Час збірацца на кірмаш

Источник материала:  
ТОЙ, хто бываў раней у райцэнтры, сёння яго проста не пазнае: рознакаляровыя фасады будынкаў, прасторныя і заасфальтаваныя вуліцы, кветкавыя кампазіцыі не толькі ўпрыгожваюць, а нават малодзяць і без гэтага «вечна малады» горад. Арганізатары пастараліся на славу, каб здзівіць удзельнікаў і гасцей юбілейнага пятнаццатага Рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі працаўнікоў вескі «Дажынкі-2011». Новы амфітэатр, сістэма вадаёмаў з ратондамі і фантанамі ў абноўленым парку культуры і адпачынку імя Перамогі, спартыўна-аздараўленчы комплекс з лядовай арэнай, памятны знак Заступніцы горада — Божай маці «Пакрова Прысвятой Багародзіцы» — ужо сталі сімваламі краю. — Вельмі ганарова прымаць на сваёй зямлі «Дажынкі-2011». І адначасова адказна, бо гэта свята рэспубліканскага, самага высокага, рангу, таму патрабавала асобай увагі і кантролю ў падрыхтоўцы, — заўважае старшыня Маладзечанскага райвыканкама Фёдар ДАМАЦЕНКА. — Нам, маладзечанцам, выпала такая ўнікальная магчымасць абнавіць свой горад, каб з годнасцю прыняць лепшых хлебаробаў сёлетняга жніва. Святочнае ўбранства, як дэкарацыі, ніхто пасля не здыме. Яно застанецца з намі яшчэ на доўгія гады.

Будаўнікі б'юць рэкорды

Аднак для гэтага прыйшлося плённа папрацаваць. Раён, паводле слоў старшыні райвыканкама Фёдара Дамаценкі, пачаў рыхтавацца да свята яшчэ з лістапада мінулага года. Прытым разлічвалі не толькі на сродкі аргкамітэта фестывалю, а і на свае ўласныя: усе прамысловыя прадпрыемствы розных формаў уласнасці (а іх налічваецца больш за 50) і іхнія вышэйстаячыя арганізацыі дапамагалі фінансава. Не застаўся ў баку і бізнэс. Напрыклад, Маладзечненскі ліцейны завод вырабіў агароджу для парку і дапамог яшчэ 400 мільёнамі рублёў. Але ж, вядома, галоўны «ўдар» прынялі на сябе будаўнічыя арганізацыі і камунальныя службы. Абнаўленне жылога фонду, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, узвядзенне новага мікрараёна Усходні, спартыўна-аздараўляльнага комплексу і амфітэатра, устаноўка скульптурных кампазіцый і маштабная рэканструкцыя цэнтральнай плошчы — на ўсё гэта спатрэбілася шмат сродкаў і часу. Затое зараз сквер, да прыкладу, самае папулярнае месца адпачынку.

Валянціна і Сяргей Раманоўскія з вёскі Адамавічы ў парк зайшлі ўпершыню.  І  не  ўтрымаліся,  каб  не  падзяліцца з «БН» свежымі ўражаннямі:

— Сёння свята вялікае праваслаўнае, рабіць нельга, вось і вырашылі з’ездзіць у горад: справы ўладкаваць і заадно палюбавацца яго новым абліччам. Шырокія светлыя вуліцы, яркія фасады, а які ўтульны і дагледжаны стаў парк! — адзначае жонка. — Здаецца, можна бясконца сядзець і любавацца на водныя цуды.

— Значны аб’ем працы выканаў будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі города Салігорска. Яго працаўнікі ўзвялі Лядовы палац, а таксама выканалі рэканструкцыю нашай цэнтральнай вуліцы Вялікі Гасцінец працягласцю больш за шэсць кіламетраў, — узгадвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама Юрый Гапоненка. — А новы мікрараён узводзілі спецыялісты мясцовага будаўнічага комплексу, які налічвае больш за тры тысячы чалавек. Шмат абавязкаў было ўскладзена і на дарожныя арганізацыі сістэмы Мінскаблдарбуда. Фінансаванне ішло не толькі з рэспубліканскага, але і абласнога, і раённага бюджэтаў. Сваю лепту ўнеслі і мясцовыя прадпрыемствы. Прытым садзейнічалі не толькі грашыма. Але і самі праводзілі суботнікі, дапамагалі наводзіць парадак і чысціню.

Асаблівую актыўнасць праявіла моладзь. Яна з завідным энтузіязмам удзельнічала ў акцыях па прывядзенні ў належны стан цэнтральнай плошчы, парка.

— У раёне пяць сярэднеспецыяльных вучэбных устаноў. А гэта — каля чатырох з паловай тысяч навучэнцаў. Неблагая падмога. Напрыклад, медкаледж дапамагаў добраўпарадкаваць лячэбніцу, а студэнты гандлёва-эканамічнага і палітэхнічнага прыводзілі да ладу Лядовы, — распавядае намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Людміла Канановіч. — Ды і самі педагогі не застаюцца ў баку  і  разам  з  навучэнцамі  наво-дзяць парадак ля сваіх вучэбных карпусоў, сочаць за кветкавым убраннем. Вось і Алену Каранік, выкладчыцу Маладзечанскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа, чарговы суботнік не здзіўляе, бо да свята — лічаныя дні. А хочацца, каб родны горад сустракаў гасцей у самым лепшым выглядзе.

— Настрой нейкі ўзнёслы, радасны, таму і працуецца з граблямі і мётламі значна шпарчэй і весялей, — прызнаецца жанчына. — І навучэнцы с асобым гонарам і патрыятызмам выходзяць на працу.

Вёска Краснае — лепшая!

Дарэчы, кожнае прадпрыемства, арганізацыя, сельвыканкам ды і самі жыхары менавіта гэтым летам па-асобаму сачылі за парадкам і ажыццяўлялі самыя арыгінальныя задумкі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. І не толькі дзеля аўтарытэту ўтульнага краю, але каб перемагчы ў конкурсе «Прыгажосць, гармонія, стыль», які праводзіўся ўпершыню. У ім прынялі ўдзел каля 150 аб’ектаў гаспадарання. Пераможцаў выбіралі па розных намінацыях. Напрыклад, вёска Краснае прызнана лепшым населеным пунктам раёна. А вось гімназія-каледж мастацтваў горада Маладзечна ўзяла «бронзу» як лепшая арганізацыя па навядзенні парадку на падначаленай тэрыторыі.

— І настаўнікі, і вучні прымалі самы актыўны ўдзел у прыбіранні тэрыторыі вакол навучальнай установы. Мы заўсёды стараемся прыдумваць новыя арыгінальныя клумбы. З апошніх навінак, якія, дарэчы, распрацоўваліся спецыяльна да конкурсу, матылькі, а таксама каляровая палітра — з кветак. Магчыма, яны і прыцягнулі ўвагу журы, — разважае дырэктар Вольга Хазікова. — Нельга не адзначыць, што змяніўся і сам будынак школы. У рамках падрыхтоўкі горада да «Дажынак» нам адрамантавалі фае, дах, замянілі большую палову вакон, купілі новую мэблю ў сталовую. І гэтыя абновы мяне не могуць не радаваць. Нашаму гораду проста пашанцавала, што дзяржава зрабіла такі падарунак.

Другі ўраджай за ўсю гісторыю края!

Асаблівы спрыт і імпэт быў сёлета і ў тутэйшых хлебаробаў. Як-ніяк, а апынуцца ў ліку лепшых — ганарова не толькі для сябе, але і для свайго роднага краю, які прымае «Дажынкі». Валавы намалот збожжа ў раёне перасягнуў 85 тысяч тон пры ўраджайнасці 43 цэнтнеры з гектара. (Для параўнання, у мінулым было намалочана 54258 тон пры ўраджайнасці 27,9 цэнтнера з гектара.) Сёлетні ўраджай — другі па значнасці за ўсю гісторыю краю!

