НУ І НУ!
На цэнтральнай плошчы Віцебска — Перамогі — удзельнікі "флэшмоба" арганізавалі свята пацалункаў. Акцыю прызнання ў каханні арганізавалі пры дапамозе адной з сацыяльных сетак.
Дзясяткі дзяўчат і хлопцаў не толькі цалаваліся, але і вадзілі карагоды, танцавалі. Некаторыя пары прадэманстравалі і акрабатычныя здольнасці: хлопцы падчас пацалункаў трымалі сваіх дзяўчат на руках. Мінакі ў большасці сваёй добра рэагавалі на відовішча. Прыемна было ўбачыць людзей ва ўзросце, якія таксама абнімаліся і цалаваліся. І хто там сказаў, што жыць у краіне раптам стала цяжка? Мо ўсё будзе добра, пакуль існуюць закаханасць і каханне?
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Лось сам "застрэліўся"?На тэрыторыі Горацкага лясгаса былі знойдзеныя рэшткі і месца незаконнай здабычы лася. Сляды ад воза вялі ў вёску Стан Горацкага раёна.
Быў праведзены вобыск у асоб, якія падазраваліся ў браканьерстве: у загадчыка малочнатаварнай фермы гаспадаркі "Саўгас-камбінат Горкі" і работніка горацкага прадпрыемства "Цеплавая энергетыка". Былі знойдзены мяса лася вагой 200 кілаграмаў і паляўнічая стрэльба, зарэгістраваная на імя аднаго з браканьераў. Грамадзяне далі паказанні, што разабралі тушу лася, калі той быў ужо забітым, маўляў, мяса забралі для асабістага спажывання. Аднак знайшліся сведкі, якія пацвердзілі факт незаконнай здабычы лася работнікам прадпрыемства: менавіта ён зрабіў стрэл па жывёліне.
А вось у аналагічнай сітуацыі ў Івацэвіцкім лясгасе, дзе была знойдзена свежая туша незаконна здабытага дарослага лася з двума кулявымі раненнямі, вінаватых пакуль не знайшлі. 200 кілаграмаў мяса перададзены карыстальніку паляўнічых угоддзяў. У абодвух выпадках шкода ацэнена ў больш чым 3,3 мільёна рублёў.
Сяргей РАСОЛЬКА.