«У Навасёлках мне ёсць да каго зайсці ў хату»
— Марыя Георгіеўна, як атрымалася, што ў вас дзве даты нараджэння?
— Я нарадзілася дваццаць першага лістапада, у Міхайлаў дзень. Але чамусьці ў дакументах запісалі дваццаць восьмага. Ды ў асноўным святкую дваццаць першага, хаця мала хто ведае пра гэтую дату. Амаль усе віншуюць дваццаць восьмага. Дзякуй усім.
— Як адзначалі юбілей у Міхайлаў дзень?
— У сваёй роднай хаце! Я шчаслівая, вельмі рада, што была якраз у вёсцы. Многа таксама было віншаванняў. Званілі ў асноўным родзічы.
— Вёска ваша цяпер — гэта тэрыторыя Мядзела.
— Але ўсё роўна я называю маю малую радзіму Навасёлкамі. Зразумела, вёска зараз змянілася. І мала засталося ўжо старажылаў. Як бы мы ўжо — старэйшае пакаленне. Але, дзякуй Богу, яшчэ ёсць у вёсцы сяброўкі. Мы з імі сустракаемся.
— Школьныя сяброўкі?
— Так. Хоць многія раз’ехаліся па Беларусі і не толькі. Але і некаторыя засталіся ў Навасёлках, так што яшчэ ёсць да каго зайсці ў хату.
— Марыя Георгіеўна, у вас сабраўся добры архіў лістоў ад гледачоў і родных… Ёсць нейкія асабліва шчымлівыя?
— Безумоўна. У мяне вялікі архіў. Ёсць лісты з той пары, калі я яшчэ ў інстытуце вучылася. І я зберагла тыя, што пісалі мае сёстры. І калі зараз пачыталі гэтыя лісты, то і плакалі, і смяяліся. А майго ліста ў іх ніводнага не захавалася. Засталіся толькі мае лісты ў бацькоў. Я зберагала ўсе паштоўкі, лісты. Мне пісалі і многія пісьменнікі: Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Янка Сіпакоў і іншыя.
— Цікава-цікава, а што яны вам пісалі?
— Па-першае, я атрымлівала лісты ад Караткевіча і Мележа пасля таго, як трапіла ў аварыю, калі наведвала хворага бацьку, і потым ляжала ў бальніцы разам з ім. Атрымлівала тады лісты і ад людзей, таму што працавала дыктарам, і мяне ведалі. Пісалі і калегі.
— Марыя Георгіеўна, бачна, што вы любіце вёску.
— Праўда. І ў мяне цэлая паэтычная праграма, прысвечаная менавіта жанчынам вёскі. Такім шчырым працаўніцам! І нядаўна я ў сваёй хаце, на гарышчы, знайшла ўнікальны сшытак, які аб’елі мышы. Гэта — працоўны дзённік таты і мой, дзе я запісвала, што рабіла кожны дзень: рвала лён, вазіла снапы, сена, таптала яго, падмятала ля малатарні, жала. І колькі сотак! Па дзевяць у дзень і болей, хоць малая была дзяўчына, хадзіла ў сёмы клас. Падмяняла маму, таму што яна часта хварэла. І я з задавальненнем ішла і жала палоску. І так была радая, што дажала. Калі жанкі вечарам вярталіся дамоў і хацелі мне памагаць, то нізашто не дазваляла: «Я сама, сама!» І ў гэтым дзённіку ў канцы напісана ў апошні працоўны дзень: «А заўтра ў школу»…
Што асабліва запомнілася з вясковага жыцця? Песні жней. Якія галасы моцныя, народныя! Вяртаючыся з працы, як хораша спявалі! Дагэтуль памятаю сенакос. Гэта проста цуд! Я так любіла сенакос! І як усе жанчыны апраналіся ва ўсё белае — светлае і чыстае… І разам збіраліся, ішлі на працу. Такая гамана! Пасля працавалі, а затым: «Бабы, перакур!» Усе садзіліся і таксама ці спявалі, ці расказвалі нейкія гісторыі.
Хапала сіл! Пасля такога працоўнага дня — што значыць маладосць — мы кожны вечар збіраліся пасярод вёскі на лаўцы. І гаманілі, але ў асноўным спявалі лірычныя, задушэўныя песні. І нас гаспадары і іх суседзі не праганялі, яны заслухоўваліся. І, напэўна, засыналі пад гэтыя песні. А сапраўды галасы былі цудоўныя ў многіх нашых дзяўчат.
Памятаю, і як на паству кароў ганялі. Ой, як раніцай было цяжка ўставаць! Але ўжо была прыгатавана ежа, якую давалі з сабою: заўсёды тоўсты драны блін са скваркамі, кавалак сала, хлеб. Паства была цяжкай працай. Перажыць дзень паствы — гэта нічога не захочаш. І калі камяні сонца напячэ, мы разуваліся і на іх грэлі ногі. Некаторыя дзеці засыналі там у абед…
Пасля — яркі вобраз вясковага Купалля. Гэта цуд таксама! Раскладвалі вогнішча, і яно не было з гумавых колаў, як цяпер, калі валіць страшна чорны дым... Памятаю зборы: спачатку збіралі дровы, а пасля ішлі з песнямі — уся моладзь і многія старэйшыя. І ляцелі песні, песні, песні ў прыгожым нашым Нарачанскім краі!
А хата, у якой я нарадзілася, згарэла ў вайну. І паўвёскі таксама. Запомнілася на ўсё жыццё, як гарэлі хаты, галасілі людзі, бегалі, крычалі, выносілі рэчы. Мама ў калодзеж кідала падушкі, вопратку, усё, што паспела. Таму што не хапала сіл, а таты ў той час не было дома. Пасля выратаванае выцягвалі з вады, сушылі.
— Гэта немцы падпалілі вёску?
— Вядома, яшчэ былі і немцы. Чорнашынельнае войска падпальвала. Я ўбачыла праз акно, нават запомніла іх вопратку… Пасля збудавалі новую хату. Але тады з зямлёй было вельмі складана, і далі нам амаль балота кавалак. Хата пабудавалася татавымі рукамі. Безумоўна, з талакой.
Што мне яшчэ запомнілася ў сельскім жыцці, дык гэта калі была талака. І я памятаю, як раніцай лён мялі ў лазні. Мама ўставала раненька, у печы паліла, каб ежа была гатовая — толькі выцягнуць з печы. І бабы ўсе збіраліся ў хаце, гаманілі. І ішлі ў лазню. Там мялі лён. А потым прыходзілі на вячэру, святкавалі.
Між іншым, у маёй мамы была такая выдатная памяць! Яна помніла не толькі нейкія дні і падзеі, але і што хто сказаў, у чым быў апрануты. Яна мне заўсёды падказвала: «Ты не забылася, што чайнік паставіла?» І мама вельмі многа расказвала пра жыццё і Першую сусветную вайну. На Мядзельшчыне ж праходзіў фронт. І мама ўспамінала, як прывозілі салдацкую бя-
лізну, і вяскоўцы яе мылі ў лазнях. А ў хаце, дзе жыла мама, ляжалі параненыя расійскія салдаты. І яна пераказвала іх размовы. Былі і цяжкапараненыя, для якіх гатавала ежу ўжо бабуля. А салдаты трызнілі і звалі сваіх матуль…
— Марыя Георгіеўна, паколькі вы — сельская дзяўчына, пазней было не вельмі складана здымацца ў такіх стужках, як «Людзі на балоце» і іншых?
— Вядома, усё знаёма. Мне нічога не трэба было вынаходзіць. У фільме — вяскоўцы. Я таксама — вяскоўка… Здымкі ў «Людзях на балоце» — падарунак. Па-першае, у тэатры я іграла Ганну. Калі здымаўся фільм, не магла выконваць гэтую ролю. І радавалася, што я ўсё-такі ўдзельнічаю ў гэтай цудоўнай стужцы. Я іграла маці Хадоські.
— Падказвалі калегам нейкія моманты?
— Падказваць было каму. Рэжысёр Віктар Тураў таксама ведаў наша жыццё. І ён рабіў заўвагі… Вельмі запомніліся тыя здымкі. Па-мойму, у Бярэзінскім запаведніку мы здымалі сенакос. Было весела. Усе маладыя! Смачную ежу нам прывозілі з Лепеля, а мы называлі «з Ліверпуля». Усе разам абедалі.
— І ў Купалаўскім тэатры ў вас былі такія яркія ролі…
— У тэатры я спачатку іграла аднапланавыя ролі. А пасля ўсё-такі ў мяне былі такія, як Камісар у «Аптымістычнай трагедыі» і Варвара ў «Навальніцы», Ганна ў «Людзях на балоце» і Гурмыжская ў «Лесе», Мона ў «Безыменнай зорцы» і маці, Гануля Зношчыха, у «Тутэйшых». Калі добрая роля, то яна і любімая.
Для мяне, вядома, палова творчага жыцця — гэта радыё, сотні спектакляў, інсцэніровак, паэтычных кампазіцый. Наогул, я з радыё, як кажуць, не вылазіла. Мне шчасціла: я там сыграла ўсё, аб чым можна толькі марыць. Яно захоўваецца ў «Залатым фондзе».
Безумоўна, творчае жыццё — гэта Дом літаратара, паэзія, паэтычныя вечарыны. Гэта, як цяпер называюць, прэзентацыі кніг, а раней была «Паэтычная пятніца». І мы кожную новую кніжку паэта адзначалі. Успамінаецца вечар Максіма Танка «Дарога, закалыханая жытам». Як мы рыхтаваліся! Усё вучылі на памяць. А цяпер можна чытаць па кніжцы. На адзін вечар, каб прачытаць, мы завучвалі вершы. І на тэлебачанні, і на канцэртах. А паколькі я ўдзельнічала ва ўсіх урадавых канцэртах, то гэта таксама было такое выпрабаванне! Таму што гонар гонарам, але калі табе даюць паэтычныя радкі за тры дні, іншы раз давалі да канцэрта, і калі ты ўдзельнічаеш, а там пралог, эпілог, вялікі аркестр, хор на сцэне, і ты гаворыш словы, то вельмі адказна. Вось паспрабуй збіцца. І гэта ўжо пачатак канцэрта ці яго фінал. Так што я была вельмі часта адорана такімі момантамі і выступленнямі, і многа запомнілася такога, што нават не магла сабе ўявіць.
Калі быў яшчэ Савецкі Саюз, мяне запрасілі ўдзельнічаць у свяце на Мамаевым кургане — Усесаюзнай сустрэчы ветэранаў Сталінградскай бітвы. І я там чытала пісьмо-зварот да ўсіх маці. Пасля таго як скончыла, да мяне падбегла дзяўчынка і сказала: «Вас шукае Юрый Левітан». І падвяла мяне да яго, ён пацалаваў мне руку, падараваў каляндарык і сказаў высокія-высокія словы аб тым, як я прачула прамовіла словы маці. Гэта дорага!
Я вельмі многа, дзякуй Богу, была занятая. На вялікія святы ў Беларусі на стадыёны ў асноўным выходзіла ў ролі маці.
— Хутка прыйдуць калядныя святы, я чытала, што вы — веруючая…
— Я заўсёды чакаю гэтых святаў. Праўда, яны так хутка мільгаюць: і Каляды, і Вялікдзень. Гэта мае любімыя святы, таму што мы святкавалі іх з дзяцінства. І я шаснаццаць год з васямнаццаці ездзіла па ўсёй Беларусі ў складзе навукова-творчай экспедыцыі з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Многа тысяч кіламетраў праехала. Сотні сустрэч з людзьмі. І паездкі — пяць дзён штогод, а ў дзень — па чатыры-пяць сустрэч. Я сказала: «Калі б у маім жыцці нічога не было, а толькі гэтыя сустрэчы, я б знала, што ўсё-такі было нешта значнае».
І мы аб’ехалі ўсю чарнобыльскую зону. Выступалі ў школах. Вось у Хойніках быў урок Мележа. Я расказвала вучням пра пісьменніка, пасля былі ў яго музеі. У дамах-інтэрнатах, на плошчах, у цэрквах — усюды давалі слова. І ўсюды размовы з людзьмі — гэта самае дарагое.
— Ведаю, што ў вас не было такой мары — стаць актрысай.
— У школе іграла ў драматычным гуртку. Спявала ў хоры. Мы хадзілі пехатой у другія вёскі выступаць. Я ўжо тады адчувала сябе артысткай. А што такое па-сапраўднаму актрыса, я не ведала. І толькі на выпускным вечары настаўнік нямецкай мовы, які вёў у нас драматычны гурток, сказаў, што ён бачыў аб’яву ў газеце аб наборы ў тэатральна-мастацкі інстытут. І, вядома, я адразу памяняла ўсе планы. Бацькі былі незадаволеныя, хацелі, каб я была настаўніцай… Тады я прыехала першы раз у горад — у Мінск. А да гэтага нідзе не была, акрамя вёскі. Але знайшла оперны тэатр, дзе ў той час знаходзіўся інстытут, на першым паверсе. Мы там вучыліся…
— Марыя Георгіеўна, у вас, кажуць, дзеці таксама акцёры?
— Так атрымалася. Гэта іх выбар. Каб, можа, я не была такая занятая па ўсіх гэтых раз’ездах, гастролях... Мала ўвагі ўдзяляла сям’і… Дзякуй Богу, мне за дзяцей не было сорамна. Яны раслі вельмі самастойнымі.
— А вы ездзіце ў Маладзечна ў тэатр і цяпер?
— Не. У той час, калі ў мяне ў тэатры ў Мінску быў як бы такі вельмі доўгі прастой, у сэнсе, што не было новых роляў, мяне запрасілі ў Маладзечна, і гэта было для мяне як бы выратавальным кругам. Я мела магчымасць працаваць з акцёрамі, якія так душэўна да мяне адносіліся. Мяне чакалі, мне давяралі. І я там паставіла тры спектаклі — «Апошнюю ахвяру» Астроўскага, «Характары» Шукшына і п’есу Мележа, драматычны твор, які ён мне падараваў, каб я прачытала і сказала свае ўражанні. Але я не паспела яму гэта сказаць, Мележа не стала. Таму па матывах гэтага твора зрабіла вось такую інсцэніроўку і спектакль, які мы назвалі «Сустрэчы і растанні».
— І апошняе пытанне. Цікава, а вы глядзіце фільмы, у якіх удзельнічалі? Як ацэньваеце сябе збоку?
— Я вельмі крытычна адношуся да сябе. І часта страшна мне становіцца, калі што не так. Мне здаецца, што было дастойным усё, што я рабіла, бо аддавала сваю душу…
— Дзякуй за цікавую размову! З юбілеем! Здароўя і радасці ў жыцці!
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»