Па святых слядах - Частка другая: Каменныя сакрэты
Ішла Божая Маці
Некалі Бог раззлаваўся, што людзі не выконваюць запаведзі і вырашыў іх знішчыць, каб нарадзіліся новыя, бязгрэшныя. У пакаранне на людзей ён наслаў патоп. Але няшчасных пашкадавала Божая Маці. Спусцілася з неба, і таму, што ўсюды была вада, ішла па камянях, што тырчалі з вады. Там, дзе яна ступала, засталіся сляды. Такое паданне захавалася ў <І>вёсцы Канюхі Бераставіцкага раёна . Але пра легенды, звязаныя з адбіткамі на камянях, распавядаюць па ўсёй Беларусі. Прычым часам на камені слядок можа быць не адзін. Так, даследчыкі з этнагістарычнага цэнтра "Явар" у Камянецкім раёне на камені, што ляжыць пасярод поля, побач з больш вялікім следам пабачылі маленькі — згодна з паданнем, тут быццам бы Маці Божая была з немаўляткам. Ёсць на камені і маленькая дзірачка — след ад кіёчка. Паданне распавядае, што ў спякотны дзень жняцы вельмі хацелі піць і ніяк не маглі знайсці крыніцу. Раптам заўважылі жанчыну з дзіцём, якая сказала, што не трэба шукаць, бо недалёка ёсць крынічка. І потым жанчына знікла.
Іншае паданне ўзгадвае Маці Божую, якая спускалася на зямлю, блукала, у балацінцы выпэцкалася і пачала прасіць Бога, каб дапамог ёй знайсці крынічку. А як памылася, стала на камень, адштурхнулася і паляцела. У апошнім паданні, між іншым, Маці Божая вельмі прыбліжаная для чалавека, бо таксама мае патрэбу ў дапамозе.
А вось валун у вёсцы Сянежыцы Навагрудскага раёна захаваў сляды і Багародзіцы, і чорта, які за ёй гнаўся. Прычым шматлікія паломнікі, што ў розныя часы ішлі да гэтага каменя, след Багародзіцы цалавалі, а ў след чорта плявалі. Дарэчы, да каменя ходзяць і зараз.
Такіх камянёў на Беларусі шмат. Ходзяць да іх людзі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. І таму камяні сведчаць не толькі пра багатую фантазію нашых продкаў, але распавядаюць і пра яго духоўную культуру. Прычым, як адзначалі замежныя даследчыкі, якія вывучалі культуру і традыцыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях, менавіта ў нашай краіне найбольш захавалася старажытная "інфармацыя". І хто ведае, можа, калі яе прааналізаваць і расшыфраваць, удасца не толькі даведацца пра светапогляд нашых продкаў, але і зразумець хто мы, беларусы, такія, у чым наша адметнасць.
Пакаранні
Дзіва, што культ камянёў не знік з прыходам хрысціянства, не змаглі з ім "разабрацца" і савецкія ўлады. Калі было забаронена хадзіць да камянёў, людзі ішлі да іх уначы, маліліся. Праўда, за савецкім часам шмат камянёў было знішчана: іх разбівалі ці ўзрывалі, спіхвалі ў канавы і рэкі.
І гэта нягледзячы на тое, што людзі верылі, што такія камяні нельга чапаць, ссоўваць з месца, класці ў падмурак дома. Можа, невыпадкова з'явіліся легенды пра тое, што дом, у падмурак якога паклалі такі камень, пакрыўся цвіллю і гніллю (рэч у тым, што камень звязаны з вільгаццю, даволі часта побач з каменем знаходзіцца крыніца). Тым, хто ссоўваў камяні з месца, уначы з'яўляліся розныя здані, прывіды, якія прасілі вярнуць усё на месца.
Да камянёў хадзілі нават дочкі магнатау ВКЛ, каб папрасіць сабе жаніхоў. Між іншым, даводзілася чуць расповеды, што і ў наш час такія камяні дапамагаюць людзям знайсці сабе пару. Людзі ходзяць да іх лячыцца, у іх просяць дапамогі жанчыны, якія не могуць зацяжараць. Такая просьба падмацоўваецца ахвяраваннямі: на камяні кладуць цукеркі, хлеб, грошы. У Дзятлаўскім раёне каля вёскі Горка ляжыць вялікая камлыга. У ёй — расколіна, праз якую трэба прапаўзці тры разы, каб пазбавіцца ад хвароб. Паданне распавядае, што раней праход пад каменем быў значна большым: тут нават можна было праехаць на кані. Між іншым, гэта адзін з нямногіх камянёў, куды людзі ходзяць са святаром. Царква прызнала культы святых крыніц, а культы камянёў многія царкоўныя служкі не падтрымліваюць.
Між іншым многія культавыя камяні і ў наш час захоўваюцца ў храмах. Часам кропельніцы, якія ўжо сталі непатрэбнымі, можна сустрэць ля храмаў. Бывае, што старажытным сведкам гісторыі знаходзіцца і якое-небудзь новае прымяненне: напрыклад, у іх саджаюць кветкі.
На Беларусі шмат па-данняў пра тое, што камяні некалі былі жывымі істотамі. Людзі і жывёлы ператвараліся ў камень у пакаранне за працу на Вялікдзень.
— Вялікдзень — вялікае хрысціянскае свята. Але я думаю, што некалі ў гэты час адзначалася і паганскае свята, бо адгэтуль пачынаўся новы год, лічылася, што зямля прачынаецца і яе нельга чапаць. Відаць, былі і паганскія абрады, пасля якіх дазвалялася пачынаць працу на зямлі, — разважае даследчыца традыцыйнай спадчыны беларусаў, журналіст, публіцыст Ірына Клімковіч.
