Памыўся сам — прыбяры сваю планету...

Источник материала:  

У славуты Ружанскі палац мы прыехалі не ў свята, а назаўтра, бо на мэце мелі грунтоўнае знаёмства з выдатным помнікам нашай супольнай з суседзямі гісторыі і архітэктуры. У свята гэта не вельмі зручна рабіць, бо ў гаспадароў — свае сцэнарыі і свае акцэнты, а для кожнага з нас былі больш важнымі ўласныя ўражанні ад сустрэчы з сапраўдным дыяментам нашай даўніны.

Дык вось, пра ўражанні. Былі мы ў Ружанах не рана, недзе пад абед, бо з Мінска выехалі ў 8 раніцы. Палац, вядома, уражвае — нават пасля таго, як яго бязлітасна, па-варварску пашкуматалі войны і людзі, якія вырашылі будаваць светлую будучыню без палацаў. Старажытныя муры вабяць сваёй грунтоўнасцю, прадуманасцю формаў, веліччу, што нагадвае і пра веліч твайго народа. Нямала папрацавалі рэстаўратары — гатовая ўязная брама, скончаныя знешняя і ўнутраная аздоба ўсходняга флігеля. Але ўсё гэта ты бачыш потым, а найперш цябе непрыемна здзіўляюць рэшткі ўчарашняй раскошы — непрыбраная гара смецця ля ўваходу, пустыя пластыкавыя бутэлькі і пакеты з-пад соку, абгорткі ад марозіва на тэрыторыі палаца. Што дае падставу арганізатару нашай паездкі і вялікаму рупліўцу на ніве зберажэння нашых гістарычных каштоўнасцяў, старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу горка пажартаваць: вы можаце ўбачыць тут напамін пра культуру адразу некалькіх стагоддзяў — ХVІІ, калі палац будаваўся, ХVІІІ — калі перабудоўваўся, і нашага — калі ўсё засыпаем пластыкавым смеццем... Адзінокая бабуля цягае па тэрыторыі свае вазкі, куды збірае смецце толькі па ёй адной зразумелым прынцыпе, заадно не забывае прадэгуставаць рэшткі недапітых напояў з бутэлек...

Безумоўна, свята — гэта вялікая праца. Нямала людзей папрацавала, каб яго арганізаваць, падрыхтаваць, удыхнуць душу. Але чаму тыя, хто прыехаў назаўтра (у нядзелю, між іншым, у святочны дзень) павінны псаваць свае ўражанні ад доўгачаканай сустрэчы з перлінай нашай палацавай архітэктуры (якіх не так у нас і многа)? Вядома, усё адразу не схопіш, штаты ў мясцовых камунальнікаў, відаць, не такія ўжо і вялікія (калі яны наогул ёсць). А мы самі? Відаць, у вялікім пасёлку нямала школьнікаў, членаў БРСМ, ды і піянеры, хутчэй за ўсё ёсць. Чым не патрыятычнае выхаванне — хуценька, па-гаспадарску прыбраць тэрыторыю палаца, які ёсць візітовай карткай (прычым якой шыкоўнай!) тваёй малой радзімы! Ды многім пакаленням хопіць тут працы, каб мець зусім адметнае месца на планеце — заснаванае продкамі, дагледжанае нашчадкамі. Між іншым, наш экскурсійны аўтобус быў у той дзень не першым у Ружанах. Былі турысты і меншымі групкамі. Хочацца, каб уражанні людзей ад сустрэчы з сапегаўскім шэдэўрам былі яркімі, чыстымі, выклікалі гонар за продкаў, прымушалі быць вартымі іх.

Уладзімір ЗАЛУЖНЫ.

←Стэфан Эрыксан: “Жыве Швецыя! Жыве Беларусь!”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика