Карона і авацыі гледачоў. Дзе жывуць самыя прыгожыя і звонкія?
Вясной, калі абуджаецца прырода, на Браслаўшчыне адбываюцца самыя яскравыя і запамінальныя падзеі.
Сапраўдным святам маладосці, прыгажосці і таленту стаў фінал раённых конкурсаў “Маладыя галасы” і “Міс Браслаў-2011”. Менавіта гэтая падзея ў красавіку збірае ўсіх браслаўчан і гасцей сінявокага краю ў раённы Дом культуры. У апошнія гады гэтыя два конкурсы праходзяць на Браслаўшчыне на ўра. За сваю амаль дваццацігадовую гісторыю імпрэза “Міс Браслаў” набыла індывідуальныя рысы і традыцыі. Тыя, хто калісьці атрымаў ганаровы тытул першай прыгажуні, сёння прыводзяць паспрачацца за званне сваіх дачок. А вось конкурс “Маладыя галасы” літаральна за два гады са звычайнага раённага агляду ператварыўся ў мэтанакіраваны пошук новых маладых талентаў. З года ў год канкурсанты імкнуцца зрабіць свае выступленні непаўторнымі, і справаздачныя канцэрты сталі ўсё больш і больш нагадваць шоу. Акрамя таго, расце і прафесіянальны ўзровень вакалістаў. І нават улічваючы, што падобнымі мерапрыемствамі сёння нікога не здзівіш, яны праходзяць па ўсёй Беларусі, арганізатарам удаецца знайсці сваю “фішку”.У мінулым годзе, напрыклад, фіналы конкурсаў упершыню аб’ядналі і правялі падчас міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Тым самым узраслі значнасць і статус падзеі. На думку старшыні Браслаўскага райвыканкама Пятра Гішкелюка, сярод моладзі многа таленавітых людзей, і менавіта такія конкурсы, дзе ёсць месца здаровай канкурэнцыі, дапамагаюць іх выявіць.Сёлетнія імпрэзы таксама праходзілі пад патранатам райвыканкама. Вакальныя даныя 18 салістаў і прыродную прыгажосць 10 фіналістак “Міс Браслаў” ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя кампазітары Святаслаў Пазняк і Уладзімір Карызна, доктар Дзмітрый Сайкоў, зямляк браслаўчан, паэт, кампазітар, выканаўца папулярных песень, да нядаўняга саліст расійскай групы “Белый орёл” Леанід Лютвінскі. Кожны ўдзельнік конкурсу не хаваў радасці ад таго, што прафесіяналы такога высокага ўзроўню ацэняць іх талент.Вызначыць лепшых было не так і лёгка, бо на першы погляд усе дастойныя. У калекцыях “Вось такая я!”, “Народная”, “Мой стыль”, “Пляжная”, “Вясельная” юныя прыгажуні расказвалі пра свае захапленні, дэманстравалі адзенне, сканструяванае сваімі рукамі, падарылі гледачам асалоду ад чыстых, светлых і пранікнёных вобразаў нявест. Юныя салісты ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў радавалі прысутных звонкімі галасамі, сваёй яркасцю і непасрэднасцю. Сёстры Алена і Марыя Мазур удзельнічалі нават у абодвух конкурсах, чым здзівілі публіку. А тытул “Міс Браслаў” і карона па праву дасталіся Аляксандры Цвятковай. Дзяўчына пакарыла журы сваёй прыгажосцю і ўменнем трымацца на сцэне.
У тэму
Уладзімір КАРЫЗНА, лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў, член Беларускага саюза кампазітараў:— Мы ўпэўніліся, што на Браслаўшчыне жывуць талент, музыка і прыгажосць. І гэта ці не адно з найгалоўнейшых багаццяў нашай краіны. Для сябе я таксама адзначыў, што ўзровень браслаўскага раённага конкурсу не саступае, а можа, і на парадак вышэй узроўню сталічных конкурсаў такога кшталту. Асобны дзякуй мастацкім кіраўнікам, якія аддаюць нашым дзецям душу”.
Спявак Леанід ЛЮТВІНСКІ: “Мне прыходзілася ацэньваць канкурсантаў на шматлікіх еўрапейскіх міжнародных конкурсах, і не толькі песенных. Хачу сказаць, што Браслаўшчына вырасціла дастойных для іх канкурэнтаў. Жадаю пераможцам самаўдасканальвацца і ні ў якой сітуацыі не ўступаць карону.