У камень ператвараліся араты і яго валы, а часам і жонка. Так, у вярхоўях Віліі ляжыць камень Сцяпан. Паводле падання, аднойчы селянін араў на Вялікдзень, жонка прынесла яму ў поле абед, пачала сварыцца і ў сэрцах выпаліла: "Каб ты каменем стаў". Яе муж скамянеў, а жанчына ператварылася ў сасну, якую сталі зваць Куліна.
Легенды асуджаюць і сквапнасць. Так, быццам Бог у выглядзе жабрака прыходзіць у вёску, просіцца на начлег. Але людзі ўсё трапляюцца яму нядобразычлівыя. Толькі бедная жанчына пускае ў свой дом і дзеліцца апошнім. Жабрак загадвае жанчыне ісці за ім і не азірацца. Але тая, чуючы шум і крыкі людзей, азіраецца — і ў той жа момант ператвараецца ў камень. На месцы ж вёскі з'яўляецца возера.
Вам не здаеццца, што ў легендах зашыфраваны менталітэт народа? А можа, гэта было і павучанне для падрастаючых пакаленняў?
У паданнях паказваецца і стаўленне да багацця. Даволі часта багатыя людзі з'яўляюцца ў іх аб'ектам асуджэння. Лічыцца, што іх багацце здабыта нячыстым шляхам. Невыпадкова існуюць паданні пра тое, што скарбы, якія быццам бы схаваны пад камянямі, зачараваныя, і таму чалавеку, які іх знойдзе, шчасця не будзе.
Многія камяні, якія знаходзяцца ў нізінных месцах, ля балацін, лічацца чортавымі. Кажуць, уначы ля такога каменя можа з'явіцца чорт, які будзе вадзіць чалавека. Часам чорт прымае выгляд паніча і людзей, што позна вяртаюцца з гулянкі, заклікае гуляць у карты. Прычым небаракі могуць загуляцца да таго, што прайграюць вопратку. А калі ўжо даходзіць да гульні на душу, то ад вялікага граху іх выратоўвае спеў пеўнікаў...
Хто жыве ў камені?
Сёння вядома пра некалькі тысяч камянёў, але інфармацыя сабрана пра больш чым паўтысячы. І звесткі працягваюць назапашвацца. Так, паводле сабранай у экспедыцыях інфармацыі, у выдавецтве "Беларуская навука" выйшла кніга "Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі", аўтары якой А. Карабанаў, В. Вінакураў, Л. Дучыц, І. Клімковіч. Прычым з яе можна даведацца пра камяні як геалагічную з'яву, так і пра легенды, звязаныя з рознымі камянямі: следавікамі, акамянелымі істотамі, шаўцамі, чортавымі і г.д.
Магчыма, кніга спатрэбіцца экскурсаводам і гаспадарам сядзіб, пісьменнікам, рэжысёрам. Нядрэнна было б, каб старыя легенды знайшлі ўвасабленне ў кінафільмах і мультфільмах. Прычым сюжэты тут такія, што любы стваральнік фэнтэзі пазайздросціў бы беларусам — нашчадкам такой творчай спадчыны.
Чаго толькі вартыя камяні-шаўцы, камяні-краўцы! Як вам такі сюжэт? Адно з такіх паданняў звязана з каменем у вёсцы Гогалеўка Чашніцкага раёна. Людзі верылі, што ў камені жыў змей, які быў краўцом. Часам змей ператвараўся ў прыгожага хлопца і лётаў цераз возера на спатканне да пастушкі. Аднойчы ён стаміўся, паклаў дзяўчыне галаву на калені і папрасіў, каб яна пабудзіла яго, калі на небе з'явіцца хмара. Але дзяўчына не пабудзіла змея (па адной з версій яна закімарыла, па другой — нібыта хлопец ёй надакучыў). Кравец прачнуўся, калі пачалася навальніца. Раззлаваны, ён ударыў каханую па шчацэ і кінуўся ўцякаць да свайго каменя. Але пярун забіў змея. Пачалася вялікая залева. Каб спыніць дождж, трэба было закапаць змея, але як яго ні закопвалі, ён усё аказваўся на паверхні і зноў пачыналася залева. І так было, пакуль не ўзгадалі, што зямлі на магілу змея павінны нанасіць малыя дзеці (паводле іншай версіі, трэба было запрэгчы ў лапаць пеўніка). Гэты камень і сёння шануецца. Некаторыя жыхары сцвярджаюць, што быў нават фотаздымак змея, калі ён ператвараўся ў хлопца. Наколькі ж вераць у гэтую старажытную легенду, што ўяўляюць, быццам усё адбывалася зусім нядаўна!
Кажуць, што калі да камянёў-шаўцоў прыкласці вуха, можна чуць грук швейнай машынкі альбо малатка. Камяням нельга загадваць, бо тады яны могуць прышыць рукавы не там, дзе трэба, ці наогул перастаць шыць. Вось толькі адзенне або боты, якія шыюць камяні, можна апранаць на ігрышчы, у карчму, але толькі не ў храм, бо там усё распаўзецца на кавалкі. Можа, у такіх паданнях адбілася сутыкненне хрысціянскай рэлігіі і паганскіх вераванняў? Усё ж ігрышчы, карагоды, нейкія інсцэніроўкі — гэта элементы старажытных абрадаў.