома. “Аднойчы паспрабаваў застацца ў навагоднюю ноч дома, і не спадабалася, — прызнаўся ён. — Есці — шмат не ем, піць — не п’ю, калегі па сцэне надакучылі! Дык чаго ж тады сядзець дома? Працую. За святочную ноч выконваю чатыры заказы. На гэты раз Новы год таксама буду сустракаць на працы”. А вось парадыст Уладзімір Радзівілаў згадзіўся б на працу ў навагоднюю ноч толькі за вельмі салідны ганарар. “Я проста прывык адзначаць яго дома з сям’ёй, — расказвае ён. — Васямнаццаты год запар працую Дзедам Марозам на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі. Шубы — чырвоную і сінюю — шыюць па спецзаказе. Боты, а не валёнкі таксама эксклюзіўныя: пунсовыя, з натуральнай скуры і галоўнае — не слізгаюць. Да зімы трохі таўсцею, каб яшчэ больш адпавядаць фігуры персанажа, адрошчваю бровы”.