Чалавек проста абавязаны добра маляваць. Міхаіл Байкоў гатоў амаль з кожнага дзіцяці вырасціць мастака

Источник материала:  
Чалавек проста абавязаны добра маляваць.
Міхаіл Байкоў гатоў амаль з кожнага дзіцяці вырасціць мастака

Міхаіл Пятровіч Байкоў займаецца жывапісам ужо больш за трыццаць гадоў... Сёння ён заклапочаны пошукам пераемніка. Ні сын, ні дачка не пайшлі па бацькоўскай сцежцы, абралі тэхнічныя прафесіі. Унук, па прызнанні мастака, малюе даволі добра, але наймацнейшае яго захапленне — футбол. Між тым Міхаіл Пятровіч лічыць, што з кожнага дзіцяці можна вырасціць мастака.

Дакладныя навукі

Міхаіл Байкоў — асоба ў Чашніцкім раёне, ды і за яго межамі вядомая. Справа ў тым, што ён малюе пейзажы роднага краю, якія запатрабаваны і ў Беларусі, і за мяжой. Працы мастака ёсць у галерэях Мінска, Віцебска, Даўгаўпілса і нават у пасольствах Фінляндыі і Ізраіля ў нашай краіне. Да кар’еры мастака Міхаіл Пятровіч рыхтаваўся яшчэ са школьнай лаўкі. Вучыў яго таямніцам малявання дзядзька — вядомы беларускі мастак Ягор Ягоравіч Батальёнак. Мэтр жадаў, каб пляменнік паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. — Пасля заканчэння ВНУ думаў, што буду мастаком, — успамінае Міхаіл Байкоў. — Юнацкі максімалізм...Замест кар’еры мастака Міхась Пятровіч пайшоў працаваць у сельскую школу. Жывапіс стаў для настаўніка хобі. Ён кожную вольную хвіліну прысвячаў любімай справе. Карціны Байкова пачалі выстаўляць у цэнтральнай галерэі, Саюзе мастакоў.— Мусіць, людзей падкупляе тое, што пішу я ў асноўным прыроду Чашнікаў, у якую закаханы з дзяцінства, — разважае мастак. — Тут цудоўная прырода. Асабліва ўначы... Святло ў цёмны час сутак асаблівае, надае наваколлю нешта таямнічае. Я шмат ездзіў па свеце, бачыў шмат прыгожых месцаў, але няма ў іх такой душы, як у прыроды маёй малой радзімы.

Більярдных спраў майстар

Цяпер у Міхаіла Пятровіча з’явіліся вучні. Бацькі школьнікаў часта просяць Міхаіла Пятровіча пазаймацца з іх дзіцем. А той ніколі не адмаўляе. І калі выяўляе, што дзіця таленавітае, то і грошай за заняткі не бярэ. Кажа, што бачыць, як запальваюцца ў малых вочы, калі яны бяруць у руку пэндзлік і фарбы. — Калі ўзяць 100 чатырох-пяцігадовых дзяцей, то 95 з іх могуць стаць мастакамі, — лічыць настаўнік. — Прыродай гэта закладзена. У Японіі лічыцца, што чалавек проста абавязаны добра маляваць. Там у школах велізарная ўвага надаецца выяўленчаму мастацтву. Лічыцца, што дзякуючы маляванню кожны чалавек можа выказаць свае думкі. Намаляваўшы нешта, прасцей данесці да чалавека нейкую думку. Словамі ўсяго не выкажаш. Напрыклад, калі брат рамантуе машыну і звяртаецца да мяне за парадай, я малюю схему, і яму ўсё адразу становіцца зразумела.Метады выкладання майстар у сакрэце не трымае. Ён сцвярджае: галоўнае — не сапсаваць густ дзіцяці, не парушыць яго светаўспрыманне. — Большасць выкладчыкаў адразу прымушаюць вучняў пачатковых класаў маляваць канкрэтныя рэчы: стол, кветкі, сонейка, — тлумачыць Міхаіл Пятровіч. — А малыя ўспрымаюць усё на эмацыянальным узроўні і ў маленькім узросце “крэмзаюць” на паперы абстрактныя рэчы. Я лічу, што не трэба пачынаючаму мастаку перашкаджаць, трэба даваць творчую свабоду. Тады з маленькага чалавечка вырасце індывідуальнасць, творчая асоба. А справа настаўніка — навучыць тэхніцы малявання, паказаць асноўныя прыёмы. Дарэчы, ёсць у Міхаіла Пятровіча яшчэ адно хобі. Мастак захапляецца більярдам і нават сам зрабіў стол для гульні. Спачатку сам удасканальваў свае ўменні, а зараз трэніруе юнакоў. Адзін з вучняў Міхаіла Пятровіча нават уваходзіць у юнацкую зборную Беларусі па більярдзе.— Хлопец вельмі таленавіты і гуляе ўжо лепей за настаўніка, — усміхаецца мастак. — У яго і зрок больш пільны, і рука мацнейшая.

Сын — інжынер.Унук — футбаліст?

Нягледзячы на тое, што маляваць атрымліваецца ўсё радзей і радзей, планаў у Міхаіла Пятровіча звышдастаткова. У яго майстэрні чакае сваёй чаргі мноства эскізаў. А сам майстар задумаў некалькі маштабных палотнаў.— Мой сын у дзяцінстве маляваў проста выдатна, — расказвае Міхась Пятровіч. — Выйграваў рэспубліканскія конкурсы. Цяпер ён астыў да жывапісу і стаў інжынерам. А гадоў 20 назад за дзень выдаваў па цэлай пачцы малюнкаў. Былі цэлыя серыі: пра піратаў, па матывах Грунвальдскай бітвы. На аснове гэтых прац я мару намаляваць карціну. Хоць сын і не пайшоў па бацькоўскай сцежцы, Міхаіл Пятровіч усё ж спадзяецца, што некалі ў яго з`явіцца пераемнік, які з такой жа любоўю будзе адлюстроўваць на палатне прыгажосць роднай зямлі і з часам перасягне свайго настаўніка.

←Родны кут старых вясковых звычак. Турысты з Польшчы і Галандыі едуць на Лепельшчыну, каб пагуляць у “Жаніцьбу Цярэшкі”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика