Чарнічная ліхаманка

Источник материала:  

Запіскі бывалага ягадніка

І ў гэтым годзе Бог даў проста небывалы ўраджай чарніц. Зноў зашуміць чарнічная ліхарадка, якую па напале страсцей сапраўды можна параўнаць з залатой ліхаманкай, якую апісваў Джэк Лондан.

Чарнічныя байкі

Кожны год, як толькі надыходзіць ягадная пара, распаўсюджваюцца розныя "страшылкі": то пацыенты з Жодзішскай псіхбальніцы вырваліся і хаваюцца ў лясах, то арыштанты з турмы ўцяклі, то салдаты з аўтаматамі дэзерціравалі з арміі. Яшчэ многія памятаюць, напэўна, як у 2008 годзе ў Лідскім раёне нейкую пачвару на агародах бачылі: ці то чалавека, ці то сабаку. Нават тэлебачанне купілася на сенсацыйную чутку, ці, лепш сказаць, "качку". Потым сцвярджалі "сведкі", што бачылі гэтую істоту ў Астравецкім раёне, дзе яна глушыла рыбу палкай ля ставу і г.д.

У гэтым годзе страшылкі сталі больш рэальнымі. Зборшчыкі ягад дзеляцца на тых, хто збірае "камбайнамі" ("машыначнікаў", або "камбайнераў"), і іх абсалютная большасць, і тых, хто збірае рукамі (адзінкі). Вядома, астатнім крыўдна, што яны менш назбіраюць. І таму яны адыгрываюцца на "машыначніках" тым, што пераказваюць розныя выпадкі, калі "ахоўнікі прыроды" лавілі і каралі непамерна вялікімі штрафамі "злачынцаў", пацвярджаючы гэта дакладным указаннем месца злачынства і імені "злодзея".

"Машыначнікі" таксама не лыкам шыты: "А я ў мох схаваю машынку. Калі і знойдуць — то і я не я, і хата не мая!". Але і на гэтыя хітрыкі ёсць свой "прыём". У Падольцах расказвалі, што ахоўнікі прыязджаюць, выпускаюць сабак з машыны, аддаюць ім загад шукаць. І сабакі разграбаюць мох, прыносяць машынкі інспектарам, а па паху знаходзяць іх гаспадара.

Бліжэй да горада, дзе людзі больш інфарміраваныя тэхнічна, і байкі суадносныя: прыходзяць жанчыны нібы збіраць ягады, збіраюць "камбайнамі" для правакацыі, а самі тым часам здымаюць на мабільны тэлефон парушальнікаў, затым вязуць у пашпартны стол, дзе па здымку вызначаюць гаспадара.

Цяжка прыйшлося ў гэтым годзе зборшчыкам чарніц. Акрамя ўсіх астатніх цяжкасцяў, трэба было яшчэ пільна сачыць за кожным чужаком, каб своечасова схаваць сваю прыладу працы. Як смяяўся муж адной маёй знаёмай: "Напэўна, немцы партызанаў ў вайну так не баяліся, як мы "аховы прыроды".

Пра механічныя сродкі

"Камбайны", "збіралкі", "грэбалкі", "скрэбалкі", "машынкі" — хто і як толькі не называе прыстасаванні для збору ягад! Розныя яны і па форме: ад далікатных, маленькіх, амаль цацачных дамскіх, да сапраўдных монстраў — такім, здаецца, калі добра падчапіць, то і дуб можна вывернуць. Але далікатныя жаночыя рукі лоўка ўпраўляюцца і з такімі монстрамі.

