Каб пракалоць і не "пракалоцца"

Источник материала:  

Каб пракалоць і не "пракалоцца"Пірсінг — працэс праколвання якой-небудзь часткі цела з далейшым усоўваннем туды металічнага ўпрыгажэння. Папулярнасць гэтага віду "самаўпрыгожвання" няўхільна расце. Праколваць стала модным усё на свеце: ад цнатліва-какетлівага пупка і левай ноздры (лічыцца, што гэта апошняя лакацыя прысвечана індыйскай багіні кахання Лакшмі) да адкрыта задзірлівых праколаў языка, саскоў і геніталій. Прычым малюсенькімі дзірачкамі ў мяккіх тканках справа не абмяжоўваецца. Сярод экстрэмалаў модныя так званыя "тунэлі", калі дзірка ў плоці расцягваецца да некалькіх сантыметраў. Прыхільнікі пірсінгу лічаць яго ледзь ці не лепшым спосабам самавыразіцца, а заадно і прастымуляваць энергетычныя кропкі. Праціўнікі — і сярод іх нямала медыкаў — заклікаюць ставіцца да пірсінгу асцярожна, кіруючыся прынцыпам: сем разоў адмерай і толькі адзін — прадзіраў.

Думаеце, "пракалоўся і пайшоў"? Не ўсё так проста! Перш чым рашыцца на гэту працэдуру, узважце ўсе "за" і "супраць".

Плюсы:

l У адрозненне ад татуіроўкі, добра зроблены пірсінг — сапраўдны трансформер. Праз нейкі час, калі "болт" надакучыць, упрыгажэнне можна зняць і зноў займець цывілізаваны выгляд.

l Пірсінг — гэта спосаб вылучыцца з натоўпу, выглядаць больш прывабна.

l Пірсінг у інтымных месцах (саскі, геніталіі) павялічвае задавальненне ад сэксуальных ласк.

Мінусы:

l Які б від пірсінгу вы ні выбралі, першыя 2 тыдні неабходна выключыць наведванне саўны, басейна, купанне ў прыродных вадаёмах.

l Няўважлівыя адносіны да праколатага месца могуць прывесці да мясцовых інфекцый, абсцэсу або заражэння крыві.

l Не ўсе "пярсцёнкі" і "цвічкі" бясшкодныя. Напрыклад, пірсінг на языку або губах — прамая пагроза здароўю дзяснаў і зубоў. Акрамя таго, упрыгажэнне ў языку можа стаць прычынай частых і працяглых рэцыдываў герпесу вуснаў і ротавай поласці.

l Няспыннае стымуляванне любой эрагеннай кропкі ў рэшце рэшт прыводзіць да зніжэння адчувальнасці ці нават да поўнага яе знікнення.

l Пры незахаванні падчас працэдуры гігіенічных нормаў рэзка павышаецца рызыка інфіцыравання ВІЧ, віруснымі гепатытамі і інш. Таму выбірайце салон і майстра, у якога ёсць ліцэнзія на падобнага роду дзейнасць.

l У "правільным" салоне павінны пацікавіцца вашым узростам: калі вам яшчэ не споўнілася 18 гадоў, то пірсінг робіцца толькі пры наяўнасці згоды бацькоў.

Але вось выбар зроблены, пракол — таксама, у яго ўстаўлена выбранае ўпрыгажэнне. Цяпер — самы адказны момант: граматна прайсці праз працэс загойвання.

Ранку неабходна апрацоўваць двойчы на дзень дэзынфікуючым растворам. Для прамывання ранкі варта выкарыстоўваць толькі прэпараты, якія рэкамендаваў майстар па пірсінгу (дарэчы, апошні павінен расказаць вам, як трэба даглядаць месца праколу для яго больш хуткага загойвання і прафілактыкі магчымых ускладненняў у далейшым). Да поўнага загойвання нельга вымаць упрыгажэнне. Каб прадухіліць засыханне, трэба перыядычна на працягу першага тыдня перасоўваць упрыгажэнне ў сфарміраваным канале.

Практычна ва ўсіх выпадках з праколатага месца выдзяляецца лімфа. Гэта не з'яўляецца прыкметай інфекцыі, але лімфу, якая застывае, неабходна счышчаць з упрыгажэння, праціраючы яго тампонам, намочаным у растворы перакісу вадароду. У выпадку выдзялення вялікай колькасці лімфы неабходная кансультацыя ўрача.

Пры пірсінгу пупка знаўцы рэкамендуюць пастаянна насіць ахоўны антыбактэрыяльны тампон 1—2 тыдні, а ў астатніх выпадках, калі працэс загойвання ідзе больш марудна, чым гэта ўяўлялася ў ідэале, накладваць антысептычны кампрэс на ноч.

Калі пірсінг зроблены на губах або языку, ротавую поласць неабходна 3—5 разоў на дзень, асабліва пасля яды, паласкаць спецыяльным стаматалагічным растворам. На ўвесь час зарастання праколу ў роце неабходна адмовіцца ад курэння і ўжывання алкаголю, інакш працэс загойвання расцягнецца надоўга.

Увага! Пры ўскладненнях — пачырваненні, прыпухласці, свербе — адразу звяртайцеся да ўрача. Як і любое хірургічнае ўмяшанне, працэдура пірсінгу можа аказацца небяспечнай у руках непрафесіяналаў. Яе правядзенне можа пагражаць вялікай кровастратай пры праколванні языка, а на твары і ў вушах размешчана шмат важных сасудаў і нерваў, пашкодзіўшы якія можна нанесці значную шкоду. Асабліва балючае пашкоджанне нерва твару.

Пірсінг супрацьпаказаны:

l Пры абвастрэнні любых хранічных захворванняў.

l Пры наяўнасці скурных (псарыяз, экзэма) і сістэмных (чырвоная ваўчанка, сістэмная склерадэрмія і інш.) хвароб.

l Пры дрэннай згусальнасці крыві, пры любых захворваннях з парушэннем працэсу эпітэлізацыі (цукровы дыябет, гепатыты і інш.).

l Пры схільнасці да ўтварэння келоідных (выпуклых) рубцоў.

l Не рэкамендуецца рабіць пірсінг пры павышанай тэмпературы, наяўнасці псіхічных расстройстваў, пасля цяжкіх траўм, падчас аслаблення арганізма (менструацыя, цяжарнасць у жанчын).

l Пры наяўнасці алергічнай рэакцыі на прэпараты лідакаінавай групы (пры праколе з анестэзіяй) або на металы.

Увага! Выбіраючы ўпрыгажэнне для пірсінгу, звяртайце ўвагу не толькі на яго форму, але і на склад. Сучасныя пірсінг-упрыгажэнні робяцца з тытану, хірургічнай сталі і іншых гіпаалергенных матэрыялаў. Некаторыя ж металы, напрыклад, нікель, медзь, здольныя выклікаць алергію. (Часта чалавек проста не падазрае ў сябе наяўнасці такой непрыемнай асаблівасці арганізма. Хоць выяўляецца гэта дастаткова проста: звярніце ўвагу на месцы, дзе скура судакранаецца, напрыклад, з металічным гузікам або заклёпкамі на джынсах. Калі ў гэтых месцах ёсць пачырваненні, лепш не рызыкаваць.)

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←Байцы мінскага клуба «Патрыёт» пазнаёмілі палякаў з беларускай мовай

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика