Эксплуатацыйныя арганізацыі абавязаны...
Час ад часу мы звяртаемся ў камунальныя службы з просьбай устараніць тыя ці іншыя няспраўнасці. Хацелася б ведаць, ці "прапісаны" недзе канкрэтныя тэрміны выканання заявак жыльцоў?
К. Зыранаў, г. Гродна.
У адпаведнасці з Тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі ТКП 45-1.04-14-2005 (02250) "Тэхнічная эксплуатацыя жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Парадак правядзення", заяўкі павінны разглядацца ў дзень паступлення і ўстараняцца, як правіла, не пазней, чым на наступны дзень. У выпадках немагчымасці аператыўнага ўстаранення няспраўнасцяў, звязаных з пагрозай бяспецы, пашкоджання маёмасці, эксплуатацыйныя арганізацыі абавязаны:
прыняць неадкладныя меры па прадухіленні пагрозы абрушэння канструктыўных элементаў (наладжваннем часовых мацаванняў), затаплення ніжэйшых паверхаў (перакрыццем сістэм ацяплення, водазабеспячэння з адначасовым забеспячэннем спажыўцоў вадой у пераносных ёмкасцях па вызначаным графіку, усталяваннем заглушак і інш.);
праінфармаваць зацікаўленых асоб аб прынятых рашэннях і плануемых тэрмінах устаранення няспраўнасцяў.
Вызначаны і наступныя гранічныя тэрміны ўстаранення няспраўнасцяў (у сутках):
працяканне даху — 1;
няспраўнасці ў сістэме арганізаванага водаадводу (унутранага вадасцёку — 2, вонкавага вадасцёку — 5);
пашкоджанне балконаў і балконных агароджаў — 1 (з неадкладным агароджваннем небяспечнай зоны);
прамярзанне сцен — у тэхнічна магчымыя тэрміны;
працяканне вокнаў, стыкаў сценавых панэляў — 7;
адслаенне тынкоўкі столі або верхняй часткі сцен, якое пагражае яе абрушэнню — 5 (з неадкладным прыняццем мер бяспекі);
працяканне водаразборных кранаў і змыўных бачкоў — 1;
няспраўнасці аварыйнага характару (трэшчыны і свішчы ў трубаправодах і іх злучэннях, няспраўнасць вентыляў, засавак, засмечванне) сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі, водапавышальных установак — неадкладна;
няспраўнасці смеццеправода — 1;
няспраўнасці агульных электрасетак і абсталявання аварыйнага характару (кароткае замыканне, пагроза пашкоджання токам і г.д.) — неадкладна;
няспраўнасці замочна-перагаворнага ўстройства, кодавых замкоў уваходных дзвярэй у пад'езды — 1;
няспраўнасці ліфта — 1 (з неадкладным спыненнем эксплуатацыі);
парушэнне паветраабмену ў памяшканнях — неадкладна;
працечка газу — неадкладна;
няспраўнасць абсталявання сістэмы газазабеспячэння — 1 (з неадкладным спыненнем эксплуатацыі).
Віктар Савіцкі.