Такія паказчыкі — вынік не толькі зладжанай і карпатлівай працы аграрыяў, але і новай тэхнікі, якая папоўніла машынныя паркі гаспадарак. АПК раёна ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» значна мадэрнізавалі: сельгаспрадпрыемствы папоўніліся 18 сучаснымі энерганасычанымі трактарамі, 14 землеапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі.

— Для сушкі збожжа ў 2011 годзе ўведзены ў эксплуатацыю сем новых зернеачышчальна-сушыльных комплексаў вытворчасцю 30—40 тон у гадзіну, — адзначае намеснік  начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Сяргей Мілевіч. — У жывёлагадоўлі праведзена маштабная праца па павелічэнні вытворчасці малака і мяса. У рамках Указа Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь № 480 «Аб некаторых пытаннях развіцця малочнай галіны» ў гэтым годзе ўзведзены дзве новыя малочнатаварныя фермы ў ПУП «Забудова-Агра» на 1000 кароў і ў аграфірме «Лебедзева», філіяле РУП «Мінскэнерга», на 800 галоў з даеннем на ўстаноўцы «Робат».

Найбольшы намалот збожжа сёлета атрымалі хлебаробы ААТ «Гарадзілава». Ён склаў 7951 тону пры ўраджайнасці 46,8 цэнтнера з гектара. Нядрэнныя паказчыкі атрымалі і ААТ «Усход-Агра», ПУП «Забудова-Агра» і ААТ «Палачаны». Вадзіцель апошняга Валерый Зянькевіч на машыне GAZ-SAZ 3507 перавёз 1969 умоўных тон збожжа і заняў другое месца па Мінскай вобласці. Яго разам з лепшымі хлебаробамі жніва-2011 будуць віншаваць на галоўнай сцэне.

— Сёлета і ўраджайнасць неблагая — 51 цэнтнер з гектара, і надвор’е не падвяло, і тэхніка не ламалася, таму і ўбралі ў час, — кажа Валерый Канстанцінавіч. — Тым больш што і настрой быў асаблівы — бойкі, пераможны, горды і радасны. За сябе, сваю сям’ю, маладзечанскую зямлю і ўсю краіну!

У ТЭМУ

Пры падрыхтоўцы да XV Рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011» у рамонце і рэканструкцыі было задзейнічана 164 аб’екты сацыяльнай сферы (прытым капітальна адрамантавана — 80): гэта школы, дзіцячыя сады, дамы культуры, спартыўныя і медыцынскія ўстановы. Новы Дом культуры ў пасёлку Чысць, абноўленая вёска Краснае, рэканструкцыя дзіцячай бальніцы, якая зараз абсталявана сучаснай медыцынскай тэхнікай, — доўгачаканыя падзеі для маладзечанцаў! Акрамя гэтага, у горадзе з’явіліся новыя аб’екты: пабудавалі амфітэатр, які стане цэнтральнай пляцоўкай падчас правядзення фестывалю, сучасны спартыўна-аздараўляльны комплекс, які акрамя лядовай арэны ўмяшчае басейн, боўлінг, кафэ, трэнажорныя залы. Сваёй непаўторнасцю вабяць і скульптурныя кампазіцыі. Хіба сустрэнеш дзе ў іншым райцэнтры «Папараць-кветку», уязны знак у выглядзе выявы Божай маці «Пакрова Прысвятой Багародзіцы» ці «Пасажырку» на прывакзальнай плошчы? Абноўленыя фасады, новыя клумбы і вертыкальныя формы, рознакаляровыя расцяжкі, плакаты — усё гаворыць пра набліжэнне галоўнага свята краіны.

Надзея ЯНЧАНКА, «БН»

Фота БЕЛТА і Мікалая ВАЛЫНЦА, «БН»

←Двигатель торговли

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика