З любоўю да продкаў

Источник материала:  
З любоўю да продкаў

На гэтым тыдні ўсе хрысціяне Беларусі ўспамінаюць памерлых.

Рознакаляровыя лампадкі з дрыготкім агеньчыкам унутры на могілках і ў храмах у першыя лістападаўскія дні нагадваюць аб часе памаліцца за тых, хто сышоў у свет іншы... Успомніць добрым словам блізкіх, якіх так не хапае, і выказаць сваю пашану і павагу тым далёкім продкам, імёны якіх нам нават невядомыя. 1 і 2 лістапада каталікі адзначалі ўрачыстасць Усіх Святых і Дзень задушны. А заўтра, 5 лістапада, у Дзмітраўскую бацькоўскую суботу дзядоў, як яшчэ называюць беларусы душы продкаў, будуць успамінаць праваслаўныя.

Гэта адзін з самых галоўных дзён агульнага царкоўнага памінання ўсіх памерлых праваслаўных хрысціян, які быў устаноўлены яшчэ вялікім князем Дзмітрыем Данскім (адсюль і назва свята) у вечнае памінанне герояў, якія загінулі на Куліковым полі. — Аддаючы ў гэты дзень даніну памяці воінам, якія ў розны час паклалі сваё жыццё за веру і Айчыну, мы шануем разам з імі  ўсіх, хто адышоў да Бога, братоў і сясцёр нашых, — расказвае іерэй Яўген Свідэрскі. — У гэты дзень варта прыйсці ў храм, каб памянуць нашых памерлых родных і блізкіх. Самы просты, але дзейсны від ахвяры за памерлага — свечка, якая ставіцца за яго спачын. Карысна ў памяць аб памерлым ахвяраваць на царкву, падаваць міласціну.У Дзмітраўскую суботу  не толькі абуджаецца наша памяць, але і... аб’ядноўваецца род. Сям’я збіраецца разам, каб наведаць могілкі і памаліцца за сваіх блізкіх. І калі на Радаўніцу мы ўспамінаем, як правіла, толькі нядаўна памерлых, якіх добра ведалі, то ў Дзмітраўскую суботу молімся наогул за ўсіх нашых продкаў. За тых, каго ўспамінаем што-дзень, хто прыходзіць да нас час ад часу ў сне ці пра каго  нагадвае  толькі струхлелы крыж, невялічкі пагорачак на старых могілках або старое — з глыбіні стагоддзяў — сямейнае паданне.— Памінанне нашых продкаў — гэта жывая сувязь з імі, зносіны, якія пераходзяць межы зямнога быцця і любоўю злучаюць разам велізарныя радавыя галіны дрэва чалавецтва, — разважае іерэй Яўген Свідэрскі. — У Бога няма мёртвых і жывых. Царква лічыць памерлых такімі ж сваімі сябрамі, як і жывых. Памінаць памерлых — святы і высокі абавязак усіх хрысціян. Дзмітраўская субота дае магчымасць праз малітву выказаць памерлым сваю любоў і павагу, сказаць тое, што па нейкіх прычынах не сказалі ім пры жыцці. А таксама нагадвае пра тых родных, якія яшчэ тут, побач з намі, і якія чакаюць нашай увагі і любові. Таму ў гэты дзень прынята не толькі наведваць магілкі памерлых, але і адведваць сваіх жывых родных: бацькоў, бабуль, дзядуляў... Каб у гэты светлы дзень памяці быць усім разам. Так яно надзейней і трывалей жыць.

Дарэчы

У народнай традыцыі ў гэтыя дні спрадвеку святкаваліся Дзяды — адну з самых аўтэнтычных i асабiстых урачыстасцей, якія існавалі яшчэ ў дахрысцiянскія часы. Людзі верылі, што на Дзяды душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкi. Акрамя наведвання могілкаў, адным з абавязковых атрыбутаў гэтага дня з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, дзе людзі маліліся, успаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру.

←Взмывая выше неба

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика