Клопат стараст — у радасць. Як зрабіць работу старасты прывабнай, а жыццё на вёсцы — камфортным?
Жыхары вёскі Адвержычы, што за 15 кіламетраў ад цэнтра сельсавета, наўрад ці адчуваюць сябе забытымі. Частымі візітамі чыноўнікаў з райцэнтра яны сапраўды не могуць пахваліцца. Аднак на месцы ёсць стараста, які актыўна дапамагае вырашаць многія праблемы.
Ідзе на кантакт
“Стараста — гэта, лічыце, другі чалавек у сельсавеце”, — расказвае старшыня Манькавіцкага сельсавета Столінскага раёна Наталля Расько. Па яе словах, рэгулярна выпадае быць на пасяджэннях, сходах, вырашаць пытанні ў райцэнтры. Ды і ў Манькавічах, дзе больш за 1 тысячу жыхароў, клопатаў хапае. Таму Таццяна Немшан, якая больш за пяць гадоў выконвае абавязкі старасты ў Адвержычах, вельмі важны памочнік.“Самае цяжкае ў рабоце старасты — кантакты з людзьмі, уменне знайсці з імі агульную мову, агульную тэму”, — дзеліцца вопытам Таццяна Фёдараўна.Ідуць да старасты сяльчане з рознымі клопатамі: адным патрэбны дровы, у іншай сям’і трэба памірыць мужа з жонкай ці пагутарыць з дзецьмі, каб вялі сябе прыстойна, менш засмучалі бацькоў.Яшчэ вялікі клопат — добраўпарадкаванне мо-гілак. “Прайшла па хатах, папрасіла людзей, дык 40 чалавек прыйшло”, — узгадвае яна. Паўнамоцтваў у старасты не так многа, прыказаць нікому не можаш. Застаецца толькі прасіць. Таццяна Фёдараўна 37 гадоў адпрацавала ў мясцовай школе настаўніцай пачатковых класаў, таму дамовіцца з былымі вучнямі, канешне, лягчэй.
Як даехаць да Кубы?
Яшчэ пяць гадоў таму вёску Адвержычы рэгулярна залівала вадой. “Ёсць у нас узгорак, на якім стаяць восем двароў. Гэта месца назвалі Кубай, — кажа Таццяна Немшан. — У час паводкі прыходзілася сядаць у лодку ды дастаўляць ім прадукты і дровы”.Некалькі гадоў таму, калі пабудавалі плаціну, пра паводку жыхары вёскі забыліся. Але паўстала новая праблема. Раней на Кубу машыны не ездзілі, таму вуліцы былі вузкімі. Цяпер жа ні дровы не падвезці, ні машыне хуткай дапамогі не развярнуцца. Прыйшлося збіраць людзей, гутарыць з імі, каб аднеслі платы бліжэй да хат. Канешне, былі і незадаволеныя такім рашэннем.
Стымул для актыўнасці
Работу старасты наўрад ці можна назваць прыбытковай. За тры месяцы ён у сярэднім атрымлівае каля 100 тысяч рублёў, пры гэтым не мае такіх паўнамоцтваў, як той жа старшыня сельсавета. “Душа мая рвецца што-небудзь яшчэ зрабіць, — гаворыць Таццяна Немшан пра ўласныя матывы. — Калі бачыш, што вёска становіцца больш прыгожай, дык і мне добра”.“Было б добра, калі б пра нас, стараст, не забывалі, каб часцей мы сустракаліся з кіраўніцтвам раёна, абмяркоўвалі нашы праблемы, абменьваліся вопытам”, — лічыць яна. У тых жа Адвержычах яшчэ трэба шмат чаго зрабіць: напрыклад, адрамантаваць дарогі, абнавіць ФАП, пабудаваць навесы на аўтобусных прыпынках.“Канешне, трэба павышаць аўтарытэт стараст”, — згаджаецца старшыня Столінскага Савета дэпутатаў Сяргей Сідарэвіч. Гэта дапаможа ім больш эфектыўна гуртаваць людзей для вырашэння мясцовых праблем. А вось ці даваць старастам больш паўнамоцтваў, павышаць памер матэрыяльнага заахвочвання — пытанне спрэчнае. Актыўнасць работы хутчэй залежыць не ад такога стымулявання, а ад унутранай патрэбы чалавека.Тым не менш сістэму работы стараст трэба ўдасканальваць. Цяпер на амаль што 100 населеных пунктаў Століншчыны — менш за 70 стараст. Тыповы партрэт такога чалавека — асоба пенсійнага ўзросту, у якога ёсць вольны час. А вось маладых пасада старасты не вабіць. Яны кажуць, што ім трэба зарабляць грошы, гадаваць дзяцей. Іх можна зразумець. Але праўда і тое, што без актыўнага ўдзелу саміх сяльчан жыццё ў вёсцы наўрад ці стане больш камфортным.