Канстанцін Бурдаеў ("Браты Грым"):
"Вымаўляць гэта ўсё па-беларуску не так цяжка"
Гурт "У нескладовае" і саліст "Братоў Грым" запісалі песню па-беларуску
Малады беларускі гурт "У нескладовае" пасля леташняй прэзентацыі дэбютнага альбома вырашыў запісаць сумесную песню з "Братамі Грым". Сінгл атрымаў назву "Станцыя".
Расійскі гурт "Браты Грым" пасля сыходу аднаго з братоў-блізнятаў (Барыса Бурдаева) працягвае працаваць пад старой назвай. Мінулай восенню ў абноўленым складзе гурт выпусціў новы альбом "Крылы Тытана". Спыняцца на дасягнутым калектыў не збіраецца, з ахвотай пагаджаючыся на рознага кшталту музычныя эксперыменты, адным з якіх і стала сумесная праца над сінглам "Станцыя".
— Гэта такі мой дэбют, — прызнаецца Косця Бурдаеў, саліст "Братоў Грым". — Я ўпершыню спяваю песню на няроднай для мяне мове. І прыемна, што гэтай мовай стала беларуская. Яна аказалася не такой ужо і складанай — у нас агульныя карані, таму вымаўляць гэта ўсё было не так цяжка. Акрамя новай песні, тут, у Беларусі, мы здымаем кліп на адзін з новых сінглаў гурта "Браты Грым" пад назвай "Алілуя".
Аляксандр Памідораў:
— Косця — малайчына. Песню запісалі насамрэч даволі хутка. Ён амаль адразу ўхапіў сутнасць, адразу ўключыўся ў мову, быў толькі адзін хіб з адным словам. Больш часу было патрачана на давядзенне да прыгажосці песні. Але дзякуючы праніклівасці Косці песня атрымалася.
Як вядома, праект "У нескладовае" першапачаткова задумваўся як прадукт, арыентаваны на папулярызацыю беларускай музыкі за мяжой, найперш у Расіі <І>(гл. "Звязду" за 23 кастрычніка 2010 года). "Станцыя", такім чынам, — адзін з такіх праектаў.
— У праекце "У нескладовае" ўдзельнічае шмат музыкантаў, у тым ліку з розных краін. Цяпер да праекта далучыўся і Косця Бурдаеў, які жыве ў Расіі, — гаворыць адзін са стваральнікаў "У нескладовага" Раман Арлоў. — У планах — запіс як мінімум трох цудоўных песень з Веранікай Кругловай (салістка "Крыві", якая сёння жыве ў Берліне). Таксама спадзяемся на тое, што нашы канцэрты пройдуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах свету, напрыклад, у Берліне або Маскве.Канстанцін Бурдаеў: "Я не магу гаварыць, але ўсё разумею".
Як прызнаўся журналістам Канстанцін Бурдаеў, яму заўсёды падабалася ідэя музычных дуэтаў, таму што "спалучаць сябе з іншым музычным поглядам вельмі цікава".
— Я хацеў бы звярнуць увагу расіян на мовы сваіх суседзяў, — шчыруе Бурдаеў, — Ёсць жа "Акіян Эльзы", "Лямант Відаплясава", якіх слухаюць у нас. Думаю, творчасць беларускага гурту таксама павінна быць цікавай для расіянаў. Усе людзі — браты, як вядома. А мы — беларусы, рускія, украінцы — браты-блізняты. Мы павінны абменьвацца і сачыць за творчасцю адзін аднаго. Бо сяброўства пачынаецца не са стратэгічных інтарэсаў, а з творчасці простых людзей.
Падчас запісу сінгла саліст "Братоў Грым" звярнуў увагу на тое, што "ў беларускай і польскай мовах шмат стараславянскіх слоў і ў іх шмат агульнага. Руская мова трохі адышла ад гэтага, а паміж беларускай і польскай чуецца штосьці такое, адкуль усе нашы мовы некалі бралі пачатак".
— Мне заўсёды было вельмі цікава дакрануцца да славянскіх моў, бо чым больш дакранаешся да іх, тым больш пачынаеш разумець сваю родную мову. Калі мне прыслалі паслухаць песню з прапановай супрацоўніцтва, кампазіцыя мне вельмі спадабалася. Пасля невялікага знаёмства з беларускай мовай я ўжо пачаў яе разумець, — прызнаецца Косця Бурдаеў. — Я не магу гаварыць, але ўсё разумею.
Ілья Лапато.