Нічога няма дзіўнага ў тым, што людзі імкнуцца аблегчыць працу па зборы ягад, як і любую іншую. Тэхнічны прагрэс упэўнена крочыць наперад па ўсіх накірунках. Ніхто ж не збірае рукамі, не жне сярпамі збажыну, не малоціць яе ўручную — усё даўно механізавана, хоць страты, безумоўна, большыя. Ручка з гусіным пяром прайшла эвалюцыю да сучаснага камп'ютара. Так і ў нашым выпадку. Той, хто збіраў ягады, ведае, якая гэта цяжкая праца: і спіну ломіць, і камары з аваднямі заядаюць, і яшчэ шмат чаго трэба асцерагацца. Безумоўна, страты ёсць, але яны ёсць і пры ручным зборы ягад. Калі ўжо гаварыць пра страты, то чаму на ягаднік ніхто не звяртае ўвагі, калі ідзе вырубка лесу, нарыхтоўка дроў? Не толькі ягаднік зруйнаваны, але і маладыя дрэўцы. Але ўсё ў прыродзе аднаўляецца. Прыстасаванні ж для збору ягад вядомы са старажытных часоў, і называліся яны "грабёнкі для збору ягад". Як бачым, яны не прывялі да поўнага знішчэння чарніц.

"Чарнічны бізнэс" пачаў развівацца ў нас з 1994 года. Тады яшчэ была магчымасць здаваць ягады ў Літву. Закупшчыкі спаборнічалі адзін з адным. І развіваўся гэты бізнэс у трох напрамках: 1-я ступень — прыёмшчыкі, 2-я  — зборшчыкі і 3-я — тыя, хто вырабляў так званыя "камбайны". Тыя, хто кожнае лета карыстаецца дарамі лесу, добра ведаюць, што за 16 гадоў толькі два чарніц не было, прычым з-за таго, што майскія маразы супалі з іх цвіценнем. А колькі гадоў не было ў лесе маліны? А яе дакладна ніхто не збірае "камбайнамі". У 2010-м, акрамя чарніц, ніякіх іншых ягад — маліны, буякоў, брусніц, журавін — не было амаль што зусім. Ну ніхто ж не збірае гэтыя ягады машынкай! І эколагаў гэта не цікавіць — ніхто не піша ў перыёдыцы чаму. У садзе яблыкі таксама не кожны год ёсць. Разумнаму чалавеку гэта і так зразумела: аб'ектыўных прычын ёсць шмат. А гэта датычыцца толькі чарніц? Які адказ на гэта пытанне, можна здагадацца..

Хто заступіцца за беднага зборшчыка?

У гэтай іерархіі занятых у чарнічным бізнэсе асоб зборшчыкі — самае слабое і безабароннае звяно — і па цяжкасці, і па аплаце. Пра цяжкасці ўжо сказана было вышэй, а што датычыцца аплаты, то заканамернасць такая: чым далей ад цэнтра, тым менш магчымасцяў для выбару пункта прыёму. Прыёмшчыкі гэта добра ведаюць і, адпаведна, зніжаюць цэны. А што зробіць жанчына, набраўшы два вядры ягад? Не наймаць жа ёй машыну і везці туды, дзе нашмат даражэй? Усё роўна застанешся ў пройгрышы. У кожным раёне свая цана, а ў межах раёна яна яшчэ і розная на прыёмных пунктах — што на чарніцы, што на лісічкі. А чаму яна не можа быць аднолькавай — жывём жа ў адной краіне? Але колькі б ты ні ўзважваў свой здабыты працай і потам ураджай, вага ніколі не супадае з тым, што налічыць прыёмшчык. І чаму ніякім органам нецікава гэта праверыць? Крайні застаецца толькі зборшчык, і ці не таму, што самы бедны і безабаронны?

А тое, што прыёмшчыкі аб'яўляюць збор ягад, калі тыя яшчэ напалову зялёныя? Вось тут сапраўднае злачынства: збіраць, а потым выкідваць вон значную частку ягад. І тут чамусьці ніхто не тэлефануе ў арганізацыі па ахове прыроды і не просіць прыехаць разабрацца.

Адзін мой знаёмы летась пабываў на заробках у Швецыі і расказваў, што механізаваны збор ягад там не забаронены. Ён нават прывёз адтуль машынку для збору чарніц, якая каштуе 18 еўра і прадаецца проста на прыёмным пункце. Не верыцца, што ў Швецыі менш дбайна ахоўваюцца прыродныя багацці. Там дзяржава робіць мудра: кожны, хто хоча займацца зборам ягад, павінен купіць білет, заплаціўшы ў казну пэўныя грошы. Думаю, што ў нас таксама ніхто не адмовіўся б ад такога метаду. І дзяржаве была б пэўная падтрымка без штрафаў і балотных аблаў.

