Быццам бы так, а быццам бы не - не зусім купальскія разважанні

Источник материала:  

Штогод з 6 на 7 ліпеня я начую на дачы — на ўсякі выпадак, бо на Купалле могуць нашкодзіць. Раней такое бывала, а ў апошнія гады — не. Моладзі на вёсцы няма, а састарэлыя спяць непрабудным сном. І кожны раз у гэтую ноч розныя думкі прыходзяць у галаву.

Купалле адзначалі не толькі славяне, а ўся Еўропа. Але з часам на Захадзе Купалле забылася, а ў нас пік летняга сонцастаяння ўсё яшчэ адзначаюць. У Літве гэта афіцыйнае свята. Але ў нас Купалле своеасаблівае, бо прыпадае не на 23 чэрвеня, як і павінна быць, а на 7 ліпеня, калі дзень стаў карацейшым на 20 хвілін. І атрымліваецца, што ноч з 6 на 7 ліпеня ў нас быццам бы і купальская, а на самай справе быццам бы і не. Відавочна, з той пары, як мы памыліліся з Купаллем, у нас многае сказілася. Ва ўсякім выпадку, мне так падумалася, калі я пісаў гэтыя радкі "купальскай" ноччу.

Крызіс, а ў Івацэвічах узводзіцца Лядовая арэна, у Лунінцы — басейн. Валавы прадукт на Брэстчыне вырас больш чым на 10 працэнтаў, а эканамічная актыўнасць дазволіла выканаць бюджэт вобласці за гэты перыяд (у параўнанні з тэмпамі росту даходу летась) на 139 працэнтаў — значыць, крызісу быццам бы і няма.

І так у многім. Вось пачалі будаваць Саюзную дзяржаву. Па дакументах яна існуе, а па жыцці яе быццам бы і няма. Не будзем высвятляць, хто "палкі ставіць у колы". Але апошнім часам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на парадку дня не стаіць.

Складваецца ўражанне, што мы знаходзімся ў раздвоеным стане.

Існаванне беларусаў як народа не ставілася пад сумненне: за савецкім часам і ў царскай Расіі ўсё ж былі беларусы і маларосы (украінцы), а тут расійскія тэлеканалы тыражуюць "один язык — один народ". І мы не абвяргаем і не высвятляем, што гэта за "один народ".

І што тут казаць, калі дастаткова прайсціся па вуліцах нашых гарадоў, каб зрабіць вывад, што беларуская мова быццам бы адышла ў нябыт.

Дзяржава, суверэнітэт, народ, культура... — гэта сакраментальныя каштоўнасці, якія не дапускаюць ніякіх "быццам бы". А ў нашым жыцці можна так, а можна і гэтак. Мы іншым разам ствараем праблемы, якіх магло і не быць. Вось у чарговы раз высвятляем адносіны з Еўрасаюзам. А была б у нас з гэтай супольнасцю больш цесная сувязь, то і Масква паводзіла б сябе зусім інакш, і з крэдытам праблемы не было б. Ёсць у народзе прымаўка, што ласкавае цялятка дзвюх матак смокча.

Вось такія мае "купальскія" разважанні. Некалькі разоў ноччу выходзіў на вуліцу. Было ціха, таму ўглыб агарода не заглядваў, ды і хадзіць па расе не хацелася. Мясцовыя "чэрці" гэтай ноччу, напэўна, спалі і не гойсалі па агародах?

А калі ўзышло сонца, то распаліў пліту, нагрэў вады і падаўся ў цяпліцу паліваць памідоры з перцамі. З імі ўсё нармальна — хутка ўраджай будзе. А вось з дынямі і кавунамі, якія я сёлета надумаў вырасціць, вялікая праблема. Не ведаю, што ім патрэбна і чаго не хапае. Быццам бы растуць, але... .

Сымон Свістуновіч.

←"Вясёлы марафон" і "Эцюд з лентамі"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика