Мінск "закрыюць" для іншагародніх на 10 гадоў
Падобная пагалоска з'явілася пасля звестак аб планах гарадской адміністрацыі зрабіць больш жорсткімі ўмовы пастаноўкі мінчан на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дзеля гэтага плануецца знізіць крытэрый патрэбнасці ў жыллі з 15 да 10 метраў на аднаго чалавека, а таксама павялічыць тэрмін неабходнага пражывання ў сталіцы з 5 да 10 гадоў.
Намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Уладзімір Дарапіевіч, да якога мы звярнуліся па каментарый, пацвердзіў, што цяпер Мінжылкамунгас сумесна са спецыялістамі будаўнічай галіны рыхтуюць адпаведны праект, дзе прадугледжваецца выкарыстанне больш жорсткіх умоў пры пастаноўцы ў жыллёвую чаргу менавіта ў Мінску. Сёння гэты дакумент шліфуецца і ўдакладняецца зацікаўленымі бакамі і, хутчэй за ўсё, будзе прадстаўлены грамадскасці ўжо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. Спецыяліст Мінбудархітэктуры падкрэсліў, што, зыходзячы з агульнасусветнай практыкі развіцця сталіц, і ў Мінску павінны дзейнічаць больш жорсткія ўмовы будаўніцтва жылля, чым у іншых рэгіёнах. Традыцыйна ў сталіцах жывуць толькі самыя актыўныя (чытай — багатыя, — С.К.) людзі краіны.
У сваю чаргу, мэр Мікалай Ладуцька адзначыў, што Мінску для нармальнага развіцця сёння неабходна вырашаць праблему магчымай перанаселенасці сталіцы. Штогод насельніцтва галоўнага горада краіны павялічваецца прыкладна на 13—15 тысяч чалавек. Толькі за апошнія 10 гадоў у Мінск на пастаяннае жыхарства з іншых рэгіёнаў пераехала 160 тысяч чалавек. Калі такія тэмпы міграцыі захаваюцца і далей, то ўжо праз 10 гадоў у сталіцы будзе жыць каля 30 працэнтаў усяго насельніцтва краіны. Увогуле, стварэнне такога вялікага кангламерату на тэрыторыі невялікай еўрапейскай краіны лічыцца не зусім мэтазгодным — эканамічна.
Калі асобна спыніцца на эканоміцы, то тут трэба ўзгадаць яшчэ адно рашэнне Мінгарвыканкама, па якім пераглядаюцца планы ў дачыненні тэрыторый прыватнай жылой забудовы, якая раней была намечана пад знос. Сусветны эканамічны крызіс і сур'ёзныя праблемы з недахопам інвестыцый у нашай краіне, мякка кажучы, памянялі планы горада аб тым, што на месцы малапавярховых дамоў прыватнага сектара будуць пабудаваны сучасныя жыллёвыя комплексы. Калі тры гады таму квадратны метр жылля ў новых дамах без аздаблення каштаваў часам больш як 2 тысячы долараў, то сёння сітуацыя сур'ёзна змянілася. Цэны на камерцыйнае жыллё зменшыліся недзе на дзве трэці, ці нават удвая, а сабекошт будаўніцтва працягвае павялічвацца, бо падаражэлі энерганосьбіты. Жыхарам прыватнага сектара трэба даць бясплатныя кватэры або прапанаваць сур'ёзную кампенсацыю за знос дамоў і пабудоў. Сёння для большасці інвестараў такая схема будаўніцтва шматпавярховых дамоў ужо не з'яўляецца цікавай, бо зарабіць грошы на гэтай аперацыі вельмі праблематычна.
Цяпер гарадскія ўлады прыйшлі да высновы, што ў большасці выпадкаў масавы знос прыватных дамоў стаў эканамічна немэтазгодным. Хутчэй за ўсё, большая частка індывідуальнай забудовы ў бліжэйшыя 10 гадоў у горадзе застанецца. Больш за тое, пасля дакладнага вызначэння тэрыторый, дзе прыватныя дамы зносіцца не будуць на працягу 10 гадоў, мэрыя дазволіць уладальнікам такой нерухомасці ажыццяўляць будаўніцтва і рэканструкцыю сваіх дамоў. Раней жыхарам гэтай зоны дадаткова будавацца было забаронена.
Адмова ад высакашчыльнай забудовы на месцы прыватнага сектара прымушае горад больш аператыўна будавацца на яшчэ свабодных тэрыторыях, якіх у сталіцы засталося ўжо не так і шмат. Атрымліваецца, што горад проста вымушаны нейкімі адміністрацыйнымі працэдурамі абмяжоўваць жыллёвую чаргу.
З пункту гледжання макраэканомікі, усё зразумела і нават правільна, аднак... Калі ўзяць, напрыклад, маладую сям'ю, якая ўчора-сёння пабудавала сучасную аднапакаёвую кватэру агульнай плошчай 42—45 квадратных метраў... Магчыма, што праз 3—5 гадоў гэтая сям'я павялічыцца ўдвая, бо будзе двое дарослых і двое дзяцей. Але нават і ў гэтым выпадку такая сям'я па новых правілах у чаргу асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў ужо не трапіць. Уявіце толькі, як "весела" стане жыць у такой кватэры, калі малыя дзеткі пачнуць падрастаць...
Сяргей КУРКАЧ.