Думаю, што ўся справа ў звычайнай чалавечай чорнай зайздрасці. Нават у прэсе гэта пастаянна прасочваецца "...прага нажывы...!" Як брыдка чытаць гэтыя словы. Брыдка і сорамна! Лес і яго багацці створаны Богам для ўсіх. Ідзіце, збірайце і "нажывайцеся"! Тым, хто шкадуе сябе і каму лепш паляжаць на канапе, чым ламаць спіну па лясных зарасніках, здаецца, што на ягадах "азалочваюцца". Ды кіньце вы дурное! Хто-небудзь пасля ягаднага сезону з'ездзіў на Мальдзівы, ці яшчэ ў якое экзатычнае падарожжа? Ці палац пабудаваў? Самыя адчайныя і нястомныя, не бачачы ні выхадных ні прахадных, пад дажджом і спякотным сонцам найбольшае, што змаглі зарабіць — гэта 1000 долараў. Ці гэта так шмат за 2 месяцы? Камп'ютар або тэлевізар, прычым не самых лепшых марак.

Л. Ягадзінскі.

Калі не купляць, то збіраць?

Самы карысны прадукт для вачэй і страўніка — гэта чарніцы. Але калі заглянуў на рынак, каб купіць, то іх кошт уразіў.

Чамусьці ягаду пераважна прадаюць слоікамі. А літровы слоік (0,6 кг) чарніц — 10 тысяч рублёў. За вядро просяць 100 тысяч. Улічваючы, што ягады хоць і карысныя, але наедак з іх слабы, ды і далёка не кожны гараджанін дазволіць сабе сёння купіць вядро чарніц. Відавочна, таму і прадаюць іх слоікамі.

Але выбар ёсць. Калі не хочаш купляць, то можаш чарніц набраць у лесе. Вось я і выбраў другі варыянт. Жонка запрасіла сваю сяброўку, і мы паехалі ў лес збіраць чарніцы. Мясціны правераныя ў мінулыя гады, і думалася, што дадому вернемся не з пустымі вядзерцамі.

Будзённы дзень, а на абочыне лясной дарогі праз кожныя сто метраў стаяць легкавушкі. Але "мой" чарнічнік у глыбіні лесу — за кіламетры тры ад дарогі, і думалася, што туды збіральнікі не дабраліся. Прыехалі і ўбачылі, што на лясной плантацыі да нас ужо добра папрацавалі — збіралі чарніцы "народным камбайнам" (грабеньчыкам). Хоць гэтая прылада і лічыцца браканьерскай, але выкарыстоўваецца яна шырока. Вытворчасць павялічваецца ў разы, а пра шкоду, нанесеную чарнічнікам, ніхто не думае. Цана назбіранай ягады пераважвае ўсё.

Шукаць новыя мясціны не выпадала, бо трэба ведаць, куды ехаць, і таму давялося падабраць тое, што засталося. Пашанцавала, калі натрапілі на некалькі купак некранутага чарнічніку. Зрэдку трапляліся і суніцы. Да абеду назбіралі тры літры на дваіх. Малавата. Можа, мы збіральнікамі аказаліся не надта якімі, бо сяброўка жонкі адна сабрала амаль столькі ж. Збіраць ягады не так і проста. Патрэбен спрыт. Аднойчы давялося бачыць, як адна кабета збірала ягады, — дзвюма рукамі, нібы карову даіла.

Чарніцы дарагія, але сёлетняя цана для іх рэальная. У мінулым годзе яны таксама былі ў цане. І калі сёння стартавая закупачная цана 10 тыс./кг, то гэта не значыць, што яна не вырасце.

Спрыяе гэтаму і канкурэнцыя сярод нарыхтоўшчыкаў. Напрыклад, сёлета ў Ганцавіцкім раёне іх было зарэгістравана значна больш, чым летась. У палескі рэгіён у ягады едуць з усёй Беларусі. А значыць, прыбытак гарантаваны.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

Гродзенская вобласць.  

←Канстанцін Бурдаеў ("Браты Грым"):

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика