Лесвіца, драбіны, лескі

Источник материала:  

Драбіны — абавязковая хатняя прылада, каб уздымацца на гарышча або апускацца ў склеп. У народнай, а пазней і хрысціянскай сімволіцы лесвіца ўяўляла сабой сувязь паміж небам і зямлёй, а таксама ўзыходжанне на неба. У казках даволі часта сустракаецца матыў, як галоўны герой узбіраецца на неба па лесках. У славянскіх замовах апісваецца залатая лесвіца, па якой з Нябёсаў на зямлю спускаюцца Гасподзь або Багародзіца, каб дапамагчы хворым або знямоглым ад бед і напасцяў людзям.

 Калісьці ў кожнай сям'і выпякалі "лесвічкі" ў гонар Іаана Лесвічніка, які ўшаноўваецца па царкоўным праваслаўным календары 12 красавіка. Пасля таго, як вярталіся з царквы, уся сям'я сядала снедаць. Гаспадыня кожнаму з дамачадцаў давала печыва ў выглядзе драбін. З'есці яго неабходна было акуратна, папярочку за папярочкай. Усё гэта сімвалізавала ўзыходжанне ў будучым жыцці на неба. Калі ў кагосьці ў руках лесвічка ламалася, гэта прадказвала няшчасце.

 Такое ж печыва ("лесвіцы", "лесвічкі") пяклі на шостым тыдні ў чацвер (саракавы дзень) пасля Вялікадня — на Ушэсце. Ушэсце разумелася літаральна як "рост", "пад'ём", "узыходжанне". Паўсюдна ў гэты дзень пяклі з цеста "лесвічкі", асвячалі іх у царкве і неслі ў поле. Там кожны на сваіх палетках маліўся на чатыры бакі, падкідваў лесвічку дагары, казаў: "Святы Ушэснік колас точыць". Пасля гэтага загадвалі жаданні і з'ядалі сваю "лесвічку".

 Той, хто хацеў палепшыць сваё становішча, павінен быў употай ад усіх сам спячы такую лесвічку і з'есці яе, сказаўшы: "Гасподзь высока над намі, а я, людзі, вышэй над вамі. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін".

 Сярод усходніх славян і сёння існуе меркаванне, што прайсці пад прыстаўленымі да сцяны лескамі — наклікаць бяду. Аркі, утвораныя пры дапамозе драбін ці слупа і драўлянай падпоркі ў народзе звалі "цыганскай брамай". Прайсці пад такой аркай заўсёды лічылася дрэннай прыкметай: будзе моцна балець галава, не будзе грошай, адбудзецца няшчасце і г.д. Яшчэ і сёння можна ўбачыць пратаптаныя сцежкі, якія "абыходзяць" так званую "цыганскую браму". Прыхіленыя драбіны ўтвараюць трохкутнік. Трохкутнік заўсёды сімвалізаваў Тройцу. Прайсці праз такі "трохкутнік" — значыць, "абразіць" Тройцу і дапамагчы нячыстым сілам.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Пра водпуск і закон

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика