І шчупак, і карась: Арэнда ёсць — рыбы няма

Источник материала:  

Мяса даражэе ледзь не штодня. Гаспадыні, як могуць, выкручваюцца, набываючы традыцыйны прадуктовы набор. І хочацца, каб ён быў хоць мінімальна разнастайны. Марская рыба мала адстае ад мяса ў цане. Самы час узгадаць айчынную праграму развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці. Пра яе нямала гаварылася на пачатку вясны, калі праходзіла першая выстава-кірмаш "Рыба Беларусі". Тады шмат казалі пра развіццё галіны, вымалёўваліся неблагія перспектывы. Нам нават абяцалі, што карп з цягам часу значна патаннее. Бо, напрыклад, шэраг рыбгасаў мае намер выкарыстоўваць кітайскую тэхналогію выкарыстання высокабялковых кармоў. Пры гэтым сабекошт рыбы абяцаюць знізіць. А вось якасць? Не сумняваюся, што санітарныя і іншыя службы пацвердзяць адпаведнасць нарматывам усіх асноўных паказчыкаў. Але ж нават той карп, што рос два гады на айчынным камбікорме, ужо не зусім натуральная рыба, а калі прымяніць навамодныя дабаўкі...

Менавіта з прымяненнем дабавак была звязана часовая забарона ўвозу ў краіну пангасіуса, цілапіі. Спецыялісты ўказалі на прымяненне краінамі-вытворцамі стымулятараў росту, бо за вельмі кароткі тэрмін вырасціць рыбу інакш нельга.

І шчупак, і карась: Арэнда ёсць — рыбы нямаЯк ні круці, але ж, вядома, лепей сваё, і чым больш натуральнае, тым здаравейшае. Нездарма наша краіна завецца краем рэк і азёр. А ў азёрах і рэках спрадвеку вадзіліся шчупакі, карасі, плоткі. Толькі вось купіць названую рыбу ў нас пакуль што вельмі складана. Рыбгасы вырошчваюць у асноўным карпа. Статыстыка за мінулы год такая: карпа, белага амура і таўсталобіка вырашчана 15,3 тысячы тон, карася — 640 тон, шчупака 111 тон, іншых відаў рыб — па некалькі дзясяткаў тон.

Ёсць і іншая статыстыка, якую вядуць адпаведныя службы Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарчу, гэта паказчыкі здабычы і вытворчасці рыбы на арандаваных вадаёмах. Паводле слоў спецыяліста названай установы Уладзіміра Бадрэўскага, на Брэстчыне ў арэндзе знаходзіцца 15,2 тыс. гектараў азёр і сажалак, 22 участкі рэк працягласцю 338 кіламетраў. Калі меркаваць па справаздачнасці, арандатары таксама прадаюць насельніцтву рыбу. Толькі вось на рынках Брэста штодзень, а ў выхадныя дні — па некалькі машын рыбгасаў вядуць гандаль. Сустрэць жа прыватніка з яго азёрнай і рачной рыбай вельмі складана.

Адным з паспяховых арандатараў у вобласці лічыцца фермерская гаспадарка Надзеі Федзюковіч у Іванаўскім раёне. Надзея Міхайлаўна расказала, што за 2009 год яны прадалі 16,4 тоны рыбы, а летась — 18,3 тоны. Фермер мае ў арэндзе два вадаёмы для прамысловай вытворчасці і некалькі сажалак для вырошчвання малька. Па сутнасці, гаспадарка працуе, як маленькі рыбгас. І вырошчвае карпа. Шчупака, паводле слоў Надзеі Федзюковіч, гадаваць нявыгадна. Каб рыба вырасла на кілаграм, ёй трэба спажыць 10 кілаграмаў корму. Таму карп — адзіная выгадная вытворчасць. Сваю прадукцыю фермер прадае ў Іванаве на рынку, часам вывозіць у Пінск, Столін.

А вось фермерская гаспадарка Вячаслава Батырава пад Брэстам цікавая тым, што фермер не корміць сваю рыбу камбікормам, яна гадуецца на натуральных прыродных кармах. Вячаслаў Батыраў арандуе вадаёмы, якія ўтварыліся на месцы былой торфараспрацоўкі. Там багатая расліннасць. Гаспадар купляе і запускае малька, потым ловіць рыбу. Усё б нічога, але выхад гатовай прадукцыі з гэтай гаспадаркі вымяраецца калі адной, калі дзвюма тонамі. Гэта, вядома, вельмі мала.

Таму праблем з продажам практычна не бывае. Вячаслаў Аляксандравіч кажа, што збывае рыбу ў сталовую мясцовага СВК вёскі Чарнаўчыцы, бывае, возіць у аддаленыя вёскі, дзе бабулькі з задавальненнем купляюць, а то і прадае рыбакам на беразе. Фермер аказвае паслугі па арганізацыі платнай рыбалкі. На базар рыбу вывозіць вельмі рэдка. Аднойчы завёз у Брэст на рынак дробную плотку і здзівіўся — адразу чарга выстраілася, разабралі вельмі хутка.

Нічога тут дзіўнага няма. Бо для гарадскога чалавека натуральная рачная рыба амаль што далікатэс, крыніца карысных элементаў, неабходных для арганізма.

У фермера свой погляд на праблему развіцця арэнднага рыбаводства. Вячаслаў Батыраў лічыць, што ў цяперашняй цэнавой сітуацыі рыба ў нас неапраўдана танная. Калі агурок, які вырошчваюць два месяцы, каштуе каля 10 тысяч рублёў за кілаграм, то рыбу, што расце два гады, прадаваць за 6-7 тысяч няма сэнсу. Цэны на малькоў скокнулі нядаўна ў паўтара раза. А калі купляць камбікорм, спачувае ён рыбным гаспадаркам, — то пры такіх цэнах на прадукцыю наогул выжыць складана.

Далей, каб весці гаспадарку, трэба праводзіць рэканструкцыю вадаёмаў. Бо, напрыклад, рыба-вярхоўка, якой вельмі шмат у нашай вадзе, здольная з'ядаць ікру і малька ўсёй астатняй рыбы, ад вярхоўкі неабходна пазбаўляцца. У фермера на такія мерапрыемствы сродкаў няма. У Польшчы, паводле інфармацыі Вячаслава, калегам дапамагае дзяржава. У папярэднія гады, а Батыраў працуе як фермер з 2006 года, ён таксама адчуваў падтрымку Брэсцкага райвыканкама, цяпер па зразумелых прычынах, атрымаць яе будзе складана. Але ж гаспадар зарэгістраваны як фермер цэлую пяцігодку, да гэтага ён займаўся тым жа відам дзейнасці як індывідуальны прадпрымальнік. Часу прайшло дастаткова, каб стаць на ногі. Толькі вось вынікі работы ў кантэксце ўсяго гаспадарчага комплексу пакуль сціплыя. І ў гэтага фермера, і ў іншых яго калег.

Вядома, ёсць відавочныя плюсы ад арэнды вадаёмаў прыватнымі асобамі. І яны ў тым, што добраўпарадкоўваецца вадаём і навакольная тэрыторыя, своечасова прыбіраецца смецце, падтрымліваецца парадак. Але ж хацелася б, каб карысць ад новай формы рыбаводства адчуў і кожны патэнцыйны пакупнік, каб рачная рыба стала даступным таварам на рынку.

***

Аднойчы давялося чытаць, што ў Францыі адразу пасля вайны шчупака давалі па талонах для малых дзяцей і асоб, старэйшых за 80 гадоў. Тамтэйшыя медыкі палічылі, што ў гэтай рыбе змяшчаюцца асабліва карысныя для арганізма рэчывы. У нас цяпер і рыбгасаўскага шчупака купіць пакуль амаль немагчыма. Успомніўся кур'ёзны выпадак. Гады чатыры таму на абласных дажынках у Жабінцы мясцовы рыбгас "Сакалова" прывёз на гандлёвую плошчу цэлую машыну шчупака. Дык нейкаму "эстэту" з арганізатараў падалося, што гэтая машына не ўпісваецца ў агульную карціну свята, ён узяў і прагнаў рыбгасаўцаў. Яны тады паехалі ў Брэст, прадалі тавар за гадзіну. А ўдзельнікі абласнога кірмашу так і не паспыталі смачнай рыбкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Пра водпуск і закон

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика